Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ліст біскупаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі да святароў і каталіцкіх выдавецтваў |
Мінск, 03.04.2009 г. Да ўвагі ўсіх святароў Рыма-каталіцкага Касцёла на Беларусі і каталіцкіх выдавецтваў Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі перадае да ведама вялебных святароў, а праз іх — усіх вернікаў, змест Ліста да Святога Айца Бэнэдыкта XVI, які быў прыняты на чарговым пасяджэнні ККББ 3 красавіка гэтага года і дасланы найдастойнейшаму адрасату. У лісце падаецца душпастырская праграма «Салідарныя з Папам», якая будзе рэалізавана да канца 2009 года. У гэтым дакуменце мы звяртаемся з заклікам да ўсіх, названых у Лісце, творча ажыццяўляць канкрэтную праграму, асвятляючы некаторыя яе пункты. Для кожнай дыяцэзіі вызначаны свой тыдзень, названы «Чуванне з Папам», падчас якога душпастыры павінны ў сваіх асяродках арганізаваць малітву ў інтэнцыі Святога Айца Бэнэдыкта XVI, а таксама знаёміць вернікаў з яго біяграфіяй і вучэннем. Кожны душпастыр арганізуе Папскі тыдзень у адпаведнасці са сваімі магчымасцямі і магчымасцямі вернікаў. Душпастыр архікатэдральнай парафіі павінен будзе паклапаціцца пра тое, каб у кожную першую нядзелю месяца святая Імша, якая транслюецца па радыё, цэлебравалася ў інтэнцыі Святога Айца, а святароў, якія будуць яе цэлебраваць, просім абвяшчаць у гаміліі папскае веравучэнне. Сёлетнія пілігрымкі ў дыяцэзіяльныя Марыйныя санктуарыі павінны насіць папскі характар. У абвяшчэнні папскага веравучэння трэба выкарыстоўваць энцыклікі, пасланні, і прамовы, з якімі можна пазнаёміцца на беларускай мове, а таксама па-руску і па-польску. Для зручнасці ў дадатку падаецца Бібліяграфічны каталог папскіх выказванняў, змешчаных на старонках часопісаў «Ave Maria» і «Дыялог». Акрамя таго, багатаю крыніцаю Папскага вучэння з’яўляецца часопіс L’Osservatore Romano, які выходзіць на многіх мовах, у тым ліку па-польску, Wiadomości KAI і Інтэрнэт. Дэканы ў выпадку патрэбы павінны аказваць дапамогу душпастырам сваіх дэканатаў у атрыманні папскага вучэння з пералічаных крыніцаў. Падчас тыдняў «Чуванне з Папам» было б добра змяшчаць партрэт Папы ў святынях на бачным месцы. «Салідарныя з Папам» — гэта першая праграма Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, цалкам прысвечаная Бэнэдыкту XVI. У Лісце сказана, што яе рэалізацыя стане для нас таксама «працягам падрыхтоўкі да доўгачаканай сустрэчы з Пятром нашага часу на беларускай зямлі». У сувязі з гэтым узнікае патрэба сабраць душпастырскі вопыт, карысны для распрацоўкі наступнай папскай праграмы. Выпрабаванаю формаю збору вопыта з’яўляецца хроніка душпастырскай дзейнасці паасобных парафій, санктуарыяў, міжпарафіяльных і дыяцэзіяльных падзей і г. д. Гэтым разам можна скласці парафіяльную хроніку пад назваю «Салідарныя з Папам 2009» (фармат А 4), у якой можна было б змясціць, напрыклад, праграму паасобных тыдняў (усяго іх запланавана сем), фотахроніку розных момантаў у рэалізацыі парафіяльнай папскай праграмы, творы мясцовай самадзейнасці (напрыклад, вершы), конкурс ведаў пра Папу і інш. Святары перададуць хронікі біскупам на першай малітоўнай сустрэчы духавенства ў 2010 годзе. Даручаючы вялебным святарам і ўсім, названым у Лісце, выкананне такіх важных душпастырскіх заданняў, спадзяемся, што любоў да Святога Айца і апостальскі запал падкажуць шмат творчых задумаў, магчымых для ажыццяўлення, дзеля будавання адзінства з Пятром нашага часу. На радасную і плённую рэалізацыю праграмы «Салідарныя з Папам» благаслаўляем біскупы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі
|
Адноўлена 13.07.2009 16:09 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.