Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прывітальнае слова біскупа Аляксандра Кашкевіча на Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсе

24 мая 2016 г.

Эмінэнцыя, найдастойнейшы кардынал, спецыяльны пасланнік Святога Айца на Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у Гродне,
Эксцэленцыі, шаноўныя арцыбіскупы і біскупы,
Шаноўныя Генеральныя настаяцелі і правіцыялы манаскіх супольнасцяў, інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця,
Шаноўныя браты святары, pleno titulo ў пасадах і годнасцях,
Шаноўныя айцы і браты законныя ў харызматах сваіх заснавальнікаў,
Шаноўныя сёстры законныя,
Дарагія дыяканы і семінарысты,
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія госці, якія прыбылі на Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс, сябры і прыхільнікі нашага гродзенскага Касцёла, улюбёныя дыяцэзіяне!

Вельмі сардэчна вітаю ўсіх вас, прысутных тут, на юбілейных урачыстасцях 25-годдзя заснавання Гродзенскай дыяцэзіі. Яна была паклікана да існавання 13 красавіка 1991 года Святым Айцом Янам Паўлам ІІ у межах арганізацыі касцёльных структур у Беларусі. Такім чынам быў фармальна ўтвораны наш партыкулярны Касцёл, будучы часткай адзінага, святога, паўсюднага і апостальскага Хрыстовага Касцёла.

Пакліканне да існавання нашай дыяцэзіі было адказам Наступніка святога Пятра на новыя выклікі і магчымасці, звязаныя з працэсам грамадскіх і палітычных зменаў на пачатку 90-х гадоў. Яно стала адным са знакаў, якія звеставалі адраджэнне рэлігійнага жыцця на Гродзеншчыне, якое мы часта называем “вясной Касцёла”.

З вялікай пакорай і ўдзячнасцю мы становімся перад Богам, які ў сваім Провідзе кіруе лёсамі Хрыстовага Касцёла на нашых землях. Жадаем дзякаваць Яму за ўсё, чаго ўдалося дасягнуць на працягу апошніх 25 гадоў. Дзякуем за святароў, якія з вялікай адданасцю спаўняюць пастырскае служэнне сярод вернікаў. Дзякуем за Вышэйшую духоўную семінарыю, якая забяспечыла наш гродзенскі Касцёл новымі працаўнікамі на жніве Панскім. Дзякуем за служэнне шматлікіх манаскіх супольнасцяў, мужчынскіх і жаночых, якія з вялікім самапрысвячэннем абвяшчаюць Евангелле словам і ўчынкам, рэалізуючы свае харызматы. Дзякуем за свецкіх католікаў, якія, спаўняючы свае адпаведныя пакліканні, даюць прыгожае сведчанне веры і прыналежнасці да Касцёла.

Дзякуем таксама за адраджэнне Касцёла ў вымярэнні матэрыяльным: за святыні, якія ў мінулым былі забраны ў вернікаў і якія ўдалося вярнуць і надаць ім годны выгляд; а таксама за новыя касцёлы і капліцы, узведзеныя дзякуючы дапамозе дабрадзеяў і ахвярнасці вернага народу.

Адзначаючы сярэбраны юбілей нашай дыяцэзіі, жадаем асаблівым чынам дзякаваць Пану Богу за людзей старэйшага пакалення, духоўных і свецкіх, якія ў найцяжэйшыя часы не толькі захавалі вернасць Хрысту і Касцёлу, але і здолелі перадаць хрысціянскія каштоўнасці наступным пакаленням. Менавіта на гэтым трывалым фундаменце веры нашых папярэднікаў мы будуем сённяшні дзень і будучыню гродзенскага Касцёла.

Дзякуем сёння таксама за іншыя лакальныя Касцёлы, за мужчынскія і жаночыя манаскія супольнасці, якія рознымі спосабамі паспяшаліся з дапамогай маладому гродзенскаму Касцёлу і якія і далей нас падтрымліваюць у справе адраджэння рэлігійнага жыцця. Дзякуем за ўсіх дабрадзеяў і ахвярадаўцаў, за розныя арганізацыі і за прыватных асобаў, якія ў духу хрысціянскай салідарнасці і адказнасці за Касцёл сведчаць нам сваю зычлівую дапамогу.

Вельмі красамоўным знакам з’яўляецца тое, што мы адзначаем юбілей 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі ў Год Міласэрнасці. Прачытаем найноўшую гісторыю нашага лакальнага Касцёла як вялікі дар Езуса Міласэрнага для свайго народу, які, нягледзячы на цяжкі і балючы досвед мінулага, здолеў захаваць вернасць Крыжу і Евангеллю. Таму будзем глядзець у будучыню з даверам і даручым наш гродзенскі Касцёл Езусу Хрысту, які ў сакрамэнце Эўхарыстыі прысутны сярод нас ажно да сканчэння свету. Няхай Ён і далей аказвае нам сваю міласэрнасць, адорвае шчодрасцю сваіх ласкаў і вядзе да паўнаты Божага Валадарства.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску