Ліст Біскупаў з нагоды 65-й гадавіны святарскіх пасвячэнняў Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі |
Шаноўныя браты ў біскупстве, умілаваныя браты ў Хрыстовым святарстве, дарагія алюмны духоўных семінарый, шаноўныя законнікі і законніцы, умілаваны люд Божы Каталіцкага Касцёла на Беларусі! Пры сённяшнім усё хутчэйшым тэмпе жыцця, ва ўмовах пастаяннай мітусні нам неабходна прыпыніцца, каб знайсці час на роздум, на глыбейшае пазнанне важных для нашага жыцця праблем. Адной з такіх праблемаў, над якой нам трэба засяродзіцца, з’яўляецца пакліканне да святарства і роля святара як у жыцці асобнага верніка, так і ў жыцці ўсяго Касцёла. У гэтыя дні ў нас ёсць асаблівая нагода, каб паразважаць пра гэта, таму што неўзабаве мы будзем адзначаць гадавіну радаснай падзеі, цудоўны юбілей святарства. Шэсцьдзесят пяць гадоў назад, 8 красавіка 1939 года, пасля заканчэння духоўнай семінарыі ў Пінску сённяшні іерарх Каталіцкага Касцёла на Беларусі Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк прыняў з рук біскупа Казіміра Букрабы сакрамэнт святарства. Пачатак святарства шаноўнага Юбіляра не быў лёгкім – распачалася вайна і пераслед Касцёла. Некалькі разоў святара арыштоўвалі, дзесяць гадоў ён быў вязнем сталінскіх лагераў. Пяцьдзесят гадоў назад, у 1954 годзе, Казімір Свёнтэк быў вызвалены і распачаў душпастырскую працу ў Пінску. У красавіку 1989 года ён быў прызначаны Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі, праз два гады – 21 мая 1991 года – менаваны біскупам. Дзесяць гадоў назад, у лістападзе 1994 года, біскупу Казіміру Свёнтку была нададзена годнасць кардынала. Але сярод гэтых важных гадавін галоўнае месца займае ўсё ж гадавіна святарскіх пасвячэнняў, таму што святарства з’яўляецца асновай усіх іншых падзей у жыцці шаноўнага Юбіляра. Святы Айцец Ян Павел ІІ падчас пяцідзесятай гадавіны сваіх святарскіх пасвячэнняў адзначаў, што такая падзея як юбілей пасвячэнняў з’яўляецца добрай нагодай для разважання на тэму святарства, глыбейшага разумення яго сутнасці. У нашай краіне разуменне сутнасці святарства з’яўляецца вельмі важнай неабходнасцю. Згадаем, што ва ўсходняй частцы Беларусі, на ўсёй яе велізарнай прасторы ў выніку пераследу Касцёла не было аніводнага каталіцкага святара. Такая сітуацыя працягвалася многія дзесяцігоддзі. У выніку некалькі пакаленняў католікаў былі цалкам пазбаўлены магчымасці кантакту са святаром. На іншых тэрыторыях святары хоць і былі, але іх не хапала. Магчымасць кантакту вернікаў са святарамі абцяжарвалася шматлікімі перашкодамі, а для дзяцей і моладзі такі кантакт наогул быў забаронены. Адначасова вялася прапаганда з мэтаю падарваць давер да святароў і высмеяць святарства. Гэта прывяло да таго, што некаторыя людзі і сёння не заўсёды добра ўсведамляюць, кім з’яўляецца каталіцкі святар і якое ён мае заданне. Паспрабуем асэнсаваць: чым з’яўляецца святарства, якую місію выконвае каталіцкі святар? Гэта не простае заданне, таму што, як падкрэслівае Святы Айцец Ян Павел ІІ, «кожнае святарскае пакліканне ў сваёй найглыбейшай аснове – гэта вялікая таямніца, гэта дар, які бясконца пераўзыходзіць чалавека» (Дар і Таямніца, І). Пакліканне з’яўляецца таямніцай Божага абрання. Хрыстус сам сказаў гэта, звяртаючыся да сваіх вучняў: «Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб ішлі і прынеслі плод, і