19.06.2014 03:00 |
«Цела Маё — праўдзівы спажытак, а кроў Мая — праўдзівы напой
У той час:
Езус сказаў юдэям: Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта цела Маё дзеля жыцця свету.
Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: Як Ён можа даць нам есці сваё цела?
Езус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
Бо цела Маё — праўдзівы спажытак, а кроў Мая — праўдзівы напой. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, ува Мне ёсць, а Я — у ім.
Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, будзе жыць Мною. Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто есць хлеб гэты, будзе жыць навекі.
|