Адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў Беларусi як дар Божай міласэрнасці (у кантэксце Гродзенскай дыяцэзii)
1. Эмінэнцыя, найдастойнейшы кардынал Зянон Грахалеўскі, легат Яго Святасцi Папы Францiшка на Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс!
Глыбокапаважаны біскуп Аляксандр Кашкевіч - Гродзенскi ардынарый, якi адзначае сярэбраны юбiлей бiскупскага пасвячэння, з чым яго сардэчна віншую i жадаю Божага благаслаўлення на далейшае служэнне гродзенскаму Касцёлу, Касцёлу ў Беларусi i сусветнаму Касцёлу!
Вашы Эксцэленцыі, выкладчыкі i выхавацелі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, члены супольнасцяў апостальскага жыцця, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, свету навукі і культуры, дарагія браты і сёстры!
Год Надзвычайнага Юбiлею Божай Мiласэрнасцi адначасова з’яўляецца годам сярэбранага юбiлею адраджэння структур Каталiцкага Касцёла ў Беларусi, што 25 гадоў таму стала надзвычайным праяўленнем Божай мiласэрнасцi на выпаленай сонцам атэізму i знішчанай духоўным Чарнобылем зямлі.
Пасля трох пакаленняў ганенняў прыйшла доўгачаканая свабода веравызнання. У нашай краiне распачаўся працэс духоўнага адраджэння, у вынiку чаго ў 1991 г. была заснавана Мiнска-Магiлёўская мiтраполiя, у якую ўвайшлі аднайменная архiдыяцэзiя, новаствораная Гродзенская дыяцэзiя i адроджаная Пiнская дыяцэзiя.
2. Хрысціянства на нашы землі прыйшло яшчэ напрыканцы X стагоддзя. Вядома, што ў 986 г. у Полацку былі заснаваны царква і кляштар усходняга абраду св. Яна Хрысціцеля, а ў 1005 г. у Тураве быў заснаваны касцёл лацінскага абраду1. Такім чынам як само хрысціянства, так і Каталіцкі Касцёл у нашай краіне існуюць ужо больш за тысячу гадоў.
Яго гісторыя няпростая. Гэта гісторыя росквіту i адначасова гісторыя жорсткіх ганенняў. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на пераследы веры ў царскія часы i часы атэістычнага рэжыму, які панаваў на ўсходзе Беларусi цэлыя тры пакаленні, а на захадзе – каля двух. Да гэтага таксама неабходна далучыць няпростую сітуацыю Касцёла падчас гітлераўскай акупацыі нашых земляў.
Часамі здавалася, што Касцёл ужо ніколі не адродзіцца і ніколі на нашай зямлі не будзе абвяшчацца Евангелле, на вежах касцёлаў не зазвоняць званы, а дзецi не пазнаюць вечна жывой Божай праўды. Але тое, што не магчыма чалавеку, становіцца магчымым Богу, чаго сведкамі i ўдзельнікамі мы з’яўляемся.
Шлях да адраджэння быў доўгі i складаны. Сёння трэба дзякаваць бязмежнаму ў сваёй міласэрнасці Богу, які ў сваім неспасцiгальным Провiдзе вёў Касцёл у Беларусі шляхам адраджэння праз многія выпрабаванні. Трэба дзякаваць нешматлікім святарам, якія ў часы ганенняў дваіліся i траіліся, каб толькі падтрымаць агеньчык веры ў людзях. Трэба дзякаваць нашым бацькам i дзядам, якія ўзялі на сябе цяжкі i складаны абавязак перадачы веры маладому пакаленню на простых малітвах, лiтанiях i хрысціянскіх традыцыях. Трэба згадзіцца са словамі святой памяці выдатнага тэолага i філосафа, Мітрапаліта Люблiнскага арцыбiскупа Юзафа Жыцiнскага, які падчас першага Сiнода Бiскупаў Еўропы ў 1991 г. сказаў, што для захавання i перадачы веры больш зрабілі простыя бабулi, чым вучоныя тэолагi.
3. Гісторыя станаўлення і адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі вельмі складаная. Як вядома, у XIII-XVIII стагоддзях Беларусь была часткай Вялікага княства Літоўскага, у якiм у часы Рэчы Паспалітай былі дзве дыяцэзіі: Жмудская для рэгіёну Жмудзі і заснаваная ў 1388 г. Віленская2. Гэта азначае, што ўжо ў XIV стагоддзі на нашых землях iснавалi сталыя структуры Каталіцкага Касцёла, і менавіта з таго часу каталіцызм стаў актыўна распаўсюджвацца на нашай зямлі.
У 1773 г. імператрыца Кацярына II самавольна ўстанавіла Беларускае біскупства. Гэта быў не згодны з нормамі кананічнага права акт царскага ўраду Расіі. Пасля доўгіх дыпламатычных перамоваў Папа Пій VI у 1783 г. зацвердзіў яго са статусам Магілёўскай дыяцэзіі. Першым яе ардынарыем стаў біскуп Cтаніслаў Богуш-Сэстранцэвіч. У 1798 г. статус Магiлеўскай дыяцэзii быў падняты да ўзроўню архiдыяцэзii, а яе ардынарый стаў першым Магiлеўскiм Мітрапалітам з рэзідэнцыяй у Санкт-Пецярбургу, што само па сабе павышала статус Каталіцкага Касцёла ў Расійскай імперыi. Магілёўскаму Мітрапаліту падпарадкоўваліся ўсе католікі Расіі.