каб плод ваш трываў» (гл. Ян 15, 16). У Пасланні да Габрэяў чытаем: «І ніхто сам сабе не бярэ гэтай годнасці, але толькі той, хто пакліканы Богам, як і Аарон» (гл. Гбр 5, 4). Ёсць і застанецца таямніцай Бога: чаму Ён выбірае на сваю службу тых ці іншых людзей, даючы ім разам з пакліканнем адпаведныя духоўныя, інтэлектуальныя і фізічныя схільнасці. Пра гэта вельмі добра сказаў Святы Айцец Ян Павел ІІ: «Людскія словы не ў стане ўзняць цяжар таямніцы, якую нясе ў сабе святарства». Бог не кліча і не выбірае чалавека толькі дзеля дабра самога пакліканага. Святарскае пакліканне з’яўляецца дарам для ўсёй супольнасці Касцёла. Пакліканы Богам павінен служыць люду Божаму, і гэтаму вучыць аўтар Паслання да Габрэяў: «Кожны першасвятар, якога выбіраюць з людзей, прызначаны для людзей у справах Божых, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі» (гл. Гбр 5, 1). Хрысціяне на працягу ўсёй гісторыі хрысціянства разумелі святарства як служэнне дзеля карысці духоўнага дабра вернікаў. Сутнасць гэтага служэння заключалася ў адным: весці людзей да Бога. Вялікі Айцец Касцёла з першых стагоддзяў хрысціянства, святы Грыгоры Назіянзскі, пісаў: «Святар павінен душы акрыляць, адрываць іх ад свету, і вобраз Божы, той, які ёсць, шанаваць, а калі ён знікае – вяртаць, калі становіцца невыразным – аднаўляць і ўводзіць Хрыста ў сэрцы праз Духа Святога». На лацінскай мове слова святар азначае pontifex. Дакладны яго пераклад – той, хто будуе мост. У гэтых словах заключаны глыбокі сэнс сутнасці святарства. Такім чынам, яго сутнасць – будаванне мастоў, наладжванне сувязі паміж чалавекам і Богам. Пакліканы Богам, ідучы за Хрыстовым заклікам «ідзі за Мною», святар аддае сябе, усё сваё жыццё ў распараджэнне Хрыста, каб Той мог карыстацца ім як прыладай збаўлення. Прымаючы ад чалавека гэты дар, Хрыстус паслугуецца яго чалавечнасцю. Праз паслугу святара сам Сын Божы становіцца прысутным сярод людзей. Так Збавіцель працягвае і робіць відавочнай сваю дзейнасць. Найлепш гэта бачна ў часе Святой Імшы, падчас Эўхарыстычнай Ахвяры. Тады святар вымаўляе словы, якія ў Вялікі чацвер, напярэдадні сваёй Мукі, вымавіў сам Езус Хрыстус. Цяпер, праз дваццаць стагоддзяў, святар гаворыць Хрыстовы словы: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдадзена. Гэта ёсць Келіх Крыві маёй новага і вечнага Запавету, якая за вас і за многіх будзе праліта дзеля адпушчэння грахоў. Гэта чыніце на Маю памяць». Праз паслугу святара падзеі шматвяковай даўнасці, а менавіта Мука, Смерць і Уваскрэсенне Хрыста становяцца рэчаіснасцю тут і цяпер, на алтары. Тое, што ўчыніў Хрыстус на алтары крыжа, а перад гэтым устанавіў у Вячэрніку як сакрамэнт, святар здзяйсняе цяпер моцай Святога Духа. Словы, якія вымаўляе святар, маюць тое ж самае значэнне, што і словы Хрыста падчас Апошняй Вячэры. Сам Сын Божы становіцца прысутным, каб быць з намі «ва ўсе дні, аж да сканчэння свету» (гл. Мц 28, 20). Гэта ёсць, як вучыць Святы Айцец Ян Павел ІІ, «таемная, хвалюючая ўлада, якую святар мае над Эўхарыстычным Целам Хрыста. Сілаю гэтай улады ён становіцца даўцам найвялікшага дабра Адкуплення, бо дае людзям самога Адкупіцеля» (Дар і Таямніца, IX). Падобным чынам ад імя Хрыста дзейнічае святар, калі ў сакрамэнце Паяднання выконвае Хрыстовы наказ: «Прыміце Духа Святога! Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны, на кім пакінеце, на тым застануцца» (гл. Ян 20, 22-23). Вымаўляючы словы «я адпускаю табе грахі ў імя Айца і Сына, і Духа Святога », святар дзейнічае моцай Хрыста. Такім чынам ён з’яўляецца не толькі сведкам, але і прыладай Божай Міласэрнасці. Святар працягвае і робіць відавочнай дзейнасць Хрыста ў свеце таксама і тым, што абвяшчае Яго Слова, пераказвае радасную навіну – Евангелле. Гэта, як вучыць ІІ Ватыканскі Сабор, з’яўляецца абавязкам святара (Presbyterorum ordinis, 4). У сучасным свеце, перанасычаным інфармацыяй, чалавек губляецца і не заўсёды можа адрозніць праўду ад фальшу, знайсці сваё месца ў свеце і зразумець мэту свайго жыцця. Чалавек часта губляе надзею, і тады яму вельмі патрэбны словы Добрай Навіны, каб зразумець, што ён умілаванае Дзіця Божае, што ён мае ў небе Айца. Трэба нагадваць пра гэтую поўную надзеі праўду, бо «так палюбіў Бог свет, што паслаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае». Абвяшчэнне Добрай Навіны павінна скіроўваецца на тое, каб чалавек не адчуваў сябе адзінокім у свеце. Пачутае слова павінна весці яго да спаткання з Хрыстом, які заўсёды прысутнічае сярод нас, асабліва ў таямніцы Эўхарыстыі. Такім чынам, абвяшчэнне Евангелля і Эўхарыстыя цесна звязаныя з сакрамэнтам святарства. Сучасны чалавек прагне Хрыста, хоць не заўсёды добра ўсведамляе гэта. З патрэбамі эканамічнага, палітычнага або грамадскага характару ён можа звярнуцца да іншых людзей, але Хрыста, які прысутнічае ў поўным надзеі слове, Хрыста, з якім можна сустрэцца ў сакрамэнце пакаяння, Хрыста, прысутнага ў сакрамэнце Эўхарыстыі, ён просіць толькі ў святара. І ў гэтым заключаецца каштоўнасць святарства і незаменная роля святароў. Сёння мы дзякуем добраму Богу за дар святарскага служэння Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка на працягу шасцідзесяці пяці гадоў. Мы ўдзячныя Богу за тое, што шаноўны Юбіляр многія гады атуляе сваёй пастырскай апекай усіх нас. Будзем жа прасіць у Бога, асабліва сёння, шчодрых ласкаў для нашага арцыпастыра. Няхай мужнае сведчанне веры ў цяжкія часы пераследу і ахвярная праца ксяндза кардынала на карысць адбудовы структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі будуць прыкладам для наследавання тым маладым людзям, якіх Хрыстус кліча на сваё служэнне. Гады змагання з Касцёлам, недахоп духоўных семінарый, немагчымасць падрыхтоўкі новых святароў – усё гэта яшчэ доўга будзе адчувацца. Аднак мы ведаем, што святарскія пакліканні – гэта Божы дар. Памятаем таксама словы Хрыста: «Жніво вялікае, але работнікаў мала. Прасіце ж Пана жніва, каб паслаў работнікаў на сваю ніву» (гл. Мц 9, 37). Таму звяртаемся да ўсіх вернікаў Касцёла на Беларусі, каб, дзякуючы Богу за дар святарства нашага Мітрапаліта, мы маліліся аб шматлікіх і добрых пакліканнях да святарства. Мы звяртаемся да маладых людзей, якія пачуюць у сваіх сэрцах заклік Хрыста «ідзі за Мной», каб яны не баяліся, але самааддана і радасна пайшлі за голасам Збавіцеля, таму што святарскае пакліканне, паводле слоў Святога Айца, – гэта «евангельскі скарб, за які варта аддаць усё» (пар. Мц 13, 44). Няхай Марыя, Маці святароў, выпрошвае для ксяндза кардынала патрэбныя ласкі, а для ўсяго люду Божага Беларусі новыя, шматлікія і святыя пакліканні да святарства. Біскупы Каталіцкага Касцёла на Беларусі
|
Адноўлена 13.07.2009 13:44 |