Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Санктуарый Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай) у Гродне
Абраз Маці Божай Кангрэгацкай
Гродзенскай катэдры наданы тытул Малой Базылікі, у якой знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай). Галоўная ўрачыстасць святкуецца 5 жніўня.
d

 Кантакты

Тытул санктуарыя:
 катэдра св. Францішка Ксаверыя
Святая Імша: у нядзелі і святы 7.30, 9.00, 10.30, 12.00, 15.00, 16.30, 19.00, 21.00
у звычайныя дні  7.00, 8.00, 9.00, 12.00, 17.30, 19.00
Адпусты:
 5 жніўня — Маці Божай Кангрэгацкай, 3 снежня — успамін Cв. Францішка Ксаверыя
Адрас: пл. Савецкая, 4; г. Гродна, Гродненскі р-н, Гродненская вобл., Рэспубліка Беларусь 230025
Тэл.:
  8 (0152) 74-00-94
8 (0152) 74-36-67 (пробашч)
8 (0152) 74-36-17 (канцылярыя)
 Вэб-сайт:  katedra.grodnensis.by
 E-mail: Этот e-mail адрес защищен от спам-ботов, для его просмотра у Вас должен быть включен Javascript    Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript

 

З гісторыі санктуарыя


Катэдральны касцёл святога Францішка Ксаверыя ў ГроднеКатэдральны (былы езуіцкі) касцёл святога Францішка Ксаверыя ў Гродне залічаны да выдатнейшых помнікаў Вялікага Княства Літоўскіага. Катэдральная базыліка і сёння з’яўляецца адным з самых каштоўных помнікаў архітэктуры стылю барока на гэтых землях.

У 1585 г. кароль Стэфан Баторы ахвяраваў 10 тыс. злотых на будаўніцтва касцёла і калегіума езуітаў у Гродне. Каралеўская задума была рэалізавана прыкладна праз 100 гадоў. Прозвішча архітэктара барочнага фарнага касцёла невядома.

21 чэрвеня 1678 г. — біскуп Мікалай Слупскі асвяціў вуглавы камень пад пабудову касцёла.

1683 г. — закладзены фундамент.

1700 г. — першая святая Імша ў яшчэ недабудаваным касцёле.

6 снежня 1705 г. — кансэкрацыя касцёла хэлмінскім біскупам Тэадорам Патоцкім. На ўрачыстасці прысутнічалі кароль Аўгуст ІІ і цар Пётр І.

1772 г. — заканчэнне будаўнічых працаў.

Фотаздымак сярэдзіны XVII ст.З 1960 г. па 1988 г. у парафіі не было святара. На працягу гэтых 28 гадоў вернікі збіраліся ў касцёле кожную нядзелю. Ставілі на алтар келіх, імшал, клалі арнат, запальвалі свечкі і распачыналі набажэнства без святара. Чыталі святое Пісанне, спявалі, затым ішлі ў працэсіі. У 1987 г. улады дазволілі адпраўляць святую Імшу толькі 5 разоў у год. У 1988 г. пробашчам парафіі стаў кс. Тадэвуш Кандрусевіч, сённяшні арцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

15 снежня 1990 г. Ян Павел ІІ надаў касцёлу статус Малой Базылікі.

13 красавіка 1991 г.
касцёл стаў катэдрай новастворанай Гродзенскай дыяцэзіі. У гэты ж дзень Ян Павел ІІ прызначыў кс. Аляксандра Кашкевіча біскупам дыяцэзіі.

4 ліпеня 1998 г.
дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі прызначаны кс. Антоні Дзям’янка, які да 2004 г. з’яўляўся пробашчам гродзенскай катэдральнай базылікі.

jЗ гісторыі абраза

Абраз быў прывезены з Рыма правінцыялам дамініканаў і падараваны канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Альбрэхту Станіславу Радзівілу (1595–1656). Пасля смерці канцлера абраз дастаўся кс. дамініканіну Куклінскаму, потым — Войцеху Жаляроўскаму, а той у 1664 г., ужо будучы цяжкахворым, падараваў яго кангрэгацыі студэнтаў пры калегіуме езуітаў.

