Кангрэгацыя Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў (салезіянкі) |
Кангрэгацыя Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў, вядомая пад назваю сёстры салезіянкі, была створана 5 жніўня 1872 года ў Марнэзэ ў Італіі. Яна была заснавана св. Янам Боско з дапамогаю плённага і вернага супрацоўніцтва св. Марыі Дамінікі Мадзарэла для вядзення справы хрысціянскага выхавання сярод дзяўчат, асабліва бедных і пакінутых.
Марыя Дамініка паходзіла з Марнэзэ, малёнькай п’емонцкай вёскі ў Італіі. З маленства яна развівала ў сабе любоў да Езуса Эўхарыстычнага і Маці Божай. Штодзённая святая Імша стала асноваю яе жыцця, а святло, зачэрпнутае раніцою ў Эўхарыстыі, асвятляла ўвесь дзень яе цяжкай працы ў вінаградніку. Падчас эпідэміі тыфу Марыя даглядала сваякоў, заразілася ад іх і зусім занядужала. Не маючы сілы больш працаваць у вінаградніку, яна атрымала прафесію краўца і разам з сяброўкаю занялася выхаваннем мясцовых дзяўчат. Яна клапацілася не толькі пра тое, каб дзяўчаты навучыліся шыць, але перш за ўсё, каб сталі добрымі хрысціянкамі. Адчыніўшы кравецкую майстэрню, Марыя вырашыла, што «кожны шывок будзе актам Божай любові». Словам і прыкладам свайго жыцця яна заахвочвала дзяўчат часта прымаць святую Камунію. Марыя была таксама адной з найруплівейшых сябровак Таварыства Дачок Беззаганнай у Марнэзэ, таму малітва да Маці Божай і марыйныя песні гучалі ў майстэрні кожны дзень. Прыклад Панны Марыі, якая з любоўю прыняла і выканала Божую волю, быў для Марыі і для ўсіх дзяўчат узорам для наследавання. Апрача працы ў майстэрні, Марыя арганізоўвала для дзяўчат розныя забавы, падарожжы, пілігрымкі ў санктуарыі Маці Божай і рабіла гэта для таго, каб абараніць сваіх выхаванак ад зла і навучыць любіць Бога. У 1864 годзе ў Марнэзэ прыехаў кс. Боско, які, бачачы апостальскую адданасць Марыі і яе сябровак, сказаў: «Маліцеся і рабіце ўсё, што можаце, каб пазбегнуць хоць аднаго штодзённага граху». У 1872 годзе пры дзейсным супрацоўніцтве Марыі Мадзарэла кс. Боско заснаваў Кангрэгацыю Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў. Ужо праз пяць гадоў пасля заснавання сёстры выехалі на місію ў Аргенціну. На сённяшні дзень амаль 17 тысяч сясцёр працуюць ва ўсім свеце. На Беларусі сёстры салезіянкі распачалі сваю апостальскую місію ў 1991 годзе. У жыцці і працы сёстры заўсёды кіруюцца прыкладам святой Марыі Дамінікі Мадзарэла, сузаснавальніцы супольнасці. Духоўнасць супольнасці ажыўляе «дух Марнэзэ» — сінтэз шляху да святасці, які быў паказаны першымі дочкамі Марыі Успамогі Хрысціянаў. Салезіянка імкнецца да святасці не адна — яна ідзе да яе разам з маладымі людзьмі і развіваецца ў лучнасці з супольнасцю. «Дух Марнэзэ» — гэта атмасфера дома-супольнасці, напоўненага самаадданасцю, запалам да апостальскай працы, духам ахвярнасці, якія натхняюць крочыць супольным шляхам да святасці. Шырока вядомыя маладыя салезіянскія святыя Дамінік Савіо і благаслаўлёная Лаўра Вікуна. Памятаючы пра заклік заснавальніка: «Даверцеся Езусу ў Найсвяцейшым Сакрамэнце і Марыі, Успамозе Хрысціянаў, і ўбачыце, што такое цуды», кангрэгацыя імкнецца здзяйсняць сваю апостальскую і выхаваўчую місію сярод дзяцей і моладзі. Асноваю дня сясцёр з’яўляецца Эўхарыстыя, а сэрцам дома — Хрыстус, прысутны ў табэрнакулюме. Існуе практыка частага, кароткага наведвання Езуса Эўхарыстычнага. Па-за святой Імшой сёстры штодня збіраюцца апоўдні на малітву перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Сутнасць дзейнасці супольнасці — гэта выхаваўчы метад ксяндза Боско, які абапіраецца на розум, рэлігію і любоў. Салезіянскі шлях — гэта пастаяннае супрацьдзеянне абыякавасці, мэта якога — стаць знакам і праяваю апераджальнай любові Бога да моладзі. За больш як стогадовую гісторыю свайго існавання кангрэгацыя выпрацавала розныя формы дзейнасці. Сёстры выконваюць сваю місію сярод дзяцей і моладзі на ўсіх кантынентах свету. Яны праводзяць катэхізацыю, апякуюцца школамі, выхаваўчымі асяродкамі, інтэрнатамі, кіруюць араторыямі, моладзевымі цэнтрамі. Яны арганізуюць і займаюцца аніматарствам апостальскіх рухаў сярод моладзі з мэтаю дзейснага і адказнага ўключэння яе ў жыццё Касцёла. Яны вядуць місійную дзейнасць у розных краінах свету і кожную раніцу моляцца такімі словамі: «О Марыя, Успамога Хрысціянаў, учыні, каб мы былі жывымі членамі Касцёла і маглі здзяйсняць яго місію, ідучы разам з моладдзю шляхам святасці». Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005. |