12 красавіка 2016 г.
Усемагутны міласэрны Божа, узносім да Цябе малітвы за нашу Айчыну і народ. Дзякуем за незлічоныя дабрадзействы, якімі Ты меў ласку з любоўю адарыць нас, асабліва за адраджэнне Каталіцкага Касцёла і ўстанаўленне Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і мітраполіі.
Просім Цябе, спрадвечны Ойча, каб мы пастаянна ўзрасталі ў веры, надзеі і любові і заўсёды выконвалі Тваю волю. Адары нас ласкай жыць згодна з духам Евангелля і сыноўняй адданасці Табе. Навучы пакорна прызнавацца ў сваіх правінах і шчыра за іх пакутаваць. Дай нам дух братняй згоды, пакоры і справядлівасці. Запалі ў нашых сэрцах агонь любові да ўсіх людзей і нашай Бацькаўшчыны, каб мы ёй і люду Твайму, забыўшыся пра ўласную карысць, годна служыць маглі.
Божа, Валадару і Пане народаў, з рук сваіх не выпускай нас, а праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі – Божай Маці Будслаўскай – благаславі нашу Айчыну, каб яна была заўсёды вернай Табе і прыносіла хвалу Твайму святому імені, а сыноў і дачок сваіх вяла да вечнага шчасця.
У Юбілейным Годзе Божай Міласэрнасці дазволь нам яе спазнаць і несці ў сучасны поўны эгаізму і трагедый свет. Дай нам ласку святога жыцця, якое не ведае помсты і ўзносіцца па-над самалюбства. Не дазволь праз легкадумнасць і маладушнасць сысці з дарогі высакародных маральных прынцыпаў. Знішчы ў нашых сэрцах замілаванне да дарэмнай хвалы і прагу часовых задавальненняў, каб мы няспынна і поўным крокам імкнуліся да хвалы ў небе.
О Пане, абудзі ў нашых сэрцах дух апостальства, каб мы імкнуліся дапамагаць усім у справе збаўлення, а праз ўчынкі, малітву і любоў памнажалі Тваю хвалу.
Спашлі Духа Святога на кіраўнікоў нашай краіны, каб яны згодна з Тваёю воляю мудра і справядліва служылі давераным ім людзям.
Багаты ў міласэрнасці Божа, благаславі Беларусь!
Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
|