Урачысты перанос абраза з маёнтка Жаляроўскага Кульбакі ў касцёл езуітаў (яшчэ драўляны, апосталаў Пятра і Паўла) адбыўся 3 жніўня 1664 года.  Але перад гэтым па просьбе кангрэгацыі камісіяад віленскага біскупа ў складзе канцлера дыяцэзіі кс. Казіміра Вайшняровіча і пробашча касцёла св. Брыгіты кс. Станіслава Катоўскага пацвердзіла 108 цудаў абраза, засведчаных пад прысягай, і 20 ліпеня склала адпаведны пратакол, пасля чаго біскуп Юрый Белазор прызнаў абраз цудатворным.

Абраз, намаляваны на медным лісце памерамі 22х17 см, іканаграфічна з’яўляецца спісам слыннага абраза Маці Божай Снежнай з рымскай базылікі Санта Марыя Маджорэ, перапрацаваным у раннебарокавым стылі пры захаванні характэрных прыкметаў пратографа. Высокія мастацкія якасці жывапісу (дакладны малюнак, багаты каларыт, умелае карыстанне светлаценем) можна лічыць пацверджаннем гістарычнай легенды пра італьянскае паходжанне. Але хто з дамініканскіх правінцыялаў і калі прывёз яго ў Беларусь? Думаецца, што, хутчэй за ўсё, гэта адбылося ў перыяд стварэння Літоўскай правінцыі дамініканаў. У 1644 г. генеральная капітула дамініканаў у Рыме пастанавіла стварыць асобную Літоўскую кангрэгацыю пад назвай Анёла Ахоўніка, а ў 1647 г. яна была ператворана ў правінцыю з усімі правамі, і першым правінцыялам стаў Пятроній Каменскі (Камінскі), якога ў 1650 г. змяніў Альфонс Казноўскі, а ў 1652 г. — Томаш Кансолі. Хтосьці з іх, магчыма, апошні італьянец быў накіраваны Рымам у краіну, ужо закранутую казацкай вайной, і прывёз абраз.

Выкарыстаны матэрыялы з артыкула
Аляксандра Ярашэвіча
Цуды абраза Маці Божай Кангрэгацкай// Наша вера. 2005 № 3(33).

gЦуды абраза Маці Божай Кангрэгацкай

Каля 1731 г. на прывеліяванай лаве (сталі) невядомы мастак намаляваў 16 сюжэтаў з гісторыі цудатворнага абраза, некаторыя з якіх вядомы з «Сумарыюша» 1686 г., іншыя, відаць, узяты з не дайшоўшай да нас рукапіснай кнігі цудаў.

1. Першы малюнак паказвае ўцёкі Жаляроўскага і яшчэ 20 шляхціцаў з вязніцы. Зычлівая і літасцівая ахова шэптам паведаміла ім, што «ваяводзішка» ужо даў загад «усю ляхоту» (гэта значыць сапраўдных католікаў) пакараць смерцю. «Усіх ахапіў страх не так смерці, як немагчымасці падрыхтаваць душу для вечнага жыцця з-за адсутнасці святароў. Як азваліся да цудоўнага абраза, то штосьці надзвычайнае ўсіх нас ткнула ў сэрца, каб мы адважыліся прабіць мур таўшчынёю ў вялікі сажань. Аднак справа ў інструментах. Раздабыўшы якія-ніякія жалезкі, за тры гадзіны паволі выдзяўблі так, што чалавек мог пралезці... але ад акна да зямлі было больш, чым на паўтары кап’і, таму старэйшым і тым, хто сумняваўся, здавалася безданню. Але з дапамогай Найсвяцейшай Панны Марыі ніхто не пацярпеў шванку...» Мастак у подпісе крыху адрэдагаваў тэкст сведчання: «...з дапамогай Найсвяцейшай вызвалены з вязніцы вышынёю паўтары кап’і, праз дзюру, выбітую за тры гадзіны ў сажаневым муры, спусціўшыся нібы на анёльскіх руках», і намаляваў анёлаў, якія вызваляюць вязняў з вежы; уверсе — абразок. Бачна вуліца са старым замкам.

