Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Камунікат з 28-га Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі |
[4 красавіка 2006 г., Сакратарыят ККББ у Мінску] У пасяджэнні бралі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са Старшынёю ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. Прысутнічаў таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч. Удзельнікі пасяджэння абмяняліся думкамі адносна адзначэння ў дыяцэзіях на Беларусі І-й гадавіны смерці Слугі Божага Яна Паўла ІІ. У касцёлах з удзелам вялікай колькасці вернікаў адбыліся святыя Імшы ў інтэнцыі хуткай беатыфікацыі, прайшлі начныя чуванні моладзі, адбылася спецыяльная Імша з удзелам духавенства і кансэкраваных асобаў. Сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку і дзяржаўныя, падалі інфармацыю пра асобу Вялікага Папы і пра адзначэнне І-й гадавіны з дня яго адыходу ў вечнасць. У сувязі з тым, што 15-годдзе аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі прыпадае на Вялікі чацвер, было вырашана абмежавацца зваротам з пастырскім лістом, які будзе прачытаны ва ўсіх касцёлах краіны. Старшыня перадаў дыяцэзіяльным біскупам пасланне Папы Бэнэдыкта XVI, адрасаванае семінарыстам, і 3 сведчанні. Са зместам гэтых пасланняў будуць азнаёмленыя выхаванцы духоўных семінарый краіны. Удзельнікі зацвердзілі тэкст Рытуалу Сужэнства ў перакладзе на беларускую мову, падрыхтаваны Секцыяй па перакладах Камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў ККББ. Былі таксама зацверджаныя прадпісанні адносна парадку фатаграфавання, а таксама кіна- і відэаздымкі ў касцёлах, падрыхтаваныя згаданай Камісіяй. Яны становяцца абавязковымі з моманту іх апублікавання. Старшыня даў інфармацыю пра запрашэнне польскім епіскапатам пілігрымаў з Беларусі на святую Імшу з удзелам Папы Бэнэдыкта XVI, якую ён будзе цэлебраваць у Варшаве 26 мая г.г. Каардынатарам пілігрымкі на нацыянальным узроўні быў прызначаны дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Біскупы азнаёміліся з планам трансляцыі беларускім тэлебачаннем сёлетніх пасхальных урачыстасцяў з Ватыкану і з Беларусі. Старшыня перадаў удзельнікам Пасланні Святога Айца Бэнэдыкта XVI з нагоды XL Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі і ХХІ Сусветнага дня моладзі, просячы як найшырэй распаўсюдзіць іх у дыяцэзіях. Старшыня Рады па справах сям’і паведаміў пра тое, як 25 сакавіка г.г. адзначаўся Дзень абароны жыцця і як адбывалася акцыя «Духоўнае ўсынаўленне» ў парафіях. Ён прапанаваў, каб завяршэнне «Духоўнага ўсынаўлення» адбылося ў нядзелю Святой Сям’і ў актаве Нараджэння Пана. Генеральны сакратар ККББ даў інфармацыю пра ўдзел прадстаўнікоў Беларусі ў Канферэнцыі, арганізаванай Папскай Радаю Cor Unum, якая праходзіла ў Рыме 23–24 студзеня г.г., і ў пасяджэнні выканаўчага камітэта Камісіі па сродках масавай інфармацыі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Еўропы, якое адбылося ў Рыме 10–12 сакавіка г.г. Былі таксама абмеркаваныя іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла ў Беларусі. Біскуп Антоній Дзям’янка Генеральны сакратар ККББ |
Адноўлена 13.07.2009 15:12 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.