[13 снежня 2005 г., г. Мінск]
У пасяджэнні ўзялі ўдзел усе каталіцкія біскупы ў Беларусі на чале са Старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. Прысутнічаў таксама Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Марцін Відаваіч.
Дырэктар нацыянальнага «Caritas» прадставіў прысутным праект статуту парафіяльных «Caritas». Пасля ўнясення магчымых заўвагаў біскупаў, статут будзе вынесены на зацвяржэнне Канферэнцыі. Кожны ўдзельнік пасяджэння таксама атрымаў агульную справаздачу аб дзейнасці нацыянальнага «Caritas» за 11 месяцаў бягучага году і план дзейнасці арганізацыі на наступны год.
Была зацверджана душпастырская праграма на 2006 год, мэтай якой з’яўляецца асвятленне постаці і набліжэнне вучэння Слугі Божага Яна Паўла ІІ. Згодна з гэтаю праграмай, 16 чысла кожнага месяца Касцёл у Беларусі будзе маліцца за хуткую беатыфікацыю і кананізацыю Слугі Божага Яна Паўла ІІ.
Старшыня Рады па пытаннях сужэнства і сям’і ККББ прадставіў прысутным выдадзеныя ў форме брашуры Рэкамендацыі па душпастырстве сем’яў. Пасля рассылкі па парафіях пастановы Рэкамендацый будуць рэалізоўвацца душпастырамі.
Сабраныя біскупы зацвердзілі тэмы разважанняў на май 2006 г. Яны будуць прысвечаны рэлігійным рухам і апостальскім групам у Касцёле.
Пасля абмену вопытам прысутныя аднагалосна падтрымалі прапанову Старшыні кожны год арганізоўваць у дыяцэзіях сімпозіумы і рэкалекцыі, прысвечаныя пакліканням, з мэтаю паказаць маладым людзям прыгажосць і патрэбу служэння Богу ў духоўным стане. Месцам правядзення такіх сустрэчаў былі вызначаны духоўныя семінарыі.
На пасяджэнні былі абмеркаваныя таксама і іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла ў Беларусі.
Антоній Дзям’янка
Генеральны Сакратар ККББ
Генеральны Сакратар ККББ