[28 снежня 2004 г., Мінск] У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі разам са Старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. Старшыня паведаміў прысутным аб прызначэнні Святым Айцом 14 снежня біскупа Антонія Дзям’янка Дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і аб адначасовым звальненні яго з пасады Дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі. Прысутныя зацвердзілі душпастырскую праграму на 2005 г., распрацаваную з улікам абвешчанага Святым Айцом Года Эўхарыстыі. Гэтая праграма ўключае між іншым наступныя ініцыятывы: - дэкараванне святыняў эўхарыстычнымі сімваламі і сімваламі пакліканняў;
- клопат пра бяспечнае і годнае захоўванне Найвяцейшага Сакрамэнта ў табернакулюме;
- утварэнне дыцяэзіяльных камітэтаў эўхарыстычных святкаванняў;
- распрацоўка Календара адарацыі ў кожнай парафіі;
- правядзенне Эўхарыстычных кангрэсаў у Будслаўскім, Тракельскім, Удзельскім і Лагішынскім санктуарыях;
- засяроджанне асаблівай увагі ў лістападзе, месяцы пакліканняў, на пакліканнях да святарства і манаскага жыцця праз:
- сімпозіумы у кожнай дыяцэзіі;
- малітвы аб святарскіх і манаскіх пакліканнях у парафіях і сем’ях;
- малітвы за памерлых духоўных і кансэкраваных асобаў;
- правядзенне катэхезаў і выпуск бюлетэняў на тэму пакліканняў;
- сведчанні і катэхезы, сустрэчы клерыкаў з міністрантамі, моладдзю і вернікамі ва ўрачыстасць Хрыста Валадара ў розных парафіях па ўсёй краіне.
- стварэнне ўмоў для прыняцця Святой Камуніі хворымі і пажылымі людзьмі прынамсі раз у месяц;
- стварэнне ў касцёлах адпаведных умоў для адарацыі вернікамі Найсвяцейшага Сакрамэнта на працягу тыдня;
- арганізацыя пілігрымак у санктуарыі, у тым ліку для дзяцей, якія прынялі Першую Камунію;
- асвятленне эўхарыстычных тэмаў у сродках масавай інфармацыі (часопісах, газетах, Інтэрнэце);
- абвяшчэнне казанняў на тэму Эўхарыстыі на працягу года, у тым ліку падчас святой Імшы па радыё;
- праяўленне ініцыятывы адносна пабудовы святыні Божага Цела ў кожнай дыяцэзіі, асабліва ў новых мікрараёнах вялікіх гарадоў.
Прысутныя прынялі прадстаўлены Старшынёю пераклад на беларускую мову Цырыманіялу пасвечанняў біскупа, святара, дыякана. Тэкст Цырыманіялу будзе высланы ў Кангрэгацыю Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў для зацверджання. Старшыня Рады па справах моладзі пазнаёміў прысутных з ходам падрыхтоўкі да Сусветных дзён моладзі, якія адбудуцца ў Кёльне 16–21 жніўня 2005 г. Старшыня паінфармаваў прысутных аб выданні адпаведнага дэкрэту, які ўводзіцца ў дзеянне з 1 студзеня 2005 г. і абавязвае пры цэлебраванні святой Імшы на беларускай мове карыстацца выключна зацверджаным тэкстам Імшалу Editio typica III. Прынята рашэнне выдаць на 3-ю нядзелю Вялікага посту Пастырскі ліст ККББ аб «Карытасе». Віцебскі біскуп падзяліўся вопытам арганізацыі ў яго дыяцэзіі ўжо ў трэці раз Дзён хрысціянскай культуры. Былі абмеркаваны таксама іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла ў Беларусі. Біскуп Антоні Дзям’янка, Генеральны сакратар
|