2. На жаль, і ў даўнія часы існавалі царкоўныя злодзеі: у 1696 г. з абраза была ўкрадзена срэбраная шата. У тую ж ноч гетману ВКЛ і віленскаму ваяводу Казіміру Сапегу ў сне з’явілася Найсвяцейшая Панна. Уражаны супадзеннем, ваявода падараваў на абраз шату з чыстага золата. На выяве паказаны касцёл, злодзеі здзіраюць шату з абраза, унізе — спальня ў доме (Сапега сапраўды меў палац у Гродне), на ложку спіць магнат, тут жа варта — дваране і гайдукі дрэмлюць. Р. Падбярэзскі — першы публікатар роспісаў — адзначае рэалізм выявы і адвагу мастака: ваявода, захутаны ў пярыну і аксамітную коўдру, паказаны нагамі да гледача, «нягледзячы на недасканаласць малюнку, мастак не збаяўся досыць труднай позы, махаў пэндзлем, як яму дыктавала ўяўленне, і дасягнуў мэты: глядач...з усёй прастатой душы пераносіцца на месца цуду». На другім плане — Сапега ў атачэнні рыцарства і слугаў аздабляе абраз шатай.

Пазней з абраза кралі воты (1719 г.), няясна, калі знікла і сапегаўская шата.

Адзін з сюжэтаў з гісторыі цудатворнага абраза Маці Божай Кангрэгацкай «Перанос абраза з Кульбакаў у Гродна»

3. Самы разгорнуты і багаты зместам сюжэт — перанос абраза з Кульбакаў у Гродна, заключны момант урачыстасці — падыход працэсіі да касцёла (у самым версе кампазіцыі). У галаве працэсіі, выгнутай серпанцінам аж да нізу выявы — касцёльныя служкі, цэхі з харугвамі, рыцары з трубамі і катламі-барабанамі, далей ідуць ксяндзы, едзе трыумфальны воз з цудатворным абразом, за ім — шляхетны тлум і магнаты, ззаду іх — 6-конныя карэты і людская шарэнга, якая адыходзіць ад спецыяльнай палаткі на прадмесці Азёры, дзе кс. Казімір Вайшнаровіч, вядомы красамоўствам, адправіў Імшу і асвяціў абраз. Ад палаткі ў адваротным кірунку ад’язджае іншая 6-конная карэта; верагодна, яна давезла шанаваны абраз з Кульбакаў. На жаль, цяпер найцікавейшы з сюжэтаў моцна пашкоджаны і падноўлены, аўтарскія фарбы амаль не бачныя. Таму варта падаць кароткае апісанне Р. Падбярэзскага (1849 г.), які бачыў роспіс у значна лепшым стане. «Карціна гэтая нагадвае сваім кшталтам абшырнае генеалагічнае дрэва: плывуць людзі ярусамі ад нізу да верху, па жоўтай дарозе, сярод зялёнай муравы; вялізны тлум грамады ўсіх станаў Каралеўскай Рэчы Паспалітай: падголеныя кантушовыя палонусы, шляхта, магнаты, мяшчане, рыцарства, ксяндзы, гайдукі. Слугі, прыслуга; фізіяноміі вельмі розныя, арыгінальныя, поўныя старапольскай экспрэсіі; вось ужо меў тут мастак цудоўнае поле для паказу свайго ведання тагачаснага касцюма і кравецкага рамяства; ідуць цугі коней, чатырох- і шасціконныя залацістыя каляскі; трубачы, музыка, вялебны ксёндз пад балдахінам, нясуць алтар, гараць свечкі, здаецца, што чуем урачысты гімн з тысячамі людскіх галасоў, біццём у катлы і літаўры». У подпісе абраз называецца «Найсвяцейшая Панна Рымская», Кангрэгацкай (Студэнцкай) ён стане пазней.

4. Юзаф Тымінскі, сын земскага пісара гродзенскага, памерлы, вернуты да жыцця апекай Маці Божай праз абраз. Абапал ажыўшага юнака стаяць пажылыя шляхцічы.

5. Ян Катовіч, віленскі кашталян, учыніўшы вотум да абраза, пазбавіўся падагры, 1669 /№28 «Сумарыюша»/. Дзея адбываецца ў доме, побач з ложкам стаіць пані, напэўна, жонка. Урэшце, тое, што касцёл св. Францішка Ксавэрыя не быў канфіскаваны ў часы Расійскай імперыі (як гэта сталася з амаль усімі касцёламі езуітаў), перажыў непашкоджана дзве сусветныя і польска-савецкую войны, паўстагоддзя па сутнасці атэістычнай вайны, калі вакол было знішчана больш, чым за згаданыя войны, — найвялікшы цуд, звязаны з маленькім абразом у капліцы Маці Божай Студэнцкай.

