Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай у Лагішыне
У дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай у Лагішыне ўшаноўваецца цудатворны абраз Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся. Галоўная ўрачыстасць святкуецца 10 мая.
h Кантакты
Тытул дыяцэзіяльнага санктуарыя:
святых Пятра і Паўла
Адпуст:
10 мая
Адрас:
225740 вул. Кастрычніцкая, 23, г/п Лагішын, Пінскі р-н
Тэл.:
8 (0165) 31–46–95, 8 (0165) 38–16–95, 38–12–33
З гісторыі касцёла
Касцёл у Лагішыне быў пабудаваны ў 1634 г. намаганнямі Альбрэхта Станіслава Радзівіла, які ў гэты час валодаў мястэчкам. Але пасля паўстання Кастуся Каліноўскага царская ўлада перадала святыню праваслаўным вернікам. У 1893 г. яны разабралі яе, а касцёл перанеслі на могілкі, дзе ён у 1897 г. згарэў. Пасля гэтага католікі не мелі свайго храма і мусілі ездзіць у пінскія касцёлы.
І толькі ў 1905 годзе, калі быў абвешчаны так званы Талерантны ўказ, у Лагішыне пабудавалі новы касцёл у гатычным стылі, асвечаны 14 ліпеня 1913 г. біскупам Магілёўскай дыяцэзіі Вінцэнтам Ключынскім. У цэнтры яго галоўнага алтара быў змешчаны цудоўны абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам.
Выкарыстаны матэрыялы з артыкула Ларысы Дарашэнка Пад шатамі Маці Божай Лагішынскай// Ave Maria. 2006 № 5(133).
fЗ гісторыі абраза
Цудоўны абраз Каралевы Палесся, які знаходзіцца ў галоўным алтары Петрапаўлаўскага касцёла ў мястэчку Лагішын на Піншчыне, мае сваю гісторыю.
У часе шведскіх наездаў адзін з вайсковых аддзелаў затрымаўся ў Лагішыне. Афіцэр аддзелу, Галабурда, які хацеў вывезці абраз, затрымаўся на пастой у сакратара горада Малішэўскага. Ён загарнуў абраз у палатно і паставіў каля дзвярэй у сенцах. Калі паступіў загад выступаць у паход, абраз застаўся за расчыненымі дзвярыма. Малішэўскія занеслі яго ў святыню, дзе абраз у хуткім часе праславіўся шматлікімі цудамі. Праз заступніцтва Маці Божай святыня ацалела ад вялікага пажару, падчас якога згарэлі ўсе навакольныя дамы...
Доўгі час абраз знаходзіўся ў праваслаўнай царкве. Але католікі не забывалі пра яго і прыходзілі маліцца да сваёй Каралевы Палесся, а між сабою называлі яго «наш абраз». Усведамленне гэтае было настолькі моцнае, што ў рэшце рэшт у 1938 годзе маладыя парафіяне-католікі таемна вынеслі абраз Маці Божай з царквы і перанеслі яго да свайго касцёла. Абраз быў адноўлены, і біскуп Казімір Букраба ўрачыста змясціў яго ў галоўным алтары лагішынскага касцёла...
Дзякуючы намаганням арцыбіскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кардынала Казіміра Свёнтка, абраз быў адноўлены і 1 студзеня 1997 г. зноў урачыста перададзены лагішынскаму касцёлу. 10 мая адбылася вялікая ўрачыстасць, прысвечаная яго каранацыі. Ва ўрачыстай святой Імшы ўдзельнічаў кардынал Казімір Свёнтэк, нунцый Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі,біскуп Эдвард Самсэль з Элка (Польшча), генерал айцоў-хрыстусоўцаў, правінцыяльны дырэктар айцоў-арыяністаў кс. Тадэвуш Шэшка, прэфект клерыкаў Гродзенскай духоўнай семінарыі кс. Раман Катлімоўскі, шматлікія святары з усіх дыяцэзій Беларусі.
Паводле хронікі Лагішынскага касцёла. Выкарыстаны матэрыялы з артыкула Каралева Палесся, маліся за нас!..// Наша вера. 1997 № 1(3).
f
Cвятыня ў Лагішыне ўзведзена ў ранг Санктуарыя
10 мая, у дзень парафіяльнага свята, якое штогод адзначаецца ў Лагішыне, на ўрачыстай святой Імшы Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі абвясціў дэкрэт аб устанаўленні ў Лагішыне дыяцэзіяльнага Санктуарыя Маці Божай.
«Беручы пад увагу духоўнае дабро Божага люду, абапіраючыся на канон 1230 Кодэксу кананічнага права, а таксама на статут 726 §3 Сінадальнага права, святыню ў Лагішыне, у якой знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Лагішынскай, укаранаваны папскімі каронамі, узводжу ў ранг Санктуарыя Пінскай дыяцэзіі», — гаворыцца ў дэкрэце пастыра дыяцэзіі.
У гэтым дакуменце таксама падкрэсліваецца, што апекавацца Марыйным Санктуарыем даручаецца Супольнасці Малой Справы Божага Провіду — айцам-арыяністам, якія на працягу многіх гадоў ахвярна працуюць на Беларусі і вядомыя ў краіне не толькі як руплівыя душпастыры, але таксама як тыя, хто дзейсна дапамагае ўсім патрабуючым.