Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Таварыства Езуса (езуіты)
«У адну з бяссонных начэй ён бачыў вобраз нашай Пані са Святым Дзіцяткам Езусам. Гэтае бачанне напоўніла яго незвычайнаю радасцю і такою моцнаю агідаю да мінулага жыцця, а асабліва да грахоў плоці, што здавалася, быццам з яго душы былі сцёртыя ўсе тыя вобразы і ўяўленні, якія аж да гэтага часу былі захаваныя ў ёй. (...) Таму ён запытаўся сам у сябе: „Што гэта за такое новае жыццё, якое цяпер мы распачынаем?“» — распавядае пра сваё пакліканне Ініго Лопес, вядомы як святы Ігнацый Лаёла. Гарматная куля, якая раструшчыла калена рыцара Ініго Лопеса падчас бітвы паміж Іспаніяй і Францыяй пад Памплонай, паклала пачатак радыкальнай перамене ў яго сэрцы. За доўгі перыяд лячэння і выздараўлення ў яго быў час паразважаць над ладам і значэннем свайго жыцця, а таксама над тым, што на самай справе ён хацеў з ім зрабіць.

Ініго аддаўся фантазіям і марам. Першыя з іх датычылі перамогаў у бітвах і заваявання жаночых сэрцаў. Яны прыносілі яму задавальненне, якое, аднак, было нядоўгім і пакідала пасля сябе толькі незадаволенасць і нуду. Другія мары датычылі заваёваў іншага тыпу: бачанняў і місій вялікіх святых і адвечнай чалавечай вандроўкі ў імкненні да таго, што існуе па-за гэтым часам і месцам на зямлі. Гэтыя апошнія мары ажыўлялі Ініго і натхнялі.

Святы Ігнацый заўважыў гэтую розніцу і пачаў задумвацца над ёю. Ён пераканаўся, што мары, якія зводзіліся толькі да людскіх жаданняў, былі павярхоўнымі і не маглі яго падтрымаць. Затое мары, якія закраналі чалавечае імкненне да найвышэйшых каштоўнасцяў, былі закаранёныя глыбей і нечакана адкрывалі ў ім новую крыніцу энергіі. Святы Ігнацый не толькі разважаў над магчымасцю дасягнення найвышэйшых каштоўнасцяў, але пачаў рэалізоўваць гэтыя думкі ў сваім жыцці. Ён старанна даследаваў працэс духоўнага адкрыцця і росту, якім дзяліўся са сваімі новымі сябрамі. Ігнацый нястомна рабіў запісы, якія потым склалі кнігу пад назваю «Духоўныя практыкаванні». Гэтыя «практыкаванні» заахвочваюць нас знаходзіць адказ на розныя важныя пытанні, напрыклад: Як распазнаць дзеянне Бога ў нашым жыцці? Як адрозніць тое, што паходзіць ад Бога, ад таго, што не мае нічога супольнага з Ім? Як жыць у згодзе з самім сабою і прымаць самастойныя рашэнні? Як фармаваць нашыя самыя запаветныя мары і вызваляць іх ад путаў, якія ім перашкаджаюць?

«Практыкаванні» дапамагаюць нам усвядоміць, што ўсё, што з намі здараецца, з’яўляецца як бы дотыкам Бога. Усё гэта заахвочвае нас даць належны адказ на станоўчыя імкненні сэрца і душы і супрацьстаяць негатыўнай рассеянасці, а таксама выбіраць, кіруючыся ўнутранай свабодай і раўнавагай. «Практыкаванні» дапамагаюць нам адкінуць ўсё, што парушае нашую сувязь з Богам, каб шукаць тое, што найбольш адпавядае каштоўнасцям, якія глыбока ў нас схаваныя. Усё больш людзей разумела, што «практыкаванні» дапамагаюць ім у жыцці і нават змяняюць яго. Так адбываецца і сёння.

Святы Ігнацый прагнуў дзяліцца сваім вопытам з іншымі. Разам з групаю сяброў ён заснаваў Таварыства Езуса — закон, які з даўніх часоў і аж да сённяшняга дня распальвае ва ўсім свеце агонь Духа Божага ў сэрцах людзей, якія шукаць найвышэйшых каштоўнасцяў. Дотык Бога ў жыцці святога Ігнацыя наказаў яму выйсці насустрач церпячаму свету, у якім толькі кантэмпляцыя (сузіранне) і малітва могуць стаць найбольш дзейсным сродкам у дзейнасці і служэнні бліжнім.

Гэты рыцар, мысляр, чалавек малітвы і ўчынку вёў сваіх таварышаў, езуітаў, шляхам малітвы да барацьбы супраць роспачы, цярпення і несправядлівасці, што пануе ў свеце. З таго часу, калі жыў святы Ігнацый, і да сённяшняга дня яго погляды прывабліваюць і заахвочваюць многіх людзей да таго, каб распачаць агульнае «падарожжа сэрца».

За 450-гадовую гісторыю існавання езуіты далі Касцёлу 44 святых, 137 благаслаўлёных, 68 Слугаў Божых, а таксама 2 доктараў Касцёла і 34 кардыналаў.

Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.