Асаблівай увагі заслугоўвае вельмі складаная гісторыя Мінскай дыяцэзіi, якая была заснавана Папам Пiем VI у 1798 г. Першым яе біскупам стаў вельмі дынамічны Віленскі канонік Якуб Дэдэрак, пад кіраўніцтвам якога дыяцэзiя развівалася вельмі добра. Аднак яе лёс, таксама як i лёс Каталіцкага Касцёла ва ўсёй Беларусi, пачаў вельмі моцна змяняцца, прычым у горшы бок, пасля трэцяга раздзелу Рэчы Паспалiтай у 1795 г. i паражэння паўстання Калiноўскага ў 1863 г. Тады Касцёл спазнаў новы пераслед, зачыняліся касцёлы i кляштары, лiквiдвалiся семінарыі i іншыя касцёльныя ўстановы. Каля трохсот святароў былі высланы ў Сiбiр.
У 1868 г. царскія ўлады без згоды Апостальскага Пасаду ліквідавалі Мінскую дыяцэзію, у выніку чаго мінскі Касцёл быў падпарадкаваны Віленскай дыяцэзіі, якую таксама не заўсёды ўзначальвалі біскупы3.
Дзейнасць Мінскай дыяцэзіі была адноўлена толькі пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года. Яе ардынарыем стаў Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі, які, аднак, у 1921 г. з-за пераследу павінен быў пакінуць дыяцэзію.
У выніку Рыжскай мірнай дамовы 1921 г. на ўсходзе Еўропы змяніліся межы дзяржаў. Менавіта тады ў 1925 г. Апостальскі Пасад заснаваў Пінскую дыяцэзію, тэрыторыя якой у той час належала Польшчы. Як першым ардынарыем стаў вышэй узгаданы Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі
4. Палітыка камуністычных уладаў была прасякнута духам нянавiсцi да рэлiгii, якая паводле Карла Маркса з’яўляецца опiумам для людзей. У выніку савецкая ўлада распачала не бачныя дагэтуль ганенні на рэлігію i паступова разбурала структуры Каталіцкага Касцёла ў былым Савецкім Саюзе. У Мiнску не было бiскупа. Магiлёўскi арцыбiскуп Ян Цепляк апынуўся на лаве падсудных на славутым працэсе каталіцкага духавенства ў сумна вядомай маскоўскай Лубянцы i быў асуджаны на кару смерці. Толькі міжнародныя пратэсты ўратавалі яго жыццё. Смяротнае пакаранне было заменена на дзесяць гадоў вязніцы. Пазней ён быў высланы ў Польшчу.
Разам з ім быў асуджаны на смерць кс. Канстанцiн Буткевiч, якi быў расстраляны ў пасхальную ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка 1923 г. Гэтым самым атэісты хацелі паказаць, што не Уваскрослы Хрыстус, а яны з'яўляюцца валадарамі свету.
З мэтай, па меры магчымасці, падтрымаць жыццё Касцёла i яго пастырскую дзейнасць Папа Пій XI у 1926 г. падзяліў Магілёўскую архідыяцэзію на пяць апостальскіх адміністратур: у Магілёве, Маскве, Ленінградзе, Харкаве і Казані, Самары і Сімбірску. Мінскім і Магілёўскім Апостальскім адміністратарам быў прызначаны біскуп Балеслаў Слосканс, які пасля шматлікіх арыштаў у 1933 г. быў высланы ў Латвію.
Такім чынам на пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя Каталiцкi Касцёл у Беларусi быў абезгалоўлены.
Важным у гісторыі каталіцызму ў Беларусі з’яўляецца 1939 год. У той час на далучаных да Беларусi заходніх тэрыторыях знаходзілася 446 касцёлаў і 14 кляштараў, працавалі 617 святароў4. З аднаго боку гэта было якасна значнае ўзмацненне знішчанага савецкімі ўладамі Касцёла ў Беларусi. З іншага ж, i на гэтых тэрыторыях Касцёлу быў падрыхтаваны лёс пераследу. Прыкладам можа служыць гісторыя кардынала Казiмiра Свёнтка. Будучы маладым святаром, ён у 1941 г. быў арыштаваны i асуджаны на смяротнае пакаранне, выканання якога чакаў у Брэсцкай вязніцы.
Падчас гітлераўскай акупацыі у часы II Сусветнай вайны ў некаторых раней канфіскаваных касцёлах распачаліся набажэнствы, як, напрыклад, у мiнскай катэдры Iмя Найсвяцейшай Панны Марыi ці касцёле свв. Сымона i Алёны ў Мiнску. Аднак у той жа час немцы арыштоўвалі святароў i нават расстрэльвалі іх. Прыкладам можа служыць трагічны лёс кс. Вiнцэнта Гадлеўскага, якога немцы арыштавалі ў мiнскiм касцёле свв. Сымона i Алены i ў вiгiлiю Божага Нараджэння 1942 г. расстралялі ў Трасцянцы пад Мiнскам. Падобных прыкладаў можна знайсці значна больш.
5. Пасля II Сусветнай вайны частка Віленскай архідыяцэзіі, якая знаходзілася на тэрыторыі Беларусі, засталася без біскупа. Пераслед, які спазнаў Каталiцкi Касцёл на ўсходзе Беларусi яшчэ ў 30-х гадах мінулага стагоддзя, стаўся яго ўдзелам i на захадзе краiны.
