Ліст біскупаў Каталіцкага Касцёла на Беларусі Камерленгу Святога Каталіцкага Касцёла |
4 красавіка біскупы Каталіцкага Касцёла на Беларусі накіравалі ліст у Ватыкан Яго Эмінэнцыі кардыналу Эдуарду Марцінэсу Самало – Камерленгу Святога Каталіцкага Касцёла. Яго Эмінэнцыі Кардыналу Эдуарду Марцінэсу Самало Камерленга Святога Каталіцкага Касцёла Ватыкан Ваша Эмінэнцыя, У вігілію нядзелі Божай Міласэрнасці мы атрымалі сумную вестку: Святы Айцец Ян Павел ІІ адышоў у дом Нябеснага Айца. Мы, біскупы Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, разам з усім народам Божым з глыбокім болем перажываем адыход у вечнасць нашага Айца. У нашым болю мы яднаемся з усім Касцёлам і прабываем у малітоўным чуванні разам з усімі вернікамі. Мы асаблівым чынам удзячныя Божаму Провіду за вялікую любоў, з якой Святы Айцец адносіўся да народаў Усходняй Еўропы, за тое, што можам сёння радавацца адраджэнню Касцёла на нашай зямлі. У дні, напоўненыя болем, мы з надзеяй услухоўваемся ў словы Адкупіцеля: «Я — уваскрасенне і жыццё. Кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ навекі» (пар. Ян 11, 25-26). Нябеснаму Айцу, шчодраму на міласэрнасць, даручаем душу нашага Святога Айца Яна Паўла ІІ, а таксама ўзносім малітвы за ўвесь Касцёл, спадзеючыся, што ў асобе Яна Паўла ІІ ён будзе мець свайго заступніка перад Панам. Біскупы Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі
|
Адноўлена 13.07.2009 14:51 |