Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы ў Манака пасля зацвярджэння г. Мінска месцам правядзення Пленарнага пасяджэння ў 2017 г. |
Манака, 8 кастрычніка 2016 г. Вашы Эмінэнцыі, Эксцэленцыі, браты і сёстры! Найперш дазвольце ад усяго сэрца падзякаваць за выбар Мінска — сталіцы Беларусі — месцам правядзення наступнага пленарнага пасяджэння РБКЕ у наступным годзе. Беларусь — краіна розных веравызнанняў і культур. Дзве канфесіі —праваслаў’е і каталіцтва — з’яўляюцца галоўнымі па колькасці сваіх вызнаўцаў і па гісторыі іх прысутнасці ў Беларусі. У нашай краіне таксама ёсць пратэстанты, габрэі і мусульмане. Паміж усімі веравызнаннямі склаліся добрыя адносіны. Беларускі народ талерантны адносна розных нацыянальнасцяў і рэлігій. Гэта вялікае багацце нашай краіны, якое мы павінны захаваць для будучых пакаленняў. Свецкая ўлада таксама садзейнічае мірнаму суіснаванню і супрацоўніцтву паміж рознымі канфесіямі і рэлігіямі. Разам з Праваслаўнай Царквой і прадстаўнікамі іншых пратэстанцкіх канфесій мы кожны год праводзім экуменічную сустрэчу падчас Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. Розные веравызнанні сумесна праводзяць розныя канферэнцыі і сустрэчы на тэмы міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялогу і таксама па выкліках сучаснасці, асабліва па праблемах наркаманіі, алкагалізму, абароны жыцця, дабрачыннасці, выхавання моладзі і г.д. Католікі, праваслаўныя і лютэране з’яўляюцца членамі Міжнароднай групы паяднання паміж Беларуссю, Украінай, Польшчай і Германіяй. Вельмі важнай падзеяй як для Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, так і ўсёй краіны стаў IV Каталіцка-Праваслаўны Форум, які меў месца ў Мінску ў чэрвені 2014 г. Ён стаў пацвярджэннем таго, што Беларусь мае магчымасці арганізоўваць вялікія міжнародныя канферэнцыі, засведчыўшы добрыя адносіны паміж рэлігійнымі арганізацыямі і дзяржавай. Каталіцкі Касцёл у Беларусі зробіць усё магчымае, каб наступнае Пленарнае пасяджанне РБКЕ было арганізавана на найлепшым узроўні і прынесла добры плён ў справе развіцця Касцёла ў Еўропе і адказе на выклікі нашага часу. Выказваю надзею, што прабыванне старшынь Біскупскіх Канферэнцый Еўропы ў Мінску дапаможа ім лепей пазнаць жыццё і рэальнасць Касцёла, экуменічныя адносіны і адносіны з дзяржавай, а таксама традыцыі беларускага народа. Яшчэ раз дзякую і ўжо сёння загадзя кажу: «Вітайце ў Мінску». |
Адноўлена 08.10.2016 21:14 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.