Людзей арыштоўвалі ні за што. Я быў малы, але добра памятаю арышты ў маёй роднай вёсцы Адэльску. Аднойчы ноччу арыштавалі сям’ю, якая жыла на нашай вуліцы i была, можа, крыху больш заможнай за іншых, i вывезлі ў Казахстан. Я прачнуўся, моцна перапалохаўся, не ведаю чаму, але выскачыў праз акно i пабег да суседзяў, у якіх часта бываў i кампанаваў з iх дзецьмi. Нехта пачаў страляць у мой бок. Памятаю, які перапалох агарнуў усіх жыхароў вёскі. Усе пыталіся, хто наступны.
Да малога Адэльска таксама даходзілі чуткі пра арыштаваных святароў. У тыя часы нават была такая прыказка: “Дайце нам святара, а артыкул мы знойдзем”. Некаторыя святары выехалі ў Польшчу. Усё гэта азначае, што вернікі заставаліся без духоўнай апекі.
Такім чынам у выніку распачатых яшчэ ў 20-я гады мінулага стагоддзя ганенняў, якія працягнуліся i пасля II Сусветнай вайны, Каталіцкі Касцёл у Беларусі застаўся без біскупаў, а колькасць адчыненых касцёлаў i святароў з кожным днём катастрафічна змяншалася. Былі зачынены ўсе кляштары. У выніку чаго ў Магілёўскай i Гомельскай абласцях не засталося ніводнага дзейнiчаючага касцёла i ніводнага святара, які мог бы афiцыйна там служыць.
6. Часам нельга знайсці рацыянальнага вытлумачэння дзейнасці аслепленых атэістычнай iдэалогiяй уладаў. Бо калi iм не падабалася дзейнасць Касцёла i i яны канфіскоўвалі і зачынялі касцёлы, перараблялі іх у клубы i фабрыкі, то нашто ж трэба было iх руйнаваць? Іх блізарукасць стала прычынай знішчэння шматлікіх помнікаў сакральнай архiтэктуры.
Возьмем цэнтр г. Гродна. Насупраць бернардынскага касцёла Узвышэння Святога Крыжа знаходзіўся кляштар сясцёр бернардынак. Падчас Другой сусветнай вайны ён быў даволi моцна пашкоджаны. Аднак улады замест таго, каб перадаць яго Касцёлу або нават самім адбудаваць, разбурылі яго. На яго месцы быў пабудаваны драматычны тэатр, архітэктура якога абсалютна не адпавядае стылю гродзенскай гістарычнай архітэктуры.
Насупраць катэдры св. Францішка Ксаверыя знаходзіўся самы стары ў горадзе касцёл – Фара Вiтаўта. Велізарны сакральны будынак XIV стагоддзя па сваім гістарычным і сакральным значэнні можна параўнаць да полацкай Сафіі. Аднак і ён таксама быў узарваны.
Добра памятаю той дзень глыбокай восенню 21 лістапада 1961 г. Я ехаў на аўтобусе ў школу, якая знаходзілася на вул. Кiрава, i на Савецкай плошчы нехта сказаў: “Все, костела нет”. Усе зразумелі, аб чым ішла гаворка, бо ў горадзе пэўны час былі чуткі аб тым, што ўлады хочуць узарваць гэты касцёл. Пасля школы я пайшоў на плошчу і ўбачыў руіны разбуранай святыні. Вакол стаялі людзі і плакалі, а ў вушах гучалі словы: “Все, костела нет”.
Гэта была сапраўдная духоўная i адначасова культурная катастрофа.
Горад страціў свой гістарычны выгляд. На месцы Фары Вiтаўта застаўся пустыр, а драмтэатр ніяк не ўпісваецца ў архітэктуру старажытнага горада над Нёманам.
Асаблівай увагі заслугоўвае гісторыя змагання за фарны касцёл св. Францiшка Ксаверыя, сённяшнюю катэдру. Яго таксама хацелі зачыніць. Калi мясцовым уладам гэтага не ўдалося, то прыехалі эмісары з Масквы. Але калi яны зайшлі ў касцёл, то ўбачылі крыж з чалавечых цел на падлозе, махнулі рукой i выйшлі.
Цягам 28 гадоў там не было святара. Людзі самі плацілі падаткі, рамантавалі касцёл і праводзілі набажэнствы. З дазволу ўладаў святар прыязджаў толькі некалькі разоў у год. Упаўнаважаны па справах рэлiгii на просьбу вернікаў мець пастаяннага святара адказваў, што хутчэй на яго далоні вырастуць валасы, чым у Фары будзе пастаянны святар. I толькі праз 28 гадоў, у 1988 г., мне дазволілі служыць там пробашчам.
7. Аднак, нягледзячы на такiя абставіны, дзякуючы старэйшаму пакаленню, народнай пабожнасці і нешматлікім святарам, якія дваіліся і траіліся, каб толькі абслужыць вернікаў, вера засталася.
Захавалася, у пэўным сэнсе, таксама і касцёльная ўлада. Касцёлам у тыя часы на Беларусі кіравалі Генеральныя вікарыі. Іх прызначалі біскупы дыяцэзій, якім належалі паасобныя часткі Касцёла на тэрыторыі Беларусі. Генеральныя вікарыі маглі перадаваць сваю ўладу сваім пераемнікам5.
Колькасць Генеральных вікарыяў змянялася ў залежнасці ад абставін. На 1989 г., калі распачалося адраджэнне Касцёла ў Беларусі, іх было тры. Генеральным вікарыем у Гродзенскай вобласці быў кс. прэлат Міхал Арановіч. У Мінскай і Віцебскай абласцях – кс. прэлат Станіслаў Кучынскі. У Брэсцкай вобласці – кс. Казімір Свёнтэк, які незадоўга перад гэтым замяніў вельмі шаноўнага кс. прафесара Вацлава Пянткоўскага, выхавацеля некаторых святароў, сярод якіх біскуп Антоні Дзям’янка і біскуп Казімір Велікаселец.
