Дарагія святары і ўмілаваны люд Божы!
Касцёл Хрыстовы ад пачатку свайго існавання выконваў заданні, даручаныя яму сваім Заснавальнікам. Да іх адносяцца: абвяшчэнне Божага слова, справаванне святых сакрамэнтаў, а таксама справы міласэрнасці. Гэтая патройная місія вынікае з выразнага наказу Хрыста, а таксама з прыкладу Яго жыцця.
Такім чынам, Езус, які аб’явіў нам міласэрнага Айца, прагне, каб мы як Яго вучні, неслі гэты воблік Бога ўсім людзям па ўсёй зямлі.
У жыцці Езуса слова суправаджалася чынам. Таму аб любові Айца да людзей Ён засведчыў не толькі словам, але таксама сваімі канкрэтнымі ўчынкамі і сваімі адносінамі да слабых і прыгнечаных, хворых і засмучаных, грэшных і пакрыўджаных, бедных і самотных.
Ён, які прайшоў праз жыццё, «робячы дабро ўсім», мог спаслацца на самога сябе і сказаць: «Я даў вам прыклад, каб вы любілі адзін аднаго».
Хрыстус не толькі сам дапамагаў людзям у іх матэрыяльнай і духоўнай патрэбе, але таксама з самага пачатку сваёй публічнай дзейнасці вучыў сваіх вучняў аказваць дапамогу тым, каму яна патрэбна. Да гэтага клопату Ён пастаянна іх заклікаў, часам нават выразна патрабаваў ад іх, каб яны былі выканаўцамі Яго любові. Перад адыходам з гэтага свету Ён яшчэ раз даручыў ім выконваць справы любові, а любоў учыніў знакам прыналежнасці да Яго. «Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце любіць адзін аднаго» (пар. Ян 13, 35).
Пасля атрымання Духа Святога апосталы не толькі пачалі абвяшчаць слова Божае, але таксама з запалам яны сведчылі пра Хрыста ўчынкамі любові. Дабрачынная дзейнасць першага Касцёла была ўкампанавана ў сукупнасць рэлігійнага жыцця. Лічыцца, што яна з’яўляецца інтэгральнаю часткаю Хрыстовага пасланніцтва. Таму першыя хрысціяне «трывалі ў навуцы апостальскай, у супольнасці, ламанні хлеба і ў малітвах» (пар. Дз 2, 42). Гэтае старажытнае сведчанне паказвае, што Касцёл ад пачатку свайго існавання выконваў свае асноўныя функцыі: прапаведванне слова Божага, літургію і дыяконію, ці інакш кажучы «службу Богу і службу братам». Гэтыя функцыі былі да такой ступені паяднаныя паміж сабою, што адна без другой не магла эфектыўна ажыццяўляцца.
Святы апостал Якуб на літургічных сходах перасцерагаў і выразна пратэставаў супраць дыскрымінацыі ўбогіх, нагадваючы, што той, хто клапоціцца пра інтарэсы багатых і адначасова пагарджае беднымі, – парушае Божае права (пар. Як 2, 1-13).
Гэтая патройная місія Касцёла нарадзіла ў хрысціянаў усведамленне таго, што без любові да бліжняга няма аўтэнтычнай службы Божай і годнага святкавання Вячэры Панскай. Гэта выразна пацвярджае святы Павел у Першым Пасланні да Карынцянаў (11, 17-34).
Касцёл па-рознаму ажыццяўляў наказы Хрыстовай любові. Будаваліся дамы для сірот, інвалідаў, нямоглых і пажылых людзей, а для аказання дапамогі бедным ствараліся розныя брацтвы, члены якіх гэтай мэце прысвячалі сваё жыццё, свае здольнасці, свой час. Для ажыццяўлення гэтай мэты Бог на працягу стагоддзяў натхняў на стварэнне шматлікіх мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў.
Другі Ватыканскі Сабор асаблівым чынам падкрэсліў, што дабрачынная дзейнасць з’яўляецца абавязкам і неад’емным правам люду Божага, а таксама сферай сваёй дзейнасці яна павінна ахопліваць усіх людзей і задавольваць усе іх патрэбы, «дзе б ні знаходзіліся тыя, каму патрэбна ежа і піццё, вопратка, жыллё, лекі, праца, адукацыя і сродкі, неабходныя для годнага жыцця чалавека, а таксама тыя, хто пакутуе ад бедстваў і хваробаў, пакутуе на чужыне альбо ў турме – усюды хрысціянская любоў павінна шукаць і знаходзіць іх, суцяшаць дбайным клопатам і падтрымліваць, аказваць ім дапамогу» (DA 8).
Дабрачынная дзейнасць Касцёла з самага пачатку не мела арганізаваных структур. Яна выконвалася лакальнымі Касцёламі, законамі, групамі дабраахвотнікаў і асобнымі людзьмі. Спробы ўніфікаваць гэту дзейнасць і яе цэнтралізаваць распачаліся напрыканцы ХІХ стагоддзя. У першай палове ХХ стагоддзя пачалі з’яўляцца дыяцэзіяльныя Caritas, потым нацыянальныя, і яны паспрыялі стварэнню агульнай сусветнай арганізацыі Caritas пад назваю «Caritas Internationalis» – «Сусветны Caritas». Нягледзячы на тое, што людзі ў розных кутках свету гавораць на розных мовах, для азначэння дабрачыннай акцыі была выкарыстаная агульная назва «Caritas» – гэта значыць Любоў. Сэнс назвы разумеюць усе, як тыя, хто сведчыць пра гэтую любоў канкрэтнай дзейнасцю, так і тыя, хто яе атрымлівае. Сядзіба сакратарыяту Caritas знаходзіцца ў Рыме, які мае свае прадстаўніцтвы ў розных кутках свету. Гэты сакратарыят быў створаны ў 1950 годзе і ў яго склад уваходзяць прадстаўнікі Caritas 154 краінаў.
Сусветны Caritas прымае рашэнні, што датычаць справаў дабрачыннасці, для вырашэння якіх трэба як мага хутчэй мабілізаваць, напрыклад, дапамогу пасля розных стыхійных бедстваў: катастрофаў, паводак, у выпадку ваенных дзеянняў і розных няшчасных здарэнняў. Фінансы для дапамогі ў такіх сітуацыях Сусветны Caritas бярэ з ахвяраванняў, якія складаюць людзі з розных краінаў.
Сусветны Caritas не толькі дапамагае людзям у надзвычайных справах, але таксама прымае пад увагу матэрыяльныя і духоўныя патрэбы розных народаў, якія вынікаюць са складанай сітуацыі іх жыцця. Да такіх краінаў адносіцца таксама і Беларусь. Сусветны Caritas даручыў аддзяленню Caritas аўстрыйскай дыяцэзіі Лінц апекавацца тымі людзьмі на Беларусі, якім патрэбна дапамога. Праз пасрэдніцтва Caritas гэтай дыяцэзіі на працягу 8 гадоў Беларусь атрымлівае разнастайную дапамогу, якая перадаецца найбольш патрабуючым сем’ям, дзіцячым дамам, бальніцам, сацыяльным арганізацыям, а таксама тым, каму патрэбна дапамога ў паасобных парафіях. Вялікую дапамогу мы атрымліваем таксама ад іншых касцёльных дабрачынных арганізацый Caritas розных краінаў: Польшчы, Італіі, Францыі, Англіі, Ірландыі. Рэгістрацыя арганізацыі Caritas на Беларусі адбылася ў 1994 годдзе, на падставе якой Caritas атрымала юрыдычны статус, што дало ёй магчымасць дзейнічаць адпаведна з законам, а таксама больш зладжана працаваць.
Ва ўсіх чатырох дыяцэзіях Беларусі дзейнічае Caritas, а ў 1999 г. была створана таксама арганізацыя «Нацыянальны Карытас», у заданні якой уваходзіць прэзентацыя Беларусі на міжнароднай арэне і каардынацыя дабрачыннай дзейнасці ва ўсёй краіне.
Паколькі дзейнасць дыяцэзіяльнай арганізацыі Caritas не можа ахапіць усе мясцовасці Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі звяртаецца з просьбаю да ўсіх душпастыраў, каб у сваіх парафіях яны стваралі дабрачынныя парафіяльныя суполкі. У склад такой суполкі павінны ўвайсці асобы, якія вызначаюцца асаблівай рэлігійнасцю і добрасумленным жыццём. Для душпастыра парафіі яны павінны стаць дзейснаю дапамогаю ў ажыццяўленні заданняў міласэрнасці на тэрыторыі парафіі. Гэта могуць быць асобы, вызначаныя душпастырам пасля адпаведнай кансультацыі з парафіянамі альбо яны могуць быць выбраныя парафіянамі, калі душпастыр палічыць гэта слушным. Дзейнасць дабрачыннай суполкі ў парафіі будзе сведчаннем далучэння парафіі да справы міласэрнасці, а таксама аб’ектам кананічнай візітацыі.
