Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь 29 верасня 2016 г.
Глыбокапаважаныя спадары і спадарыні, браты і сёстры ў Хрысце!
Сёння, у Год культуры, які адзначаецца ў нашай краіне, беларуская грамадскасць перажывае значную падзею — адкрыццё выстаўкі «Свет нябесны на зямлі. Сакральнае мастацтва Беларусі XVII-XXI стагоддзяў» у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Гэта падзея з’яўляецца працягам першай у гісторыі беларускіх праваслаўных і каталіцкіх абразоў выстаўкі «Іканапіс Беларусі XVII-XXI стагоддзяў», якая ў гэтым годзе экспанавалася ў музеях Ватыкана.
Добра памятаю яе адкрыццё 18 мая гэтага года ў адным з самых прэстыжных музеяў свету, які кожны дзень наведвае каля 20 тысяч чалавек. Як многа людзей тады сабрала адмысловая канферэнцыя. У музеі, дзе кожны дзень адбываюцца знакавыя падзеі, беларуская выстаўка выклікала вельмі вялікі інтарэс і водгук.
Так сталася, што праз тры дні пасля адкрыцця выстаўкі Святы Айцец Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, які непасрэдна пасля сустрэчы з Пантыфікам пабываў на экспазіцыі.
Сам факт адкрыцця міжканфесійнай выстаўкі ў Ватыканскіх музеях сведчыць пра наяўнасць добрых і канструктыўных адносін як паміж нашай краінай і Апостальскай Сталіцай, так і паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, што сведчыць аб тым, што ў Беларусі Еўропа дыхае дзвюмя духоўнымі лёгкімі — усходняга і заходняга хрысціянства. Гэта наша традыцыя і багацце, якое дарагога каштуе.
Гістарычна суіснаванне на нашай зямлі заходняга і ўсходняга хрысціянства вызначала асаблівасці нашага народа і развіцця яго культуры, што таксама адбілася і ў беларускім іканапісе, дзе дзве хрысціянскія традыцыі ўзаемадапаўнялі адна адну і такім чынам узаемна ўзбагачаліся.
У беларускім грамадстве існуе вялікая пашана да абраза, найперш да абраза Божай Маці, што аб’ядноўвае нацыю. Прыкладам можа служыць будслаўскі фэст, у якім прымаюць удзел не толькі католікі, але і праваслаўныя вернікі.
Сёння мы з’яўляемся сведкамі і ўдзельнікамі адкрыцця пашыранай, больш поўнай выстаўкі беларускіх ікон Усходняй і Заходняй традыцый, якія знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
Выстаўка з’яўляецца адлюстраваннем таго, што музей — гэта не статычная гісторыя, але само жыццё. Найперш таму, што ікона з’яўляецца акном у веру. Яна дапамагае нам перажываць і паглыбляць веру, робячы яе такім чынам жывой. Музей у сваю чаргу імкнецца паказаць сваё багацце і падзяліцца ім з іншымі. І праз гэта ён прымае актыўны ўдзел у новай евангелізацыі, якая з’яўляецца галоўным заданнем Касцёла ў наш час паслаблення веры і нават адыходу ад яе.
Ад усяго сэрца дзякую арганізатарам выстаўкі. Выказваю надзею, што яна адыграе сваю як мастацкую, так і евангелізацыйную ролю ў жыцці беларускага грамадства, каб яно жыло ў заўсёдным святле Евангелля.
Адначасова спадзяюся, што гэта выстаўка будзе спрыяць далейшаму развіццю адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, а таксама кансалідацыі беларускага народа. А як пашыранае прадаўжэнне выстаўкі ў Ватыканскіх музеях, стане таксама новым крокам да больш цесных адносін Беларусі і Апостальскай Сталіцы і паслужыць далейшаму развіццю адносін паміж нашай краінай і міжнароднай супольнасцю.
Дзякуй за ўвагу.
Арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч
|