Як бачна, не было Генеральных вікарыяў у Магілёўскай і Гомельскай абласцях. Там не засталося касцёлаў, але засталіся вернікі, i ім таксама патрабавалася духоўная апека. Час ад часу да іх прыязджалі святары з іншых мясцін Беларусі і з Літвы.
Каталіцкая іерархія ў былым Савецкім Саюзе ў тыя часы заставалася толькі ў Літве і Латвіі. Пры гэтым Рыжскі біскуп меў юрысдыкцыю на ўвесь Савецкі Саюз, акрамя г. Масквы, якая знаходзілася ў юрысдыкцыі Віленскага біскупа.
З гэтага можна зрабіць выснову, што юрысдыкцыя ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях належала Рыжскаму біскупу. Адказ на гэтае пытанне павінны даць гісторыкі.
Прызначэнне на парафіі ў Беларусі нешматлікім на тыя часы выпускнікам Рыжскай семінарыі, якія паходзілі з нашай краіны, даваў таксама Рыжскі біскуп. Аднак непасрэдную ўладу над імі мелі вышэйузгаданыя Генеральныя вікарыі. Зразумела, што іх правы былі вельмі абмежаваны, бо нават нешматлікіх святароў, якія ў тыя часы засталіся на Беларусi, яны не маглі самастойна без згоды Упаўнаважанага па справах рэлiгii прызначаць на парафii.
8. Такая вельмі складаная сітуацыя трывала аж да прызначэння Янам Паўлам II Апостальскага адміністратара Мінскай дыяцэзіі для католікаў лацінскага абраду Беларусі, якім стаў ваш пакорны слуга.
Наступныя паўтара гады перад адраджэннем структур паказалі, што былая палітычна-сацыяльная сістэма ўжо зжыла сябе i надыходзяць новыя часы. У выніку за гэты час удалося вярнуць каля 100 раней канфіскаваных касцёлаў. Была заснавана Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне. Пачаў дзейнічаць касцёльны суд. Было выдадзена 50 тысяч адзінак Абраду святой Імшы i 90 тысяч - малога Катэхізіса на беларускай мове. Удалося дамовіцца з уладамі аб прыбыцці ў Беларусь 50 святароў з Польшчы, бо сваіх было толькі каля 60. Пачалі адраджацца манаскія супольнасці.
Усё гэта разам з вялікай колькасцю вернікаў, якім патрабавалася нармальная духоўная апека, паслужыла базай для стварэння нармальных касцёльных структур.
У выніку чаго прыйшоў доўгачаканы фацімскі дзень 13 красавіка 1991 г., калі св. Ян Павел II адрадзіў нармальныя структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Булай “Nos autem” ён заснаваў Мінска-Магілёўскую мітраполію. У яе склад увайшлі аднайменная Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Гродзенская і Пінская дыяцэзіі. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія была створана ў межах Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей, Гродзенская – у межах Гродзенскай вобласці і Пінская – у межах Брэсцкай і Гомельскай абласцей.
Гэта было правідэнцыйнае рашэнне св. Яна Паўла II, які своечасова распазнаў знакі часу i імгненна адказаў на iх.
9. Сёння, калі мы адзначаем юбілей 25-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, трэба звярнуць увагу на тэкст Булы св. Яна Паўла II “Nos autem”. У ёй ён, між іншым, піша, што ў змрочныя часы ганенняў на веру на тэрыторыях Савецкага Саюза ён бачыў вернікаў і цяпер з радасцю спяшаецца да іх з дапамогай. Гэтыя словы выражаюць занепакоенасць і клопат Пантыфiка пра веруючых, якія доўгія часы заставаліся без пастыраў, і адначасова радасць з таго, што, нарэшце, Божы Провiд дае магчымасць ім дапамагчы6.
У той жа дзень Папа Ян Павел II адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Расіі, а таксама ў Казахстане і Сярэдняй Азіі. Тады ён устанавіў Апостальскія адміністратуры для католікаў лацінскага абраду ў Еўрапейскай і Азіяцкай яе частках, у Казахстане і Сярэдняй Азіі.
Аб гэтым рашэнні Пантыфіка з даручэння Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа Франчэско Каласуонна – першага прадстаўніка Апостальскага Пасаду ў былым Савецкім Саюзе – мне было даручана аб’явіць у гродзенскім фарным касцёле св. Францішка Ксаверыя.
Таксама з яго даручэння за некалькі дзён перад аб’яўленнем рашэння Папы я праінфармаваў дзяржаўныя ўлады ў Мiнску i праваслаўнага Мітрапаліта Мінскага і Гродзенскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Фiларэта.
Першым Мінска-Магілёўскім Мітрапалітам быў прызначаны пробашч пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз прэлат Казімір Свёнтэк. Адначасова ён стаў Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Новаствораную Гродзенскую дыяцэзію ўзначаліў яе першы ардынарый біскуп Аляксандр Кашкевіч, які да гэтага быў пробашчам віленскай парафіі Святога Духа.
Яны разам з многімі святарамі, семінарыстамі, кансэкраванымі асобамі і вернікамі былі прысутныя пры абвяшчэнні рашэння Папы Яна Паўла II. Доўгачаканая і радасная вестка з Ватыкана стала знакам таго, што завяршаецца зіма ганенняў і наступае сапраўдная вясна адраджэння. Біскуп Аляксандр Кашкевiч, а таксама некаторыя прысутныя тут святары i кансэкраваныя асобы добра памятаюць той гістарычны i хвалюючы дзень.
10. Святы Ян Павел II своечасова прачытаў знакі часу, якiя прынесла гарбачоўская перабудова, і імгненна адрэагаваў на іх. У выніку чаго пасля трох пакаленняў ганенняў на Касцёл і адсутнасці яго іерархічных структур у Беларусі, Расіі, Казахстане і Сярэдняй Азіі яны былі ўстаноўлены, што дало новыя магчымасці для адраджэння і развіцця Касцёла на гэтых тэрыторыях.
Добра памятаю той дзень 13 красавіка 1991 г., які, нягледзячы на яшчэ не зусім увайшоўшую ў свае правы вясну, выдаўся сонечным і цёплым. Гэта быў як быццам знак з неба, што фацімскія аб’яўленні аб навяртанні нашых земляў да Бога ажыццяўляюцца. Пачалі спаўняцца словы Евангелля паводле Яна, што цемра не агарнула Божага святла7. Яно прабілася праз цёмныя хмары атэізму, каб асвятліць людзей Божай праўдай. Схаваная ў падземных катакомбах рака веры вырвалася наверх, каб утаймаваць духоўную смагу людзей і паіць іх ажыўляючай душу Божай ласкай.
Успамінаючы словы чалавека, які ў далёкім 1961 г. у аўтобусе на Савецкай плошчы сказаў: “Все, костела нет”, трэба сказать: “Нет, он есть!” Ёсць i будзе, бо збудаваны на Пятры, як кажа Хрыстус, i брамы пекла яго не перамогуць8.
11. Такім чынам дзень 13 красавіка 1991 г. стаў гістарычным для Касцёла ў былым СССР. Сёння мы дзякуем Богу і схіляем свае галовы перад св. Янам Паўлам II за яго мудрасць і рашучасць і за правідэнцыйныя рашэнні, якія далі новыя магчымасці для адраджэння і ўмацавання духоўнага жыцця пасля жорсткага перыяду пераследу. Сапраўды, “Fortuna variabilis, Deus mirabilis” – “Лёс пераменлівы, Бог надзвычайны”, – як казаў пісьменнік, навуковец і гісторык Вялікага княства Літоўская Шыман Старавольскі, які жыў у XVI-XVII стагоддзях9.
12. Святкуючы 25-годзе адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусi, асаблiвую ўвагу неабходна звярнуць на доўгую i складаную гісторыю новапаўсталай Гродзенскай дыяцэзii. Яшчэ ў 20-я гады мінулага стагоддзя прадпрымалiся першыя спробы заснавання Гродзенскай дыяцэзii шляхам вылучэння яе з Віленскай, вельмі вялікай тэрытарыяльна i па колькасці вернікаў. За яе заснаванне прамаўляла тое, што на гэтых тэрыторыях у тыя часы жыло шмат католiкаў. Не апошнюю ролю адыгрываў i той факт, што з 1900 г. iснавала Гродзенская праваслаўная епархiя.
Аднак стварэнне Ламжынскай i Пiнскай дыяцэзiй, у выніку чаго тэрыторыя Віленскай дыяцэзii моцна зменшылася, разам з іншымі, у тым лiку i фінансавымі, праблемамі стала прычынай таго, што справа яе заснавання была адкладзена на пазней. З новай моцай ідэя заснавання Гродзенскай дыяцэзii адрадзілася ў другой палове 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Яе натхняльнікам быў Віленскі Мітрапаліт арцыбiскуп Рамуальд Ялбжыкоўскi, які вельмі пазітыўна паставіўся да просьбы тагачасных гродзенскіх уладаў. Аднак ажыццяўленню яго амбiцыйных планаў перашкодзіла Другая сусветная вайна10.
Трэба было чакаць наступных 50 гадоў да гістарычнага дня 13 красавіка 1991 г. Мне, як Апостальскаму адміністратару Мінскай дыяцэзii для католікаў лацінскага абраду Беларусi, разам з прадстаўніком Апостальскага Пасаду ў былым ужо Савецкім Саюзе арцыбiскупам Франчэско Каласуонна, непасрэдна прыйшлося займацца падрыхтоўкай планаў стварэння Мiнска-Магiлёўскай мiтраполii i ўстанаўлення межаў дыяцэзiй.
Усё адбывалася на плябанii гродзенскай парафii Маці Божай Анёльскай па вул. Чырвонапартызанскай, 1 кв. 2. У маім спальным i адначасова працоўным пакоі на стале ляжала карта Беларусi, i мы крэслілі межы дыяцэзiй. Дарэчы, у тым самым пакоi былі накрэслены межы Апостальскiх адмiнiстратур для католікаў лацінскага абраду Еўрапейскай i Азіяцкай частак Расii.
Гродзенская дыяцэзiя была заснавана Булай Папы Яна Паўла II “Qui operam”. У ёй ён падкрэсліў мэту яе заснавання, а менавіта духоўную карысць верных на тэрыторыі Гродзенскай вобл.11 Так шчасліва завяршыўся доўгі шлях стварэння Гродзенскай дыяцэзii i адначасова распачалося яе станаўленне i развiццё.
13. Трэба прызнаць, што заходняя частка Беларусi з'яўляецца найбольш каталіцкай у нашай краіне. Гістарычна тут заўсёды было шмат католікаў. Важнае значэнне мае i той факт, што пераслед веры на Гродзеншчыне працягваўся не тры, а два пакаленні. Падчас яго тут было найбольш дзеючых касцёлаў i працавала асноўная колькасць святароў. Усё гэта дазволіла, нават ва ўмовах пераследу веры, захаваць яе больш жывой.
З раней канфіскаваных касцёлаў найбольшая колькасць іх вярталася вернікам менавіта ў заходніх раёнах Беларусi. Таксама сам працэс вяртання тут быў менш складаным, чым у іншых месцах.
На дзень заснавання Гродзенскай дыяцэзii у 1991 г. у яе склад увайшло 119 парафій з Віленскай архідыяцэзіі, 4 – з Пінскай дыяцэзіі і 7 – з Ламжынскай, усяго 130. Колькасць касцёлаў тады дасягала 85.
У той час у ёй служылі 38 каардынаваных святароў i 12 з іншых дыяцэзiй, i таксама 33 законных. Так што на пачатку дзейнасці Гродзенскай дыяцэзii ў ёй працавалі 83 святары. Дзейнічалі заснаваная ў 1990 г. духоўная семінарыя i касцёльны суд, таксама распачалося дабрачыннае служэнне i рэгулярная катэхiзацыя.
Усё гэта, разам з вялікай колькасцю актыўных вернікаў, утварала падмурак i стварыла новыя перадумовы для дынамічнага адраджэння Касцёла на Гродзеншчыне. Гродзенскі Касцёл 25 гадоў таму пачаў пiсаць сваю гісторыю, якая прыемна здзiўляе.
14. Пасля 25 гадоў адраджэння i станаўлення Гродзенская дыяцэзiя моцна стала на ногі i можа служыць прыкладам для іншых. З яе гісторыі i дасягненняў неабходна падкрэсліць наступныя:
– Сімвалічным з’яўляецца зацверджаны Апостальскім Пасадам выбар апекуноў дыяцэзii. Галоўная апякунка – гэта традыцыйна вельмі шанаваная на Гродзеншчыне Мацi Божая Вастрабрамская - Мацi Міласэрнасці, што з’яўляецца знакам прызнання дзеяння Божай міласэрнасці ў адраджэнні Касцёла ў нёманскiм краi. Другасныя апекуны – св. Казiмiр, чыё жыццё было звязана з горадам над Нёманам, дзе ён таксама нарадзіўся для неба, і святы Максiмiліян Кольбэ – уцелаўленне любові да бліжняга аж да мучаніцкай смерці. Да гэтай сваёй мiсii ён рыхтаваўся у Гродне.
– Гродзенская дыяцэзiя адзначаецца добра арганiзаванай курыяй з усімі патрэбнымі для яе функцыянавання аддзеламі.
– Ужо 25 гадоў дыяцэзію ўзначальвае Яго Эксцэленцыя біскуп Аляксандр Кашкевiч. Цяпер яму дапамагае Яго Эксцэленцыя біскуп Юзаф Станеўскi, выпускнік гродзенскай духоўнай семінарыі.
– На сённяшні дзень колькасць парафій дасягнула 193.
– З мэтай больш якаснай арганізацыі пастырскай працы тэрыторыя дыяцэзii падзелена на тры пастырскія рэгіёны – Гродзенскі, Лідскі i Смаргонскі. Кожны з іх узначальвае прызначаны ардынарыем i адказны за пастырскую дзейнасць біскупскі вiкарый.
– Паасобныя парафii ўваходзяць у адпаведныя дэканаты, агульная колькасць якіх складае 16
– Колькасць дзеючых касцёлаў - 146, з якiх 27 адбудаваныя i 34 новапабудаваныя. На сённяшні дзень у дыяцэзii будуюцца 3 касцёлы. Акрамя парафіяльных касцёлаў было пабудавана 6 філіяльных. У дыяцэзii таксама дзейнічае 84 капліц. Усё гэта сведчыць аб тым, што ў дыяцэзii ёсць каля 240 месцаў Божага культу, дзе цэлебруецца Эўхарыстыя, абвяшчаецца Божае слова i ажыццяўляецца іншая касцёльная i дабрачынная дзейнасць.
– Паводле касцёльных крыніц, у 2015 г. 35-40 % з мільёна жыхароў вобласці з’яўляюцца рыма-католiкамi.
– Пастырскай працай у дыяцэзii займаецца 213 святароў: 162 iнкардынаваныя, 7 паходзяць з іншых дыяцэзiй, 51 належаць да 17 розных мужчынскіх манаскіх інстытутаў, і 120 законніц, якія паходзяць з 21 розных жаночых манаскіх інстытутаў.
– Выдатна дзейнічае Вышэйшая духоўная семінарыя, у якой, нягледзячы на існуючы крызіс паклiканняў, яны ёсць. Семінарыя ўжо падрыхтавала больш за 200 святароў, якія працуюць не толькі ў Гродзенскай, але i ў іншых дыяцэзiях Беларусi i таксама ва Украіне.
– Добра арганізавана фармацыя маладых святароў, а таксама сталая фармацыя святароў i кансэкраваных асобаў.
– Катэхетычныя курсы вядуць падрыхтоўку так патрэбных Касцёлу катэхетаў.
– Выдатна арганізаваны працэс катэхiзацыi, у якім важную ролю адыгрываюць катэхiзацыйныя вiзiтатары.
– Паспяхова дзейнічаюць i развіваюцца дыяцэзiяльныя медыя. Газета “Слова жыцця” з’яўляецца адным з вядучых рэлігійных выданняў нашай краіны, паспяхова дзейнічае дыяцэзiяльны партал www.grodnensis.by, вялікую ролю ў беларускай медыяпрасторы займае выдавецтва “Censor”. Асаблівае значэнне ў жыццi Каталіцкага Касцёла займае тэлестудыя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусi, якая размяшчаецца ў Гродзенскай курыi.
– Неабходна асаблiва падкрэсліць шырока развітую сферу душпастырства, узровень якога можа служыць прыкладам для іншых дыяцэзій. Гэта найперш агульнае душпастырства, каардынатарамі якога ў пастырскіх рэгіёнах з’яўляюцца бiскупскiя вікарыі, пастырства сем’яў, пастырства моладзі i студэнтаў “Open”, iнтэлiгенцыi, службы здароўя, глуханямых, вязняў, настаўнікаў i выхавацеляў, пілігрымаў, цвярозасцi, чыгуначнікаў.
– Вельмі важнае значэнне для развіцця тэалагічнай думкі мае альманах “Studia Teologica Grodnensia”, у якiм друкуюцца навуковыя артыкулы і працы тэолагаў.
– Дзейнасць гродзенскага дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas” вядома не толькі ў дыяцэзii, але таксама далёка за яе межамі.
– Гродзенская дыяцэзiя вядома і шматлікімі папулярнымі сярод пілігрымаў санктуарыямі - Каралевы сем’яў у Тракелях, Езуса Журботнага ў Росі, Маці Божай Цярпліва Слухаючай у Капцёўцы, Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах, Маці Божай Шкаплернай у Гудагаi, благаслаўлёных сясцёр мучаніц у Навагрудку.
– Маючы на ўвазе захаванне культурна-гістарычнай сакральнай спадчыны i будаўніцтва новых касцёлаў, важнае значэнне адыгрывае Камiсiя па справах будаўніцтва i рэстаўрацыі.
– Вельмі важным з’яўляецца нядаўняе ўстанаўленне катэдральнага капітула, што яшчэ раз нагадвае пра тое, што гродзенскі Касцёл можа параўнацца з традыцыйнымі, якія маюць сваю шматстагоддзевую гісторыю i развітыя структуры.
15. Жыццё не стаіць на месцы, у ім з’яўляюцца ўсё новыя выклікі, якія маюць вельмі вялікі ўплыў i на арганiзацыю душпастырства. Гэтыя праблемы таксама стаяць як перад Касцёлам у Беларусі, так i Касцёлам на Гродзеншчыне.
Перш за ўсё Касцёл павінен звяртаць самую сур’ёзную ўвагу на наступаючую дэсакралізацыю свету. Сучасны чалавек усё часцей жыве так, як быццам Бога зусім няма. Гэтыя працэсы ідуць таксама да нас, i неабходна быць гатовымі ў час i адпаведным чынам на іх адказаць.
Цешачыся развіццём душпастырства моладзі, нельга закрываць вочы на праблемы, з якімі яна сустракаецца. Моладзь – гэта будучыня свету i будучыня Касцёла. Нашым неадкладным заданнем з’яўляецца пошук адпаведных пастырскіх метадаў, каб яна не загубілася ў мітусні сучаснага секулярызаванага свету.
Свет i Касцёл занепакоены крызісам сям’і. А яна з’яўляцца галоўнай клеткай кожнага грамадства. Таму крызіс сям’і вядзе да крызісу як грамадскага жыцця, так i рэлігійнага. Праблемамі сям’і i пошукам шляхоў іх вырашэння займаўся Сінод Біскупаў на сваіх пасяджэннях у 2014 i 2015 гг. Па іх выніках Святы Айцец апрацаваў Апостальскую адгартацыю “Amoris Letitiae”, якая прадстаўляе напрамкі для пастырства сучаснай сям’і. Галоўная ўвага надаецца згоднай з духам Евангелля ацэнцы сужэнскай любові, падрыхтоўцы маладых людзей да сужэнства, суправаджэнню іх у першыя гады сямейнага жыцця. Не абыйшоў Папа сваёй увагай разбітыя i кананічна не ўрэгуляваныя сем’і i неабходнасць арганізацыі адпаведнага іх статусу пастырства. Яны не экскамунiкаваны, застаюцца членамі Касцёла i маюць права на згодную з кананічным правам пастырскую апеку12.
У нашай краіне адбываецца не бачны дагэтуль працэс міграцыі насельніцтва з вёсак у горад. Яшчэ зусім нядаўна мы будавалі касцёлы ў вёсках. Ці не прыйдзе, i прычым ужо хутка, час, калi там не застанецца вернікаў? Што тады рабіць з касцёламі? Зачыняць, як гэта робяць на Захадзе, ці выкарыстоўваць для іншых касцёльных мэтаў, i якіх? Да гэтага трэба рыхтавацца, i таму неабходна вельмі асцярожна падыходзіць да інвестыцый у вясковыя парафii.
У той жа час большую ўвагу неабходна звяртаць на арганiзацыю душпастырства ў гарадах i стварэння для яго адпаведных умоў. Малая колькасць гарадскіх парафій вядзе да таго, што многія вернікі, асаблiва моладзь, застаюцца ананімнымі i пакрыху губляюць сваю веру i сувязь з Касцёлам.
