ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 11, 1–10
Спачне на Ім Дух Пана Чытанне кнігі прарока Ісаі. У той дзень:
Выйдзе парастак з пня Есэевага, і атожылак з кораня ягонага прынясе плод; і спачне на ім Дух Пана, дух мудрасці і разумення, дух парады і моцы, дух пазнання і боязі Пана. Напоўніцца баяззю Пана, і будзе судзіць не з погляду вачэй сваіх, і не са слыху вушэй сваіх будзе асуджаць. Ён будзе судзіць убогіх паводле справядлівасці, і прыгнечаным зямлі будзе выносіць прысуд ў праўдзе; і жазлом вуснаў сваіх ударыць зямлю, і дыханнем вуснаў сваіх заб’е няправеднага. І будзе справядлівасць паясам на бёдрах Яго, і вернасць - поясам на сцёгнах Ягоных. Тады воўк будзе жыць разам з ягнцам, і леапард разам з казлянём будзе ляжаць; і цяля, і малады леў, і вол будуць разам, а малы хлопчык будзе паганяць іх. І карова будзе пасвіцца разам з мядзведзіцай, і дзеці іх будуць ляжаць разам, і леў, як вол, будзе есці салому. І немаўля будзе гуляць над нарою аспіда, і дзіця працягне руку сваю да гнязда гадзюкі. Не будуць чыніць зла ані шкоды на ўсёй святой гары Маёй, бо будзе напоўнена зямля пазнаннем Пана, як водамі напаўняецца мора. І будзе ў той дзень: корань Есэя, што стане сцягам для народаў, будуць шукаць язычнікі, і стане слаўным месца ягонага адпачынку.
Гэта слова Божае. аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Пс 72 (71), 1–2. 7–8. 12–13. 17 (Р.: пар. 7)
Рэфрэн: Калі прыйдзе Збаўца, вечны мір настане.
1. Божа, дай суд Твой каралю, * і сыну караля — Тваю справядлівасць. 2. Няхай судзіць народ Твой справядліва * і прыгнечаных Тваіх — паводле права.
Рэфрэн:
7. У дні Ягоныя закрасуе справядлівасць, * і вялікі спакой, аж пакуль не знікне месяц. 8. І будзе Ён панаваць ад мора да мора, * і ад ракі аж да краю зямлі.
Рэфрэн:
12. Бо Ён вызваліць убогага, які Яго кліча, * і прыгнечанага, які дапамогі не мае. 13. Змілуецца Ён над бедным і ўбогім, * і душы бедных Ён уратуе.
Рэфрэн:
17. Імя Ягонае будзе трываць навекі, * пакуль свеціць сонца, будзе трываць імя Ягонае. Благаслаўлёныя будуць у Ім усе плямёны, * будуць славіць Яго ўсе народы.
Рэфрэн: а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Прыйдзе наш Пан з моцай вялікай, і асветліць вочы сваіх слугаў.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя. аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 10, 21–24 Езус узрадаваўся ў Духу Святым
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час ўзрадаваўся Езус у Духу Святым і сказаў: Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў дзецям. Так, Ойча, бо такое было Тваё ўпадабанне.
Усё перададзена мне Айцом Маім, і ніхто не ведае, хто ёсць Сын, апроч Айца, і хто ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын хоча адкрыць.
І, звярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што бачыце вы! Бо кажу вам, што многія прарокі і каралі хацелі ўбачыць тое, што бачыце вы — і не ўбачылі, і чуць тое, што чуеце вы — і не пачулі.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ
|