Пасланне біскупа Антонія Дзям’янкі, Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі |
Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце Пану! 14 чэрвеня г. г. Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў мяне Апостальскім Адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Я ўдзячны Святому Айцу за давераную мне ганаровую пасаду ў Мінска-Магілёўскім Касцёле, у якім на пачатку мінулага стагоддзя працаваў Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі — біскуп, які адзначаўся святасцю жыцця, — а на пераломе тысячагоддзяў гэтую паслугу выконваў кардынал Казімір Свёнтэк, fidei testis. Мы ўдзячныя яму за сведчанне святарскай веры ў сталінскіх гулагах і на кожным месцы ягонага служэння Богу і людзям. Асаблівую падзяку хачу выказаць Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі арцыбіскупу Марціну Відавічу за яго добразычлівасць і бацькоўскі клопат. На пачатку свайго служэння ў якасці Апостальскага Адміністратара я звяртаюся з просьбай аб малітоўнай падтрымцы да цябе, Народ Божы, каб у Мінска-Магілёўскім Касцёле я служыў дзеля большай хвалы Бога, Адзінага ў Святой Тройцы, і дзеля дабра вернікаў, даручаных пастырскаму клопату біскупа. Прашу аб малітве дзяцей, моладзь, сем’і, а перадусім людзей хворых і тых, хто ў патрэбе, — праз сваё цярпенне яны знаходзяцца бліжэй за ўсіх да крыжа Хрыстовага. Я разлічваю на дапамогу і супрацоўніцтва тых, хто выконвае разнастайныя абавязкі ў нашым грамадстве. Спадзяюся, што нашыя супольныя намаганні — нягледзячы на няпростыя выклікі, якія ставіць сучасны свет, — будуць садзейнічаць умацаванню цывілізацыі жыцця і любові. Звяртаюся з просьбаю аб малітве да ўсіх святароў Мінска-Магілёўскага Касцёла, да законнікаў і сясцёр законных, дыяканаў, алюмнаў духоўных семінарый. Я разлічваю на вашую падтрымку ў маім служэнні, каб мы разам ішлі шляхам святасці і дапамагалі іншым імкнуцца да яе. Разам з вамі ўсімі я хачу ісці шляхам веры пілігрыма пад апекай Марыі, Маці Езуса Хрыста — Маці Божай Будслаўскай, Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Божай Чэнстахоўскай... Мой біскупскі заклік «Ut unum sint» («Каб усе былі адно») я буду і надалей рэалізоўваць. Дзеля таго, каб нас яднаў Езус Хрыстус — наш Пан і Збаўца, каб мы ўсе былі адной сям’ёй Божых дзяцей. Няхай Пан учыніць нас прыладай свайго супакою, каб мы, як заклікаў святы Францішак Асізскі, «сеялі любоў там, дзе пануе нянавісць, прабачэнне — там, дзе пануе крыўда, еднасць — там, дзе пануе разлад, надзею — там, дзе пануе роспач, святло — там, дзе пануе цемра, радасць — там, дзе пануе смутак. (...) Каб мы маглі не столькі шукаць суцяшэння, колькі суцяшаць, не столькі шукаць разумення, колькі разумець, не столькі шукаць любові, колькі любіць, бо, калі даём — мы атрымліваем, калі прабачаем — атрымліваем прабачэнне, а калі паміраем — нараджаемся для вечнага жыцця праз Езуса Хрыста, Пана нашага». Езус Хрыстус да сваіх вучняў скіраваў наступнае пасланне: «Ідзіце і навучайце ўсе народы (...). Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). Гэтае пасланне і мы павінны выконваць у Духу Хрыстовага Евангелля, і тады настане а+дна Аўчарня і Адзін Пастыр. На плённае абвяшчэнне Добрай Навіны ад усяго сэрца благаслаўляю. |
Адноўлена 13.07.2009 15:21 |