Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
22 снежня — звычайны дзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
1 Сам 1, 24–28

Ганна дзякуе за нараджэнне Самуэля

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Калі Ганна адняла ад грудзі Самуэля, яна ўзяла яго з сабой, забіраючы таксама трохгадовае цяля, адну меру мукі і мех віна, і прыйшла з ім у Сілом, у дом Пана. Хлопчык той быў яшчэ дзіцём.

І забілі цяльца, і прывялі таго хлопчыка да Элія. І сказала яна: О, спадар мой! Няхай жыве душа твая, спадар мой! Я — тая самая жанчына, якая тут перад табою стаяла і малілася да Пана. Маліла аб гэтым хлопцы, і выканаў Пан просьбу маю, якую ўзносіла да Яго. І вось я аддаю яго Пану; ва ўсе дні, пакуль жыць будзе, ён прызначаны будзе для Пана.
І пакланілася там Пану.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

         1 Сам 2, 1. 4–5. 6–7. 8аbcd (Р.: пар. 1а)

Рэфрэн: Усім сваім сэрцам радуюся ў Пану.

1. Узрадавалася маё сэрца ў Пану, *
узняўся рог мой у Пану маім,
 раскрыліся вусны мае на ворагаў маіх, *
бо радуюся я Тваёй дапамозе.

Рэфрэн:

4. Лук моцных ламаецца, *
 а слабыя падпярэзваюцца сілаю.
5. Сытыя наймаюцца за хлеб, †
а галодныя адпачываюць; *
бясплодная семярых нараджае, †
а  шматдзетная знемагае.

Рэфрэн:

6. Пан забівае і ажыўляе, *
кідае ў адхлань і адтуль выводзіць.
7. Пан робіць бедным і багатым, *
 прыніжае і ўзвялічвае.

Рэфрэн:

8. З пылу падымае беднага, *
са смецця ўзнімае ўбогага,
 каб пасадзіць яго з вяльможамі, *
і даць яму ў спадчыну трон хвалы.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Валадару народаў, вуглавы камень Касцёла,
прыйдзі і збаў чалавека, якога Ты стварыў з пылу.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 1, 46–56

Вялікае ўчыніў мне Усемагутны

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У тыя дні сказала Марыя:

Велічае душа мая Пана,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы.
Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі,
і цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,
а імя Яго святое.
І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне
над тымі, хто Яго баіцца.
Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівыя сэрцам.
Скінуў магутных з трону
і ўзвысіў пакорных.
Дабром галодных насыціў, *
а багатых ні з чым адправіў.
Прыняў свайго слугу Ізраэля, *
памятаючы пра сваю міласэрнасць,    
як абяцаў бацькам нашым,
Абрагаму і яго патомству навекі.
І прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў і вярнулася ў дом свой.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 29.01.2010 14:58
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.