Паведамленне з XXII Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі |
[21 верасня 2004 г. сядзіба Дыяцэзіяльнай курыі ў Гродне] У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі разам са Старшынёй ККББ Кардыналам Казімірам Свёнткам. На пачатку старшыня прывітаў кс. Генрыха Ягадзінскага, часовага паверанага Апостальскай нунцыятуры ў Мінску і запрасіў яго прыняць удзел у пасяджэнні. Старшыня паведаміў прысутным пра прызначэнне Апостальскай Сталіцай Апостальскага нунцыя ў Беларусі. Ім стаў пралат Марцін Відавіч, які да гэтай пасады з’яўляўся супрацоўнікам дзяржаўнага сакратарыяту. Ад імя Канферэнцыі яму было выслана віншаванне з нагоды прызначэння. Быў разгледжаны план візіта ў Беларусь кардынала Альфонсо Труіллё, Старшыні Папскай Рады па справах сям’і, які адбудзецца 22–26 кастрычніка гг. Падчас гэтага візіта кардынал сустрэнецца з духавенствам і вернікамі 23 кастрычніка ў Мінску і 24 кастрычніка ў Гродне. Ксёндз Генрых Ягадзінскі прадставіў сабраным кароткі змест апошняй Інструкцыі аб захаванні і пазбяганні пэўных рэчаў, якія датычаць Найсвяцейшай Эўхарыстыі Старшыні Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў кардынала Арынзэ. Сабраныя атрымалі праект рэгуляміна Сакратарыяту ККББ, адкрытага з 1 верасня гг. з мэтай унясення магчымых паправак. Старшыня Рады па справах сям’і выказаў намер апрацаваць у працоўнай групе Інструкцыю душпастырства сем’яў для ўсёй краіны. Сабраныя падтрымалі прапанаваную ініцыятыву. Удзельнікі Канферэнцыі выказалі згоду на выданне малога Каталіцкага Катэхізіса ў перакладзе на беларускую мову. Старшыня паведаміў, што 27 верасня гг. ён уручыць Папе Рымскаму экзэмпляр новага Імшала (Editio typica tertia) на беларускай мове. Адказны за душпастырства моладзі прадставіў фармацыйныя матэрыялы і азнаёміў з умовамі ўдзелу ў Сусветным дні моладзі, які адбудзецца ў наступным годзе ў Кёльне. Былі абмеркаваныя таксама іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла ў Беларусі. Біскуп Антоні Дзям’янка,
Генеральны сакратар |
Адноўлена 13.07.2009 14:26 |