Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кангрэгацыя Місіянераў Святой Сям’і (місіянеры Святой Сям’і)
Жан Бэрцье, заснавальнік Кангрэгацыі Місіянераў Святой Сям’і, нарадзіўся 24 лютага 1840 г. у паўднёва-ўсходняй Францыі. З дзяцінства ён хацеў стаць святаром. У 1853 г. паступіў у Ніжэйшую духоўную семінарыю ў Грэноблі. Падчас вучобы ў семінарыі ён разам з сябрамі здзейсніў пілігрымку ў Ля Салет, месца аб’яўлення Маці Божай. Пазней, пасля атрымання дыяканскага пасвячэння, Жан уступіў у навіцыят місіянераў з Ля Салет — айцоў салятынцаў. Яшчэ будучы ў навіцыяце, ён атрымаў святарскае пасвячэнне. Маладога святара законніка хвалявала праблема запозненых пакліканняў, а таксама тых маладых людзей, якія з-за свайго маёмаснага стану не маглі стаць святарамі. Паколькі айцец Жан не мог вырашыць гэтыя пытанні ва ўласнай кангрэгацыі, ён вырашыў заснаваць новую законную супольнасць.

Ствараючы яе, Жан Бэрцье меў намер выхоўваць простых і сціплых місіянераў у духу Святой Сям’і. Ён гаварыў, што «апостальскі запал можа прымаць розныя формы ў залежнасці ад абставінаў, але яго аснова, таксама як і аснова апостальства, здзяйснення добрых учынкаў, заўсёды тая самая, і ніхто не можа яе змяняць паводле свайго меркавання. Гэтаю асноваю з’яўляецца любоў да нашага Бога і любоў да нашага бліжняга».

У жыцці заснавальніка выключнае месца займала Марыя. Вось што ён казаў: «Наказваю вам, дзеці мае, каб вы больш маліліся да Маці Божай... Я ўдзячны Ёй за ўсё, таксама за тое маленькае дабро, якое магу чыніць у свеце. Заўсёды дзякуйце Марыі, калі будзеце мець шчасце цэлебраваць Найсвяцейшую Ахвяру і абвяшчаць Божае слова, бо ўсё гэта толькі дзякуючы Ёй».

Харызматам Кангрэгацыі Місіянераў Святой Сям’і з’яўляецца апостальская дзейнасць сярод тых, «каго здалёк пакліча Пан Бог наш».

Мэта дзейнасці кангрэгацыі — рэалізацыя місіянерскага апостальства. Праз сведчанне сваім жыццём і прыкладам, а таксама дзякуючы энтузіязму, з якім місіянеры Святой Сям’і выконваюць свае заданні, яны спрабуюць актывізаваць супольнасць вернікаў і падрыхтаваць глебу для развіцця святарскіх, манаскіх і іншых місіянерскіх пакліканняў. Па натхненні свайго заснавальніка, браты таксама аддаюць асаблівую ўвагу душпастырству сем’яў, якое з’яўляецца падставаю для абуджэння місіянерскіх пакліканняў, таму што хрысціянскія сем’і — гэта маленькія Касцёлы, у якіх нараджаюцца пакліканні. У сем’ях становіцца прысутным Валадарства Божае, і ззяннем свайго святла яно ўздзейнічае на іншых людзей. Сваё місіянерскае апостальства кангрэгацыя ажыццяўляе асабліва там, дзе людзі далёкія ад Бога, дзе яшчэ няма Касцёла або ён у заняпадзе, дзе ёсць найбольшая патрэба.

Прыклад Святой Сям’і накладае адбітак на духоўнасць кангрэгацыі. Жан Бэрцье хацеў, каб Святая Сям’я была прыкладам духоўнага жыцця місіянераў, бо ў ёй выхоўваўся Езус Хрысту і тут Бог бачным чынам звярнуўся да людзей. Тут таксама з’явіўся найбольш выразны адказ чалавека на дар Божы. Усе этапы выхавання ў кангрэгацыі накіраваны на фармаванне духоўнасці, якая грунтуецца на даверы да Бога, падпарадкаванні Яго волі ў простым жыцці, напоўненым працай. Айцец заснавальнік часта звяртаўся да сваіх духоўных сыноў у духу Святой Сям’і, як і ў гэтых словах: «Дзеці мае, ваша карысць і ваша шчасце знаходзяцца на шляху самаўдасканалення. Вы не дасягнеце, не спазнаеце шчасця, пакуль не прымеце духа Святой Сям’і. Калі ў доме законным Святой Сям’і ты можаш сябе рэалізаваць, гэта значыць, што ты наследуеш яе». Святую Сям’ю Жан Бэрцье назваў «дасканалым прыкладам еднасці сэрцаў, узаемаразумення, паслухмянасці і адрачэння на карысць іншых». Яе еднасць у Богу з’яўляецца для нас заклікам да братэрскай еднасці, чалавечай адкрытасці і гасціннасці і ў той жа час наказам весці людзей да адной сям’і Айца.

У 2003 годзе распачаўся працэс беатыфікацыі Слугі Божага айца місіянера Святой Сям’і Эдмунда Каляса, забітага 7 чэрвеня 1943 года ў канцэнтрацыйным лагеры ў Маўтхаўзене ў Германіі.

Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.