Не да канца вырашана праблема міжнацыянальных адносін у жыцці Касцёла. Для нас крытэрыем павінны быць словы св. апостала Паўла, што няма ні юдэя, ні грэка, але ўсе Хрыста13. Кожны народ мае права на духоўную апеку, i Касцёл павінен яе забяспечыць.
Адным з найбольш актуальных выклікаў сучаснага свету з’яўляюцца працэсы міграцыі, якія практычна не кантралююцца. Касцёл прымае актыўны ўдзел у вырашэнні гэтай праблемы, дапамагае мігрантам, але адначасова заклікае палітыкаў, дзяржаўных i грамадскіх дзеячаў да выключэння прычыны гэтай праблемы.
Пакуль што ў Беларусi бежанцы i перасяленцы ў сваёй абсалютнай большасці з Украіны. Але ніхто не можа даць гарантыі, што ў будучыні iх не будзе i з Блізкага Усходу. Ці гатовы Касцёл у Беларусі i “Caritas” да працы з людзьмі, якія належаць да іншай культуры i рэлiгii, бо асноўная маса бежанцаў – гэта не хрысціяне? Аб гэтым мы таксама павінны памятаць.
Гродзенская дыяцэзiя мае найбольшы святарскi патэнцыял i павінна больш актыўна ім дзяліцца з патрабуючымі. Святы Айцец Францiшак у сёлетнім ужо 53-м Пасланні на Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях, які праводзіўся 24 красавіка пад дэвізам “Касцёл – Маці пакліканняў”, вельмі справядліва заўважае, што ніхто не пакліканы выключна для нейкага адасобленага рэгіёну, групы ці касцёльнага руху, але для Касцёла i свету14. Таму фармацыя духавенства павінна праводзіцца ў такім духу, каб духоўныя асобы адчувалі адказнасць таксама i за ўвесь Касцёл у Беларусi.
У святле як вучэння Касцёла, так і нядаўняй сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў Гаване на Кубе з’яўляецца развіццё экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу з мэтай сумеснага адказу на выклікі часу.
16. Сёння гродзенскі Касцёл спявае “Te Deum” за 25 гадоў сваёй новай гісторыі, уступае ў новы перыяд свайго існавання i пачынае пісаць новую старонку сваёй гісторыі.
Мінулыя чвэрць стагоддзя існавання i станаўлення Гродзенскай дыяцэзіі можна ахарактарызаваць як час пераходу ад стану духоўнага і матэрыяльнага спусташэння, але адначасова стану захаванай веры, да стану адраджэння касцёльных структур i дынамiчнай душпастырскай дзейнасці. Дадзены Богам час ласкi не быў змарнаваны. У выніку чаго Касцёл адрадзіўся i стаў на свае ногі. На якасна вышэйшы ўзровень паднялося яго рэлігійнае жыццё, каб ён мог сапраўды быць сакрамэнтам паўсюднага збаўлення15.
Выказваю надзею, што новы час, у які ён уваходзяць, стане часам яшчэ больш дынамічнага яго развіцця i служэння людзям.
У новы час з новай надзеяй, гродзенскі Касцёл. I няхай табе благаславіць Бог. Як магутны Нёман нясе свае воды, таксама i ты нясі святло Евангелля сучаснаму свету, каб у пераменлівым яго лёсе заўсёды паказваў надзвычайнасць міласэрнага i вечнага Бога i вёў людзей да Яго.
Дзякую за ўвагу.
Выкарыстаная літаратура:
1. II Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл “Lumen gentium”. 2. Ян Павел II. Була „Nos autem”. 3. Ян Павел II. Була „Qui operam”. 4. Францішак. Апoстальская адгартацыя “Amorіs Letitiae”. 5. Францішак. “Пасланне на 53-і Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях”. 6. Ks. Antoni Gremza, Studia Teologica Grodnensia, 6 выпуск. 7. Э.С. Ярмусік. “Католический костел в Белоруссии в годы второй мировой войны”. Гродно 2002. 8. A. Hlebowicz. “Kościół w niewoli”. Warszawa 1991. 9. https://en.wikiquote.org/wiki/Szymon_Starowolski. https://ru.wikipedia.org/wiki/Католицизм_в_Белоруссии 10. http://kurierwilenski.lt/2012/10/19/kosciol-katolicki-w-wilnie-biskupstwo-wilenskie-od-1925-r-archidiecezja-1/. 11. http://media.catholic.by/nv/n22/art7.htm. - пар. https://ru.wikipedia.org/wiki/Католицизм_в_Белоруссии.
- пар. http://kurierwilenski.lt/2012/10/19/kosciol-katolicki-w-wilnie-biskupstwo-wilenskie-od-1925-r-archidiecezja-1/.
- пар. http://media.catholic.by/nv/n22/art7.htm.
- пар. Э.С. Ярмусік. “Католический костел в Белоруссии в годы второй мировой войны”. Гродно 2002, с. 34.
- пар. A. Hlebowicz. “Kościół w niewoli”. Warszawa 1991, c. 9-10.
- пар. Ян Павел II. Була “Nos autem”.
- пар. Ян 1, 5.
- пар. Мц 16, 18.
- пар. https://en.wikiquote.org/wiki/Szymon_Starowolski.
- пар. ks. Antoni Gremza, Studia Teologica Grodnensia, 6 выпуск, с. 267-274.
- Ян Павел II. Була “Qui operam”.
- пар. Францішак. Апoстальская адгартацыя “Amorіs Letitiae”.
- пар. Кал 3, 11.
- пар. Францішак. Пасланне на 53-і Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях.
- пар. II Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл “Lumen gentium”.
|