Гродна, 25 мая 2016 г.
Вельмі сардэчна вітаю ўсіх удзельнікаў Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу, які з’яўляецца нашай супольнай падзякай за 25-годдзе існавання Гродзенскай дыяцэзіі. Вітаю Яго Эмінэнцыю найдастойнейшага кардынала Зянона Грахалеўскага, спецыяльнага пасланніка Святога Айца на Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у Гродне, Вітаю Іх Эксцэленцый шаноўных арцыбіскупаў і біскупаў, Вітаю Уладыку Арцемія з Праваслаўнай Царквы, епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага, Вітаю спадара Уладзіміра Татарнікава, пастара Лютэранскай Царквы, Вітаю Іх Эксцэленцый шаноўных прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу і консульства, Вітаю шаноўнага спадара Леаніда Гуляку, Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі, Вітаю шаноўных прадстаўнікоў абласных, раённых і гарадскіх уладаў Гродна, Вітаю шаноўных Генеральных і Правінцыяльных настаяцеляў манаскіх супольнасцяў, інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, Вітаю шаноўных прадстаўнікоў універсітэтаў, інстытутаў, духоўных семінарый і іншых навучальных установаў, Вітаю шаноўных братоў святароў pleno titulo у пасадах і годнасцях, айцоў і братоў законных у харызматах сваіх заснавальнікаў, сясцёр законных, дыяканаў і семінарыстаў, Вітаю вас усіх, умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія госці, якія прыбылі на Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс, сябры і прыхільнікі нашага гродзенскага Касцёла, улюбёныя дыяцэзіяне!
Мы перажываем Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс пад знакам падзякі за 25 гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі. У памятным 1991 годзе Святы Айцец Ян Павел ІІ пастанавіў утварыць структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ў іх межах паклікаў да існавання наш лакальны Касцёл.
Няхай гэты канцэрт будзе выразам нашай удзячнасці Пану Богу, які ў сваім Провідзе кіруе лёсамі Хрыстовага Касцёла на гродзенскай зямлі.
Дзякуем усім, хто якімсьці чынам паспрыяў справе адраджэння рэлігійнага жыцця на Гродзеншчыне: святарам дыяцэзіяльным і законным — за іх адданае, ахвярнае пастырскае служэнне; кансэкраваным асобам — за служэнне нашаму Касцёлу ў багацці разнастайных харызматаў; а таксама вернаму народу, які, верна трываючы пры Хрысце, дае прыгожае сведчанне веры і моцы духу.
Дзякуем усім дабрадзеям і ахвярадаўцам за ўсялякую аказаную дапамогу.
Дзякуем за ўсё, што супольным намаганнем удалося ў гэтыя гады здзейсніць.
Езус Міласэрны, прысутны сярод нас у сакрамэнце Эўхарыстыі ва ўсе дні аж да сканчэння свету, няхай спадарожнічае сваёй ласкай і благаслаўленнем нашаму гродзенскаму Касцёлу ў верным спаўненні місіі абвяшчэння Хрыста і Яго Евангелля ўсім людзям добрай волі.
|