Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кангрэгацыя Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і (місіянеркі Святой Сям’і)
Сярод разнастайных харызматаў, якімі Дух Святы ўзбагачае людзей для выканання асаблівай місіі ў святым Касцёле, варта звярнуць увагу на харызмат еднасці, якім Бог адарыў благаслаўлёную Баляславу Лямэнт, заснавальніцу Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і. Галоўнай мэтай яе жыцця і створанай ёю кангрэгацыі стала еднасць Касцёла, тая еднасць, аб якой у Вячэрніку маліўся Хрыстус: «Святы Ойча, захавай у Тваім імені тых, каго Ты мне даручыў, каб гэтак, як і мы, яны былі адно».

Благаслаўлёная Баляслава нарадзілася 3 ліпеня 1862 года ў шматдзетнай сям’і рамесніка ў Ловічы (Польшча). Пасля базавай школы яна закончыла трохгадовую рускую гімназію з залатым медалём. Бацькі паслалі яе ў Варшаву атрымаць дыплом краўца. Папрацаваўшы два гады швачкаю, па парадзе спаведніка яна ўступіла ў Кангрэгацыю Сясцёр Святой Сям’і Марыі. Пасля часовых шлюбаў Баляслава працавала выхавацелькаю дзяўчат у розных дамах кангрэгацыі. Калі надышоў час скласці вечныя шлюбы, Баляслава выйшла з кангрэгацыі, бо хацела ўступіць у закрыты кляштар, аднак спаведнік указаў ёй на неабходнасць працы сярод пакінутай і занядбанай моладзі, каб абараніць яе ад страты веры і патрыятызму. Тады яна вярнулася ў Варшаву, дзе заснавала швейнае атэлье і адначасова Дом-начлег для бяздомных маці, якім кіравала дзесяць гадоў, клапоцячыся не толькі пра іх матэрыяльны, але і пра духоўны стан, рэлігійнае і маральнае жыццё, пра вяртанне да Бога.

Усё яе жыццё было напоўнена жаданнем праслаўляць Бога, павялічваць Яго хвалу і клапаціцца пра збаўленне душаў. Глыбока прасякнутая вучэннем Евангелля, Баляслава хацела, каб як мага больш людзей атрымала плён са справы адкуплення, якую здзейсніў Хрыстус.

Кангрэгацыя Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і была заснавана благаслаўлёнай Баляславай Лямэнт у 1905 годзе ў Магілёве. Мэтаю кангрэгацыі павінны былі стаць малітва, рэлігійна-выхаваўчая дзейнасць і імкненне да паяднання і еднасці Праваслаўнай Царквы з Каталіцкім Касцёлам. Сёстры фармуюць сваё жыццё па прыкладзе Святой Сям’і, а ідэал еднасці бачаць у Найсвяцейшай Тройцы. Гэтак жа як Святая Сям’я далучылася да здзяйснення збаўчага плана Бога, так і кангрэгацыя далучаецца да пашырэння Божага Валадарства, працуючы ў духу свайго асаблівага апостальска-экуменічнага паклікання.

Шлях да еднасці — гэта Езус Хрыстус, які застаўся з намі ў Сакрамэнце Эўхарыстыі як знак еднасці, таму благаслаўлёная Баляслава з асаблівай пабожнасцю здзяйсняла пакланенне Пану Езусу, скрытаму ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Надзвычайнаю ласкаю яна лічыла магчымасць удзельнічаць у Найсвяцейшай Ахвяры і прысутнасць Пана Езуса пад постаццю хлеба ў капліцах супольнасці. «Будзем звяртацца да Яго ў любых абставінах, бо гэта наш Бог, Валадар і Галава... Будзем часта наведваць Яго... Будзем казаць Яму пра нашыя беды і цяжкасці нашай душы».

Благаслаўлёная Баляслава пакінула шмат прыгожых тэкстаў пра Эўхарыстыю. Яна пісала: «Уцелаўленне — гэта дар Божы для ўсяго чалавецтва, а Эўхарыстыя — дар для кожнай душы». Кожны табэрнакулюм яна называла «самарыйскаю студняю», каля якой Боскі Вандроўнік адпачывае і, больш за тое, чакае нас і запрашае на сардэчную размову, кажучы: «Дай мне піць». Згодна з думкаю заснавальніцы, мабалізуючай сілай у працы, уласцівай кангрэгацыі, з’яўляецца паяднанне з Езусам Эўхарыстычным. Адказам сясцёр на любоў Езуса з’яўляецца жыццё ў духу перапрашэння як у асабістым жыцці, так і ў тым, што датычыцца даручанай ім місіі.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі кангрэгацыя перабралася на тэрыторыю Польшчы. Пасля Другой сусветнай вайны засталіся толькі два асяродкі кангрэгацыі на Усходзе: у Вільні і Пінску.

Вяртанне на ўсходнюю тэрыторыю стала магчымым толькі пасля 1989 года. Сёстры распачалі працу ў Літве, у Расіі, у Беларусі. Праца сясцёр заключаецца ў падрыхтоўцы да святых сакрамэнтаў і да вызнавання веры, у дапамозе тым, хто жыве ў нястачы: сёстры гатуюць абеды для самых бедных, наведваюць вязняў, апякуюцца самотнымі маці, якія адны выхоўваюць дзяцей, кіруюць цэнтрамі для сіротаў і для дзяцей з праблемных сем’яў.

Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.