Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пятніца — Трэці тыдзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 56, 1–3а. 6–8

Дом Мой будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў

Чытанне Кнігі прарока Ісаі.

Так кажа Пан:

Захоўвайце правасуддзе і чыніце справядлівасць,
бо  хутка прыйдзе збаўленне Маё
і аб’явіцца справядлівасць Мая.
Шчаслівы чалавек, які робіць гэта,
і сын чалавечы, які моцна трымаецца гэтага,
які захоўвае суботу, каб не ганьбіць яе,
і пільнуе руку сваю, каб не зрабіць ніякага зла.
І няхай сын чужаземца, які далучыўся да Пана,
не кажа: Сапраўды адлучыць мяне Пан ад свайго народа!
Сыноў чужаземцаў, якія далучыліся да Пана,
каб служыць Яму і любіць імя Пана,
каб быць Яго слугамі,
усіх, хто захоўвае суботу, каб не ганьбіць яе, і тых,
хто моцна трымаецца Майго запавету,
узвяду на гару Маю святую
і ўсцешу іх у Маім доме малітвы.
Усеспаленні іхнія і ахвяры
будуць даспадобы Мне на ахвярніку Маім,
бо дом Мой будзе названы
домам малітвы для ўсіх народаў.
Пан Бог, які збірае выгнаннікаў Ізраэля, кажа:
Апроч ужо сабраных, Я збяру для яго яшчэ іншых.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         Пс 67(66), 2–3. 5. 7–8 (Р.: пар. 4)

Рэфрэн: Няхай усе народы славяць Цябе, Божа.

2. Няхай Бог змілуецца над намі і благаславіць нас, *
няхай заззяе аблічча Яго над намі,
3. каб на зямлі мы спазналі Ягоную дарогу, *
між усімі народамі Яго збаўленне.

Рэфрэн:

5. Няхай весяляцца *
і радуюцца ўсе плямёны,
бо Ты судзіш народы паводле праўды *
і плямёнамі на зямлі кіруеш.

Рэфрэн:

7. Зямля прынесла свой плён; *
Няхай Бог, наш Бог нас благаслаўляе.
8. Няхай Бог нас благаслаўляе, *
няхай баяцца Яго ўсе межы зямлі.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Прыйдзі, Пане, і наведай нас у спакоі,
каб мы радаваліся перад Табою з чыстым сэрцам.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 5, 33–36

Ян быў свяцільнікам, які гарыць і свеціць

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Аднойчы:

Езус сказаў юдэям: Вы пасылалі да Яна, і ён засведчыў аб праўдзе. Я ж не ад чалавека прымаю сведчанне, але кажу гэта, каб вы былі збаўленыя. Ён быў свяцільнікам, які гарэў і свяціў, а вы хацелі нейкі час парадавацца пры святле ягоным.

Я ж маю сведчанне большае за Янава. Бо справы, якія Айцец даў Мне здзейсніць, тыя справы, якія раблю, сведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 29.01.2010 15:06
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.