Выкарыстаны матэрыялы з артыкула
Аляксандра Ярашэвіча
Цуды абраза Маці Божай Кангрэгацкай// Наша вера. 2005 № 3(33
).

h

Абраз Маці Божай Кангрэгацкай як твор мастацтва

Абраз з рымскай базылікі Santa Maria Maggiore
Абраз з рымскай базылікі
Santa Maria Maggiore
Абраз Маці Божай Кангрэгацкай (Снежнай) у Гродне з’яўляецца копіяй Абраза Маці Божай Снежнай з рымскай базылікі Санта Марыя Маджорэ (Santa Maria Maggiore) — аднаго з самых вядомых і старажытных у хрысціянскім свеце. У XVII-XVIII стагоддзях яго копіі разышліся па многіх краінах Еўропы. Да пашырэння культу Маці Божай Снежнай прычыніліся некаторыя з законаў, асабліва дамінікане, кармеліты і езуіты. Прыярытэт у распаўсюджанні Маці Божай Снежнай на Беларусі належыць дамініканам.

На Беларусі захавалася каля 40 абразоў Маці Божай Снежнай, намаляваных пераважна алеем на палатне ў XVII-XVIII стст. Адным з іх з’яўляецца абраз Маці Божай Кангрэгацкай, прывезены ў сярэдзіне XVII ст. з Рыма правінцыялам літоўскіх дамініканаў і падараваны канцлеру Альбрэхту Станіславу Радзівілу. З 1664 г. гэты абраз знаходзіцца ў катэдральным (паезуіцкім) касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. У 1686 г. камісія ад віленскага біскупа прызнала абраз цудатворным. Абраз, адзін з нямногіх на Беларусі, намаляваны алейнымі фарбамі на меднай блясе памерам 22х17. Віленскі ваявода Казімір Ян Сапега падараваў на абраз залатую шату, якая неўзабаве была ўкрадзена. Цяпер шата і кароны сярэбраныя. Сярэбраная рама ў стылі ракако выканана ў 1761 г. гданьскім злотнікам Хрысціянам фон Гаўсэнам. На сталі, пастаўленай каля пілона непадлёку алтара, намаляваны эпізоды з гісторыі абраза. Свята абраза адзначаецца 5 жніўня, адначасова з рымскай «Снежнай».

З 1950 г. у гродзенскай катедры знаходзіцца таксама абраз Маці Божай Снежнай з зачыненага брыгіцкага касцёла. Спачатку ён размяшчаўся над табернакулем галоўнага алтара, а ў 1927 г. быў перададзены ў капліцу фальварка Коханава, што належаў назарэтанкам, якія з 1905 г. з дазволу біскупа займалі кляштар брыгітак. Абраз намаляваны ў сярэдзіне ці ў другой палове XVII ст. пад відавочным уплывам барокавага алтарнага жывапісу, што асабліва выразна адбілася ў фігуры Езуса, характэрна выгнутай, а не адхіленай назад, як у пратографе. Постаць і твар Марыі не франтальныя, а выразна павернутыя да Дзіцяці. Абраз быў аздоблены шатай і каронамі ў 1-й пал. XVIIІ ст.

Выкарыстаны матэрыялы з кнігі
Аляксандра Ярашэвіча
Маці Божая Снежная ў Беларусі. Мінск. 2003
kКаранацыя абраза Маці Божай Кангрэгацкай

Абраз Маці Божай Кангрэгацкай28 жніўня 2005 г. у Гродне адбылася вялікая ўрачыстасць, прысвечаная каранацыі абраза Маці Божай Кангрэгацкай папскімі каронамі і 300-гадоваму юбілею кансэкрацыі катэдральнай базылікі.

