Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прамова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на V Усебеларускім народным сходзе

Мінск, 22-23 чэрвеня 2016 г.

Глыбокапаважаны Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка!

Паважаныя дэлегаты і госці V Усебеларускага народнага сходу!
    
Ад імя Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь шчыра вітаю шаноўны сход, які ўжо ў пяты раз адбываецца ў гісторыі сучаснай Беларусі для абмеркавання найважнейшых, хвалюючых наша грамадства пытанняў і вызначэння шляхоў далейшага яго развіцця.

Традыцыя правядзення ўсенароднага абмеркавання жыцця грамадства і яго праблем бярэ свой пачатак яшчэ з часоў Старога Запавету. На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва народныя сходы адыгрывалі значную ролю ў жыцці грамадскіх супольнасцяў.

Будучы неад’емнай часткай нашага народа, Каталіцкі Касцёл заклікае будаваць грамадскае жыццё на фундаменце хрысціянскіх маральных каштоўнасцяў і яго сацыяльнага вучэння. Дзейнасць Касцёла накіравана на ўзмацненне стабільнасці, сацыяльнай справядлівасці, незалежнасці, супокаю і міжканфесійнага дыялогу ў нашай краіне.

У гэтай зале мы чуем выказванні пра радасці і цяжкасці, пра тое, што нас цешыць і што прыносіць сум. Нам усім, дзяржаўным дзеячам, простым грамадзянам і рэлігійным лідарам, трэба прыслухоўвацца да голасу народа сэрцам, каб чыніць усё магчымае для развіцця нашай Бацькаўшчыны.

Можна заўважыць, што ў апошнія гады дзеянне Каталіцкага Касцёла было і застаецца накіраваным на здзяйсненне вышэйзгаданых мэтаў. Аб гэтым вельмі добра сведчаць сустрэчы кіраўніка нашай дзяржавы з Папам Рымскім Бэнэдыктам XVI і нядаўняя сустрэча са Святым Айцом Францішкам у Ватыкане. Усё гэта стварае новыя масты для ўзаемадзеяння ў розных сферах для дабра грамадства.

Абмяркоўваючы найважнейшыя пытанні развіцця нашай краіны, мы не можам не ўзгадаць той факт, што на працягу шматвекавой гісторыі Беларусі значную ролю ў жыцці і развіцці грамадства адыгрывала хрысціянства, перад усім Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква. Сёння, калі ў сучасным свеце адбываюцца шматлікія канфлікты на рэлігійнай ці нацыянальнай аснове, мы дзякуем Богу, што ў Беларусі ўсе хрысціянскія канфесіі і нехрысціянскія рэлігіі на працягу стагоддзяў існавалі і працягваюць мірна існаваць, а міжнацыянальная і міжрэлігійная згода даюць добры імпульс для духоўнага і грамадскага развіцця нашай краіны.

Перад выклікамі сучаснасці, калі пад сумнеў ставіцца ўплыў духоўных каштоўнасцяў на фарміраванне маральна здаровага грамадства, неабходна чыніць усё магчымае, каб вярнуцца да іх і на іх будаваць нашу будучыню. Стабільнае развіццё грамадства немагчыма без захавання базавых маральных каштоўнасцяў. Таму палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае і культурнае жыццё нашай краіны неабходна будаваць на традыцыйных маральных прынцыпах, бо без маральна здаровага фундамента існаваць не можа моцнае грамадства.

У сувязі з гэтым неабходна звярнуць самую сур’ёзную ўвагу на выхаванне моладзі на маральных прынцыпах. Трэба клапаціцца аб захаванні сям’і як галоўнай клеткі і падмурку кожнага грамадства, аб абароне бясцэннага Божага дару жыцця, аб выкараненні алкагалізму, наркаманіі і іншых паталогій, аб фізічна і маральна здаровым ладзе жыцця.      

Звяртаючыся да дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, заахвочваю, каб слухаючым сэрцам звярнуць увагу на праблемы нашага грамадства, асабліва засяродзіцца над праблемай яго маральнага аздараўлення, умацавання сям’і, развіцця культуры на духоўных каштоўнасцях і будавання будучыні на маральных прынцыпах.

Рэлігійным арганізацыям неабходна далейшая дапамога дзяржавы. Мы спадзяёмся на развіццё ўзаемадзеяння ў гэтай галіне з мэтай вырашэння хвалюючых нас і наша грамадства праблем.

Аднойчы пачуў наступную думку, якая мне вельмі моцна падабаецца. А менавіта, што, каб заставацца на месцы неабходна бегчы, а каб ісці наперад, трэба бегчы хутка. Гэта зусім не парадокс, але вялікая праўда. Бо, каб захаваць высокі ўзровень, напрыклад, прамысловасці, неабходна выкарыстоўваць самыя новыя тэхналогіі. Гэта зразумела. Але, каб знаходзіцца ў авангардзе яе развіцця, тэхналогіі трэба пастаянна ўдасканальваць, выкарыстоўваць нанатэхналоіі.  

Мы ўсе адказныя за будучыню нашай Бацькаўшчыны, і нам не дазволена таптацца на месцы. Таму без боязі і аглядак назад неабходна ісці наперад, заўсёды ставячы ў цэнтры дабро чалавека.

Няхай Бог благаславіць Беларусь і яе ўсебаковае развіццё паводле маральных прынцыпаў!

Дзякую за ўвагу.

Адноўлена 23.06.2016 20:01
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску