Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
31 ліпеня — успамін св. Ігнацыя Лаёлы, святара

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
1 Кар 10, 31—11, 1

Усё рабіце на славу Божую

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Ці ясце, ці п’яце, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую. Не будзьце прычынай упадку ні для юдэяў, ні для грэкаў, ні для Касцёла Божага, як і я дагаджаю ўсім ва ўсім, не шукаючы сваёй карысці, але карысці многіх, каб яны былі збаўленыя. Наследуйце мяне, як і я наследую Хрыста.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
  Пс 34 (33), 2–3. 4–5. 6–7. 8–9. 10–11 (Р.: 2а або 9а)

Рэфрэн: Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы.
Рэфрэн: Пакаштуйце і ўбачце, які добры ёсць Пан.

2. Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы, *
хвала Яго заўсёды на маіх вуснах.
6. Панам будзе ганарыцца душа мая, *
няхай чуюць гэта пакорныя і няхай весяляцца.

Рэфрэн:

4. Узвялічвай Пана са мной, *
будзем узвышаць імя Яго разам.
5. Я шукаў Пана, і Ён пачуў мяне, *
і ад усіх пагрозаў вызваліў мяне.

Рэфрэн:

6. Гляньце на Яго і прасвятліцеся, *
і твары вашыя не спазнаюць сораму.
7. Вось няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў, *
і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў.

Рэфрэн:

8. Анёл Пана аберагае тых, хто Яго баіцца, *
і вызваляе іх.
9. Пакаштуйце і ўбачце, які добры ёсць Пан! *
Шчаслівы чалавек, які на Яго спадзяецца.

Рэфрэн:

10. Бойцеся Пана, Ягоныя святыя; *
бо той, хто баіцца Яго, не мае нястачы ні ў чым.
11. Дзікія звяры церпяць нястачу і голад, *
а тым, хто шукае Пана, не будзе неставаць ніякага дабра.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Мц 5, 3
Шчаслівыя ўбогія духам,
бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 14, 25–33

Ніхто з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць вучнем Маім

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Шмат людзей ішло за Езусам. Звярнуўшыся, Ён сказаў ім: Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, і маці, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, і нават жыцця свайго, той не можа быць вучнем Маім. Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем.

Бо хто з вас, калі захоча пабудаваць вежу, спачатку не сядзе і не падлічыць выдаткаў, ці мае на будову. Калі ж закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго, кажучы: Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць.

Або які кароль, ідучы на вайну супраць іншага караля, не сядзе і не параіцца спачатку, ці моцны ён, каб ісці з дзесяццю тысячамі супраць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі? Калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру.

Гэтак ніхто з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем.

Гэта слова Пана.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 06.07.2010 17:52
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.