Шматтысячная працэсія вернікаў рушыла вуліцамі старажытнага горада за абразом Найсвяцейшай Маці, спевамі праслаўляючы Яе веліч, молячыся аб заступніцтве і дапамозе. Каля пабернардынскага касцёла Узвышэння Святога Крыжа адбылася галоўная святая Імша, якую служыў Яго Эмінэнцыя кардынал Свёнтэк. Разам з іерархам Касцёла на Беларусі святую Імшу канцэлебравалі кардынал Генрык Гульбіновіч з Вроцлава, нунцый Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Марцін Відавіч, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч — Мітрапаліт з Масквы, арцыбіскуп Войцех Земба — Мітрапаліт Беластоцкі, біскуп Драгічынскі Антоні Дыдыч, біскуп Сандамежскі Анджэй Дзенга, біскуп Тадэвуш Пікус з Варшавы, біскуп Тадэвуш Завістоўскі з Ломжы, біскупы Мінска-Магілёўскай Мітраполіі — ардынарый Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін, дапаможныя біскупы Антоні Дзям’янка і Казімір Велікаселец, а таксама сакратар нунцыятуры ксёндз пралат Генрык Ягадзінскі, архімандрыт Сяргей Гаек — Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, генеральныя і правінцыяльныя настаяцелі законных манаскіх супольнасцяў і святары з Польшчы і Літвы, святары розных дыяцэзій Беларусі.

На ўрачыстасці прысутнічалі таксама прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, старшыня Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў С.І.Буко, прадстаўнікі абласных і гарадскіх уладаў.

Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі кс.пралат Міхал Сапата абвясціў дакумент Апостальскай Сталіцы аб умовах атрымання поўнага адпусту ў дзень каранацыі і на працягу года ў гродзенскай базыліцы.

Падчас святой Імшы цудадзейны абраз Маці Божай Кангрэгацкай быў укаранаваны папскімі каронамі.

Са слязьмі на вачах вернікі слухалі эмацыйнае слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, з біскупскай кансэкрацыі якога распачалося адраджэнне Каталіцкага Касцёла на Беларусі і адраджэнне культу Маці Божай Кангрэгацкай (...): «Мая святарская і біскупская паслуга на Беларусі, і асабліва ў Гродне, была непадзельна звязана з гэтым касцёлам і гэтым абразом. Добра памятаю: калі я быў яшчэ вучнем сярэдняй школы, бацька вадзіў мяне ў фарны касцёл, да абраза Маці Божай Кангрэгацкай, і гаварыў: «Хочаш добра вучыцца — маліся да Маці Божай, якую таксама называюць Студэнцкай».

Затым былі цяжкія часы, калі касцёл амаль 30 гадоў заставаўся без пастаяннага святара. Божы Провід здзейсніў так, што менавіта мне ў 1988 годзе давялося па-новаму распачаць адраджэнне — як парафіі, так і культу Маці Божай Кангрэгацкай. Адразу кідалася ў вочы, з якой вялікай чуласцю вернікі моляцца перад цудадзейным абразом і як ён блізкі ім. Не патрэбны былі вялікія намаганні, каб арганізаваць па суботах навэнну, якая ў 1989 г., на юбілей 325-годдзя перанясення абраза ў Гродна, набыла асаблівае значэнне. Я сам вельмі ўдзячны Маці Божай Кангрэгацкай. Менавіта падчас той памятнай навэнны Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў мяне біскупам для католікаў Беларусі. Пасля 60 гадоў перапынку на Беларусі была адроджана іерархія Каталіцкага Касцёла. (...)

Гродзенская фара, якая была кансэкравана 300 гадоў таму назад, перажыла багатую, а часам трагічную гісторыю. У сучаснай гісторыі Касцёла Беларусі яна адыграла таксама вялікую ролю — як у адраджэнні рэлігійнага і духоўнага жыцця, так і касцёльных структур. (...)

Сёння ў знак удзячнасці вернікі Гродна і Гродзенскай дыяцэзіі ў прысутнасці шматлікіх гасцей і прадстаўнікоў дзяржаўнай улады аддаюць пашану Маці Божай Кангрэгацкай. Калі ў фарным касцёле не было святара, калі не было таго, хто мог бы складаць Эўхарыстычную Ахвяру, вернікі яе складалі з сябе. Яны баранілі касцёл ад закрыцця, самі праводзілі набажэнствы, маліліся, даглядалі святыню — шэдэўр сакральнага мастацтва. Увесь гэты час Марыя была пад крыжам, дапамагаючы вернікам, якія са свайго боку трывалі пры Ёй. Яна ў копіі славутай іконы Salus populi Romani — Збавіцелькі народа Рымскага — з базылікі Маці Божай Большай у Вечным Горадзе стала для вернага гродзенскага люду Salus populi Grodnensis — Выбаўленнем гродзенскага люду. Калі прыйшла “поўня часу” — свабода веравызнання, «катакомбны культ» Маці Божай Кангрэгацкай адрадзіўся і расквітнеў. Сведчаннем гэтага з’яўляецца ў тым ліку і сённяшняя ўрачыстасць — каранацыя папскімі каронамі Яе цудадзейнага абраза.

