Ордэн братоў Прапаведнікаў (дамініканцы) |
Заснавальнікам ордэна дамініканцаў быў святы Дамінік (Дамінго) дэ Гусман (1170-1221), выкладчык універсітэту ў Паленсіі. Ідэя заснавання ордэну ўзнікла ў сувязі з евангелізацыйнай місіяй, якая на пачатку ХІІІ ст. праводзілася ў паўднёвай Францыі. Місія абапіралася пераважна на метады прымусу і запалохвання. Дамінік адчуў глыбокую салідарнасць з бедным людам, аб’ектам такой «евангелізацыі», і вырашыў абвяшчаць Добрую Навіну іншым спосабам, не так, як гэта рабілі папярэднія місіянеры. Ён сам стаў бедняком і пачаў прапаведаваць у стылі св. Паўла, як вандроўны апостал-жабрак. Да гэтага харызматычнага святара далучыліся іншыя. 22 сьнежня 1216 году Папа Ганорый ІІІ спецыяльнаю булай зацвердзіў новы спосаб дабравешчання. Гісторыя
Для Караткевіча дамініканец — гэта сімвал рэакцыі, кансерватызму і цемрашальства. Тым часам, гісторыя дамініканцаў трохі больш багатая: былі моманты цемрашальства і моманты «асветніцтва», рэакцыі і адраджэння, заняпаду і росквіту. А чаго было больш — няхай Бог судзіць. Заснавальнікам ордэна дамініканцаў быў святы Дамінік (Дамінго) дэ Гусман (1170-1221), выкладчык універсітэту ў Паленсіі. Ідэя заснавання ордэну ўзнікла ў сувязі з евангелізацыйнай місіяй, якая на пачатку ХІІІ ст. праводзілася ў паўднёвай Францыі. Місія абапіралася пераважна на метады прымусу і запалохвання. Дамінік адчуў глыбокую салідарнасць з бедным людам, аб’ектам такой «евангелізацыі», і вырашыў абвяшчаць Добрую Навіну іншым спосабам, не так, як гэта рабілі папярэднія місіянеры. Ён сам стаў бедняком і пачаў прапаведаваць у стылі св. Паўла, як вандроўны апостал-жабрак. Да гэтага харызматычнага святара далучыліся іншыя. 22 сьнежня 1216 году Папа Ганорый ІІІ спецыяльнаю булай зацвердзіў новы спосаб дабравешчання. Неўзабаве параўнальна невялікая група братоў Прапаведнікаў была разасланая па розных асяродках Эўропы (Парыж, Рым, Балёнія). Дамініканцы ад пачатку былі звязаны з найважнейшымі тагачаснымі універсітэтамі, таму ордэн да цяперашняга часу характарызуецца навуковым ухілам. Разам з тым, душпастырская дзейнасць заставалася і застаецца на парадку дня: дамініканскія прапаведнікі з’явіліся на Усходзе Еўропы, у Азіі, у Амерыцы (дзе заступаліся за індэйскіх абарыгенаў, якія цярпелі пераслед з боку еўрапейскіх каланізатараў) і на Далёкім Усходзе. На сённяшні дзень ва ўсім свеце налічваецца каля 6500 братоў Прапаведнікаў. На беларускіх землях дамініканцы з’явіліся ўжо ў ХІІІ стагоддзі, калі Вялікае Княства Літоўскае было яшчэ ў зародкавым стане. Пасля хрышчэння і каранацыі Міндаўга (17 ліпеня 1251) менавіта дамініканцы (разам з францішканцамі) на чале з благаслаўлёным Вітам выконвалі місію хрысціянізацыі новай дзяржавы. У XVII ст. у Гародні паўстала дамініканскае Studium Generale — навучальная ўстанова, якая мела права надаваць навуковыя ступені. У часы Расійскай Імперыі Studium было скасавана. У кантэксце дзейнасці Ордэна Прапаведнікаў у нашай краіне асаблівай увагі заслугоўвае асоба [Мацея-?] Магнушэўскага (1758[?]-1828), дамініканца, які быў настаўнікам Паўлюка Багрыма, аднаго з пачынальнікаў беларускага рэнесансу ХІХ ст. Магнушэўскі быў пробашчам у Крошыне (непадалёк ад Баранавічаў) і адначасова дырэктарам школы. Гэты разумны і вельмі адукаваны чалавек моцна зжыўся з простым людам, пераняў іх мову, «спрасцеў», як казалі паны. Школа Магнушэўскага стала не толькі калыскаю беларушчыны, але таксама гняздом вальнадумства. Вучні знаёміліся там з ідэямі свабоды сялянаў і бунту супраць панскага прыгнёту. Калі паміж крошынскімі сялянамі і мясцовым панам узнік востры канфлікт, Магнушэўскі стаў на бок сялянаў. Перамаглі, на жаль, тыя, што мелі ўладу: сялян запалохалі, школу зачынілі, а Магнушэўскага ўзялі пад нагляд. Гэта, відаць, і прыспешыла ягоную смерць. На сённяшні дзень на Беларусі працуюць чатыры дамініканцы — біскуп Казімір Велікаселец, (Брэст), а. Міхал Ермашкевіч, а. Павел Апалінскі і а. Браніслаў Дашкевіч (Віцебск). Чатыры беларусы праходзяць фармацыю і навучанне ў Кракаве, яшчэ адзін — у навіцыяце ў Познані. Беларускія дамініканцы ўтвараюць так званы Беларускі вікарыят Польскай правінцыі. Абсяг дамініканскай місіі пакуль што абмяжоўваецца толькі душпастырскай дзейнасцю ў названых гарадах. Тым не менш, дамініканцы ўсведамляюць наяўнасць такіх выклікаў, як душпастырства навукоўцаў і студэнтаў, экуменізм і спрыянне культурнаму дыялёгу ў грамадстве. Беларуская культура з’яўляецца «культурай памежжа», прасторай суіснавання беларуска-, руска- і прастамоўнай стыхіі, суіснавання праваслаўных, каталікоў і пратэстантаў, дэмакратычнай і аўтарытарнай опцыі, праеўрапейскай і прарасійскай арыентацыі. Адсюль сур’ёзным выклікам з’яўляецца развіццё гуманітарных навук і рэфлексія над роляй хрысціянства ў духоўным аднаўленні беларускага грамадства. Такім чынам, дамініканцы маюць намер, па магчымасці, заняцца развіццём тэалогіі, філасофіі і культуралогіі ў Беларусі. Дух і харызма Што рабіць з гэтым грэшным светам? Пазнаць, палюбіць і ахвяраваць Богу. Гэта — тры этапы, якія для дамініканцаў асабліва важныя. Гэтыя этапы абумоўліваюць наша прапаведванне. Нярэдка так бывае, што мы спеяшаемся асуджаць і ганіць, ацэньваючы нешта як зло з прычыны сваёй недасведчанасці. Дамініканцам уласцівы няспынны пошук праўды, перагляд папярэдніх перакананняў. Мы верым, што такім чынам становімся больш здольныя любіць і дзейсна дапамагаць людзям. Імя «Dominicus» мае форму прыметніка, што паходзіць ад лацінскага слова «Dominus», якое азначае «Пан», «Госпад», «гаспадар», а само яно паходзіць ад больш блізкага нам слова «domus» — дом, гаспода, гаспадарства. Дом — гэта атмасфэра ўтульнасці і бяспекі. Дамініканцы пакліканыя «асвойваць» гэтую зямлю, рабіць яе домам. Мы верым, што Пан — Хрыстус здольны перамяніць гэты свет, ператварыць яго ва ўтульную гасподу, дом, сям’ю. Мы хочам будаваць «дом» унутры Касцёла, але таксама дом паміж Касцёламі; хочам паклапаціцца, каб суседства праваслаўных, каталікоў, пратэстантаў было цёплым і добразычлівым. Сузіранне (кантэмпляцыя) — гэта цэнтр нашага духоўнага жыцця. Сузіранне — гэта любоўны супачын у Богу, у Духу Святым, у Ласцы, якая на нас сыходзіць праз Духа. Сузіранне — гэта крыніца ўнутранай радасці і рэлігійнага захаплення. А без радасці і без захаплення марным было б наша прапаведванне. Інквізіцыя, якая некалі была даручана Ордэну Прапаведнікаў, надалей застаецца актуальнай. Але заданне сучаснай інквізіцыі (ад лац. inquisitio — шуканне) — шукаць дабро ў іншым чалавеку. Ёсць два віды інквізіцыі. Першы від — гэта вышукванне, высочванне ерэтыка з мэтай асудзіць і знішчыць. Другі від — любоў і павага да «ерэтыка», шуканне таго, што ў ім праўдзівае, нават гатоўнасць вучыцца ў яго. Заўжды застаюцца актуальнымі словы святога Тамаша Аквінскага ОП: «Якая-кольвечы праўда, кім-кольвечы сказаная, ёсць ад Духа Святога». Дамініканскае благаслаўленне ХІІІ ст.
няхай беражэ нас Бог Сын, Дух Святы няхай нас асвячае і дасць нам вочы, каб мы глядзелі, вушы, каб слухалі, рукі для Божай працы, ногі, каб ішлі, ды вусны, каб абвяшчалі Слова збаўлення. Няхай дасць нам Анёла Супакою, каб сцярог нас і праз ласку нашага Госпада давёў нас да Валадарства. Амэн. Мейстэр Экхарт — дамініканскі містык ХІV стагодзьдзя:
Рыбак ня можа злавіць рыбу, пакуль яна не праглыне кручок. Той, хто вісіць на кручку, схоплены так хутка, што ягоныя рукі і ногі, вусны і вочы, і сэрца — усё гэта ў гэтай асобе належыць Богу. Чакайце гэтага кручка, гэтага шчаслівага паймання, бо чым больш вы злоўленыя, тым больш вы свабодныя. Для зацікаўленых дамініканскім жыццём існуе магчымасць прыезду на 2-3 дні ў познаньскі, кракаўскі ці варшаўскі кляштар (дамы навіцыяту і дамы студэнтату) Звяртацца па адрасу:
ul. Kościuszki 99 60-919 Poznań тэл. (0-61) 852 31 34 Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
вул. Карла Маркса 49-А, кв. 13 210013 Віцебск тэл. (212) 360-418 Спасылкі Болей даведацца пра дамініканцаў можна ў сеціве: А пра дзейнасць у сферы правоў чалавека і грамадзкай этыкі на старонцы: |
|||||||
Адноўлена 25.09.2009 16:32 |