Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прывітальнае слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на адкрыцці навукова-практычнай канферэнцыі «Беларусь, Нясвіжскі край і Эдвард Вайніловіч»

Нясвіж, 26 жніўня 2016 г.

Глыбокапаважаны прэзідыўм, браты і сёстры, удзельнікі прысвечанай нашай Бацькаўшчыне, маляўнічаму Нясвіжскаму краю і Слузе Божаму Эдварду Вайніловічу навукова-практычнай канферэнцыі!

Сардэчна вітаю ўсіх вас і дзякую арганізатарам гэтага форуму, якія праявілі своечасовую ініцыятыву. Не так даўно ў мінскай святыні свв. Сымона і Алены адбылася знакавая для Каталіцкага Касцёла і Беларусі падзея – распачацце беатыфікацыйнага працэсу Слугі Божага Эдварда Вайніловіча, фундатара гэтай святыні, якая з’яўляецца візітнай карткай сталіцы Беларусі.

Ён увайшоў у нашу супольную гісторыю не толькі як будаўнік Чырвонага касцёла ў Мінску, але таксама як дзяржаўны дзеяч, добры гаспадар і чалавек, які імкнуўся да развіцця міжхрысціянскага і міжрэлігійнага дыялогу.

Ужо стагоддзе таму ён адчуваў патрэбу пошуку еднасці як паміж хрысціянамі, так і паміж вернікамі разных рэлігій. Мы ўсе жыхары адной зямлі і яна наш супольны дом, у якім павінна быць месца ўсім.

Для ажыццяўлення гэтай сваёй думкі Эдвард Вайніловіч спансараваў будову не толькі каталіцкіх святынь, але таксама праваслаўных, габрэйскіх і мусульманскіх. І гэта цэлае стагоддзе таму! Які праніклівы погляд на рэальнасць нашай краіны, у якой стагоддзямі мірна жывуць людзі розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў.

Гэтым самым Эдвард Вайніловіч унёс важкі ўклад у развіццё дыялогу і адносін паміж людзьмі розных веравызнанняў, што афіцыйна было пацверджана Касцёлам на II Ватыканскім Саборы ў Дaкрэце пра экуменізм «Unitatis redintegratio» і Дэкларацыі пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій «Nostra aetate».

У  сучасным свеце побач жывуць людзі розных веравызнанняў, культур і цывілізацый, веруючыя і няверуючыя. Наша планета – гэта наш агульны дом, і ад нас залежыць, якім ён будзе і ў якім нам давядзецца жыць. Выклікі сучаснасці, асабліва міграцыя і праблема бежанцаў, якая звалілася на Еўропу як снег на галаву і якая вядзе да фундаментальных зменаў ва ўспрыманні Старога Свету, патрабуюць новага асэнсавання адносін паміж людзьмі не толькі розных веравызнанняў, але таксама культур і нават цывілізацый.

На ландшафце Еўропы сёння не толькі крыж, але і паўмесяц. Гэта рэальнасць, якую трэба браць пад увагу. А для гэтага неабходна навучыцца жыць у новых абставінах, каб на прынцыпах павагі да людзей іншых, нетрадыцыйных для Еўропы веравызнанняў і культур, будаваць новы еўрапейскі дом.

Прыкладам можа служыць Слуга Божы Эдвард Вайніловіч. Дадзеныя яму Богам таленты палітыка, гаспадара, будаўніка ён умацоўваў глыбокай верай. Менавіта таму ў яго дамінаваў шырокі, поўны любові і адкрытасці на людзей іншых веравызнанняў і культур погляд. Прыкладам таксама могуць служыць сучасныя адносіны паміж людзьмі розных веравызнанняў у Беларусі, якія прыемна здзіўляюць жыхароў многіх краін Еўропы. Памяркоўны беларус будуе сваё жыццё не на прынцыпе «хто каго», а на законе любові, імкнучыся ў кожным чалавеку бачыць свайго брата ці сястру. Сілы для гэтага ён чэрпае з духоўных каштоўнасцяў, якія сваім жыццём сведчыў Эдвард Вайніловіч.

Прыкметна, што канферэнцыя адбываецца ў маляўнічым Нясвіжскім краі, які вядомы сваёй талерантнасцю адносна людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. У гэтым годзе мы адзначалі 400-годдзе смерці будаўніка Нясвіжа з яго славутым замкам і касцёлам Божага Цела, як шэдэўра сакральнай культуры, князя Мікалая Радзівіла Сіроткі, чалавека шырокіх поглядаў. Але ён, стаўшы католікам, будаваў святыні і для вернікаў іншых канфесій і займаўся дабрачыннасцю. Сваёй дзейнасцю ён таксама пакінуў глыбокі след на нашай зямлі.

Выказваю надзею, што канферэнцыя, якая распачынаецца, дапаможа яшчэ лепей зразумець багатую культурную і духоўную спадчыну, якую пакінулі нам Эдвард Вайніловіч і наша багатая і адначасова трагічная гісторыя, каб, вучачыся на ёй, мы будавалі поўнае ўзаемапавагі і любові да бліжняга грамадства.

Малітоўна ад усяго сэрца жадаю поспехаў у працы гэтага нясвіжскага  форуму.

З благаслаўленнем

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Адноўлена 26.08.2016 14:19
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску