Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пятніца — Другі тыдзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 48, 17–19

Калі б ты зважаў на Мае запаведзі!

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Так кажа Пан, твой Адкупіцель,
Святы Ізраэля:
Я — Пан, Бог твой,
які вучыць цябе таму, што карыснае,
які накіроўвае цябе на шлях, якім трэба ісці.
О, калі б ты зважаў на мае запаведзі,
тады спакой твой быў бы, як рака,
і справядлівасць твая, як хвалі марскія.
І Твайго патомства было б, як пяску,
і нашчадкаў з улоння твайго, як яго пясчынак.
Не знікла б і не было б знішчана
імя тваё перад Маім абліччам.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 1, 1–2. 3. 4 і 6 (Р.: пар. Ян 8, 12)

Рэфрэн: Хто ідзе за Табою, той будзе жыць вечна.

1. Шчаслівы чалавек, які не ходзіць за радай бязбожных, †
і не ўзыходзіць на шлях грэшных *
і між насмешнікаў не засядае;
2. але ў Законе Пана яго асалода, *
над ім разважае ўдзень і ўначы.

Рэфрэн:

3. Ён будзе як дрэва пасаджанае каля воднага патоку, *
якое плод прыносіць ў свой час,
і лісце яго не вяне, *
а ўсё, што ён чыніць, яму ўдаецца.

Рэфрэн:

4. Не такі лёс бязбожных: *
яны як мякіна, што вецер разносіць.
6. Бо ведае Пан шлях справядлівых, *
а дарога бязбожных загіне.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Прыйдзе Пан, Князь спакою,
выходзьце Яму насустрач.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 11, 16–19

Не слухаюць ні Яна Хрысціцеля, ні Сына Чалавечага

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

Аднойчы:

Езус сказаў народу: З кім параўнаю пакаленне гэтае? Яно падобна да дзяцей, якія сядзяць на рынку і, звяртаючыся да сваіх аднагодкаў, кажуць: Мы гралі вам, а вы не танцавалі, мы галасілі, а вы не плакалі. Бо прыйшоў Ян, які не еў і не піў; і яны кажуць: У ім злы дух. Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, і кажуць: Вось чалавек, які любіць есці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў. І была апраўдана мудрасць справамі сваімі.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 29.01.2010 15:04
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.