Дабрачынная дзейнасць парафіяльных суполак павінна быць разнастайнай. У іх заданні будуць уваходзіць: аказванне неадкладнай дапамогі патрабуючым, клопат пра бальніцы, сацыяльныя асяродкі, дзіцячыя дамы, прытулкі, таварыствы інвалідаў, шматдзетныя і няпоўныя сем’і, а таксама пра іншых людзей, якія знаходзяцца ў крытычных сітуацыях. Патрабуючыя асобы, якія падчас такіх стыхійных бедстваў, як пажар альбо паводка панеслі вялікія матэрыяльныя страты, таксама знаходзяцца пад апекай Caritas. У заданні парафіяльнай суполкі таксама будзе ўваходзіць арганізацыя пунктаў харчавання для найбольш патрабуючых людзей. У Мінску, Баранавічах, Віцебску і Полацку такія сталоўкі ёсць і кіруюць імі свецкія асобы, у Гродне і Гомелі сталоўкамі кіруюць законныя сёстры.
З 1995 г. Caritas выдае часопіс-квартальнік «Misericordia», прысвечаны дабрачыннай тэматыцы, які таксама асвятляе дзейнасць гэтай арганізацыі на тэрыторыі чатырох дыяцэзій.
Аказванне дапамогі патрабуючым – гэта таксама сведчанне любові да Бога. Самой дэкларацыі любові да Бога без пацвярджэння любові да бліжняга не дастаткова. Святы Ян выразна вучыць, што «хто мае дастатак у свеце, але, бачачы брата свайго ў патрэбе, зачыняе ад яго сэрца сваё, – дык як прабывае ў ім любоў Божая» (1 Ян 3, 17-18). Нічога дзіўнага, што св. Ян выразна абвяшчае першынства братэрскай любові над непасрэднай любоўю да Бога. Можа, гэтую праўду нам будзе цяжка зразумець, але мы павінны памятаць, што любоў да бліжняга мае ўплыў на ўдасканаленне нас у любові да Бога (1 Ян 4, 12).
Аказванне дапамогі патрабуючым з’яўляецца таксама ўчынкам, які садзейнічае нашаму збаўленню. Катэхізіс пералічвае тры добрыя ўчынкі: малітва, пост і міласціна. Калі міласціна стаіць нароўні з малітваю, гэта значыць, што яна мае такую ж самую звышнатуральную каштоўнасць, як і малітва. На апошнім судзе нас будуць судзіць з любові, і любоў да бліжняга стане крытэрыем нашага збаўлення.
Для аказвання дапамогі бедным патрэбны матэрыяльныя сродкі. Нягледзячы на тое, што Касцёл напрацягу ўсіх стагоддзяў свайго існавання абвяшчаў і рэалізоўваў дабрачынныя справы, ён не стварыў сучасных спосабаў збору сродкаў на гэтыя мэты. Таму і сёння спосабам збору сродкаў на дабрачынныя мэты з’яўляюцца ахвяраванні, як гэта рабіў святы Павел і святы Барнаба, якія ў 45 годзе ў багатай Антыёхіі, Македоніі і Карынце збіралі ахвяры для галадаючых хрысціянаў у Ерузалеме (Дз 11, 27-30). Св. Павел, гаворачы аб дапамозе бедным, не карыстаўся свецкім выразам «узнос» ці «збор», але гэтую акцыю называў ажыццяўленнем любові.
Гэтае азначэнне мы хочам таксама выкарыстаць, прадстаўляючы да ведама вернікаў, што трэці тыдзень Вялікага посту – гэта значыць 23 сакавіка бягучага года – вызначаны Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, як «Дзень Caritas у Касцёле на Беларусі». Ва ўсіх каталіцкіх парафіях нашай краіны будуць збірацца ахвяраванні на дабрачынныя мэты і мы таксама просім аб гэтых ахвяраваннях ўсіх католікаў Беларусі. Няхай яны будуць ажыццяўленнем нашай супольнай братэрскай любові, няхай яны таксама будуць дарам, які мы складаем самаму Богу. Няхай заахвочваннем будуць для нас словы Святога Айца Яна Паўла ІІ: «Кожнага з нас голад і бяда іншых неяк кранае. На кожным з нас ляжыць частка адказнасці за гэтае несправядлівае становішча. Давайце дзяліцца хлебам з тымі, хто яго не мае альбо мае яго менш за нас! Давайце адкрываць нашыя сэрцы на патрэбы братоў і сясцёр, якія церпяць з прычыны голаду і нястачы! Часам яны саромеюцца прызнацца ў гэтым і ўтойваюць сваю бяду. Трэба ім тактоўна працягнуць братнюю руку дапамогі».
Бог Айцец міласэрнасці працягвае нам сваю далонь, выходзіць насустрач чалавеку. Ён прагне гэта рабіць таксама праз кожнага з нас!
На гэтую высакародную мэту ад усяго сэрца ўсіх благаслаўляем у імя Айца, Сына і Духа Святога.