Паведамленне з XVIII пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі |
[25 верасня 2003 г., дыяцэзіяльная курыя ў Гродне] У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам, прысутнічаў таксама нунцый Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Іван Юркавіч. Беручы пад увагу праграму ўрачыстасці святкавання 25-годдзя юбілею пантыфікату Папы Яна Паўла ІІ у Рыме, вызначаны тэрміны пілігрымкі з 13 да 21 кастрычніка. Адказны за пілігрымку паінфармаваў, што лічба пілігрымаў складае прыкладана 460 чалавек. Старшыня паведаміў сабраным аб зацвярджэнні Кангрэгацыяй па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў 6 жніўня бягучага года ў свята Перамянення Пана перакладу "Missale Romanum. Editio typica III" на беларускую мову. Старшыня прадставіў сабраным рытуал хросту на беларускай мове. Удзельнікі Канферэнцыі адобрылі рытуал хросту, ён будзе высланы на зацвярджэнне ў Кангрэгацыю па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў. Старшыня паведаміў біскупам, што "Карытас" Беларусі прынята ў Caritas Internationalis. Сабраным таксама было даведзена да ведама аб стварэнні на Беларусі таварыства каталіцкіх мас-медыя "SIGNIS" і аб прыняцці яго ў міжнародную арганізацыю. Старшыня звярнуў увагу сабраных біскупаў на вялікі попыт на дапаможнікі для катэхезы з боку душпастыраў і катэхетаў. З нагоды святкавання 25-годдзя пантыфікату Папы Яна Паўла ІІ прынята рашэнне аб правядзенні Міждыяцэзіяльнага конкурсу на тэму папскай дзейнасці. Сабраныя канстатавалі, што канчаткова ўзгоднены Парафіяльныя статуты і што можна пачынаць дзяржаўную рэгістрацыю парафій ва ўсіх дыяцэзіях. Прынята рашэнне, што прамая трансляцыя з Пастэркі на Божае Нараджэнне будзе весціся з гродзенскай катэдры. Біскуп Антоні Дзям'янка,
сакратар ККББ |
Адноўлена 13.07.2009 13:21 |