Каранацыя абраза — гэта вялікі дар для мясцовага Касцёла, але гэта таксама і заданне. Новыя часы — часы рэлігійнай свабоды і пачатку трэцяга тысячагоддзя павінны стаць часам ласкі, часам духоўнага адраджэння, часам збаўлення. Углядаючыся ў Марыю, мы павінны сказаць сваё «Fiat» па меры патрабаванняў нашага часу і яго выклікаў, якія становяцца ўсё больш і больш небяспечнымі. Толькі паслухмянасць Божай волі па прыкладу Марыі можа кардынальна змяніць сітуацыю. (...)

Удзячныя Богу за дар юбілею 300-годдзя кансэкрацыі катэдры, за адраджэнне веры і каранацыю абраза Маці Божай Кангрэгацкай, ніколі не забудзем дарогі да касцёла. Там, у сваіх пераемніках, ёсць Пётр, Ян, Якуб. Там нас чакае Хрыстус у сваіх сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі; чакае са сваім Евангеллем, якое там пераказваецца, і благаслаўлёны будзе той, хто слухае слова Божае і яго захоўвае, як гаворыць сённяшняе Евангелле (пар. Лк 11,28). Там у сакрамэнтах сам Езус нас асвячае. Там чакае нас Божая Маці, каб выпрасіць у Свайго Сына новы цуд — цуд духоўнага адраджэння. Чакае, каб пры Яе дапамозе мы маглі, як заклікаў Ян Павел ІІ, адчыніць дзверы сваіх сэрцаў для Хрыста, Якога, як гаворыць Бэнэдыкт XVI, не трэба баяцца, бо Ён нічога не адбірае, але толькі дае.

Хрысце, адзіны Збаўца свету, Той самы ўчора, сёння і навекі (пар. Гбр 13,8), дай нам праз заступніцтва Маці Божай Кангрэгацкай ласку трывання ў добрым. Дай нам ласку трывання ў навуцы Евангелля і Касцёла, каб мы чынілі ўсё новае (пар. Адкр 21,5) на славу Божую і для збаўлення людзей. Амэн».

Выкарыстаны матэрыялы з артыкула
Аляксандра Ярашэвіча
Гістарычная ўрачыстасць// Наша вера. 2005 № 3(33).

kМАЛІТВА ДА МАЦІ БОЖАЙ КАНГРЭГАЦКАЙ, СТУДЭНЦКАЙ ПАСПАЛІТАГА ЛЮДУ МЕСТА ГРОДЗЕНСКАГА АПЯКУНКІ

Маці Божая,
Ты — шкалярскі сірочы хлеб,
крыж за цёплым гасцінцам,
перавязаны ручніком,
подых спелай пшаніцы
і спакой васількоў,
палявая дарога ў сон...

Маці Божая,
Ты — Адна за ўсіх матак,
чые дзеці пайшлі за парог —
і за брамай, за вёскай, за небакраем
іх назад ніхто не пазбірае
па халодных слядах босых ног.

Маці Божая,
Ты — Адна над усімі,
над жывымі... і вечна жывымі,
хто не прыйдзе назад на спамін,
па кім хмаркі страсаюць высокія слёзы,
шумяць сосны, бярозы,
потым — вецер адзін.

Маці Божая,
Ты маўчыш, бо Ты — Слова,
Ты — адзін вечны боль,
сцеражы нас ад злога,
не пускай да глыбокага дна,
Маці Божая,
ты ў нас адна...

Маці Божая, Ты ў крыві свайго Сына,
хоць крыві не відаць пад каронай,
спаглядаеш на нас міласцю нескаронай —
так глядзяць на вясковых дзяцей,
хто пад дахамі места
сам сябе не шкадуе, бо так жыць прасцей...

Маці Божая,
у паезуіцкім касцёле
з усіх просьбаў, малітваў і слёз
круціш нітку і вяжаш — і гоіш паволі
перасечаны час,
перарэзаны лёс,
Ты — святая, зямная, прыгожая...

Маці Божая...

Алесь Чобат// Наша вера. 2005 № 3(33).
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.