Пастырскі ліст ККББ «Усе пакліканы да святасці» |
У імя Божае мы распачалі новы 2007 Год Пана. Бог у сваёй бязмежнай дабрыні дазволіў нам увайсці ў чарговы год трэцяга тысячагоддзя. 2006 год, які ўжо стаў гісторыяй, вернікі Каталіцкага Касцёла на Беларусі перажывалі ў духу памяці пра Слугу Божага Яна Паўла ІІ і пра яго вучэнне, дзякуючы такім чынам за дар гэтага Вялікага Папы і разважаючы над багатым вучэннем, якое ён пакінуў нам за 26 гадоў пантыфікату. Згодна з рашэннем Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, гэты год нашай зямной пілігрымкі мы будзем перажываць пад дэвізам: «Усе пакліканы да святасці». Такім чынам мы хочам нагадаць пра пакліканне кожнага чалавека да святога жыцця і нанава засяродзіцца на словах Другога Ватыканскага Сабору, які асабліва падкрэсліў, што «ўсе ў Касцёле, незалежна ад таго, адносяцца яны да іерархіі ці з’яўляюцца аб’ектам яе пастырскай апекі, пакліканы да святасці, згодна са словамі Апостала: „Бо воля Божая — гэта вашае асвячэнне“ (1 Тэс 4, 3)» (Lumen gentium 39). Некаторыя людзі памылкова лічаць святасць чымсьці надзвычайным, даступным толькі для абраных, забываючыся, што кожны без выключэння чалавек можа яе дасягнуць, калі будзе нястомна супрацоўнічаць з Божай ласкай. У адказ на пытанне юнака: «Што належыць рабіць, каб быць збаўленым?», Хрыстус сказаў: «Калі хочаш увайсці ў жыццё вечнае, захоўвай запаведзі» (пар. Мц 19, 16–17). Гэта значыць, што святым становіцца той, хто ў штодзённым жыцці кіруецца Божым законам, яднаецца з Богам у святых сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі, і з любоўю служыць Богу ў бліжніх. Сапраўдная святасць не залежыць ад маштабу ўчынкаў, але заключаецца ў выкананні Божай волі. Таму кожны чалавек мае шанц стаць святым. Пра святасць хрысціяніна можна гаварыць тады, калі ён як мага паўней захоўвае вернасць вучэнню Хрыста, калі імкнецца да Яго, яднаецца з Ім і Яго наследуе. Аднак не ўсім дадзены аднолькавыя магчымасці ісці за Хрыстом. Яны адрозніваюцца ў залежнасці ад узросту чалавека, яго культурна-рэлігійнай фармацыі, узроўню жыцця, прафесіі або паклікання і нават ад стану здароўя. Шлях да святасці хрысціянскіх сужэнцаў будзе адрознівацца ад шляху святара або кансэкраванай асобы. Аднак кожны ахрышчаны абавязаны выкарыстаць дадзеныя яму для гэтага магчымасці. Усе пакліканні, усе прафесіі і жыццёвае становішча павінны разглядацца як шанц для рэалізацыі паклікання да святасці, або, інакш кажучы, як шанц для рэалізацыі паклікання да дасканалай любові ў адносінах да Бога і людзей. Такім чынам, святым чалавек становіцца не таму, што выбраў шлях кансэкраванага або святарскага жыцця, але таму, што яго жыццё ў адпаведнасці са становішчам і пакліканнем ператвараецца ў любоў да Бога і бліжняга. Такое разуменне святасці адкрывае надзвычай творчае асэнсаванне вартасці нават найбольш свецкага жыццёвага шляху і цалкам свецкай дзейнасці. Такая святасць мае шанц узрастаць і гераічна рэалізавацца нават пры самай звычайнай дзейнасці, калі толькі гэтая дзейнасць з’яўляецца вынікам любові да Бога і людзей. Распачынаючы год, на працягу якога мы засяродзім увагу на ўсеагульным пакліканні да святасці, звяртаемся да вас, дарагія браты ў святарстве. Дзякуючы вам за вашае ахвярнае святарскае служэнне, мы хочам нагадаць, што менавіта вы асабліва пакліканы да святасці, бо прынялі сакрамэнт святарства. Святы Айцец Ян Павел ІІ у Апостальскай адгартацыі Pastores dabo vobis напісаў, што пакліканне да святасці асабліва датычыцца святароў: «Яны пакліканы не толькі як ахрышчаныя, але таксама і асабліва як святары, гэта значыць, на падставе новага сану і асаблівых умоваў, якія вынікаюць з сакрамэнту святарства» (PDV 19). Згодна з вучэннем Аб’яўлення, святар у Каталіцкім Касцёле з’яўляецца не толькі «паслом» Езуса Хрыста, але ў пэўнай ступені «другім Хрыстом» (alter Christus), — менавіта гэта асаблівым чынам вылучае каталіцкага святара. «Святарская тоеснасць, — тлумачыць Кангрэгацыя па справах духавенства, — вынікае з асаблівага ўдзелу ў святарстве Хрыста, дзякуючы якому той, хто прыняў пасвячэнне, становіцца ў Касцёле і для Касцёла сапраўдным, жывым і выразным вобразам Хрыста Святара, «сакрамэнтальнай актуалізацыяй Езуса Хрыста, Галавы і Пастыра» (PDV 15). Таму жыццё і служэнне святара з’яўляюцца працягам жыцця і дзейнасці Хрыста. Дарагія браты, ваша імкненне да святасці выяўляецца ў пастырскай любові, якая з’яўляецца ў першую чаргу дарам сябе самога, прынясеннем без рэшты сябе самога ў дар Касцёлу, па прыкладзе дару Хрыста і ў супольнасці з Ім. Ён «палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго» (Эф 5, 25). У вашай святарскай штодзённасці гэтая пастырская любоў павінна выяўляцца ў правільнай і самаахвярнай цэлебрацыі святых сакрамэнтаў, у ахвярнай і нялёгкай катэхетычнай і прапаведніцкай працы, у прыкладзе вашага жыцця, у кіраванні даручанай вам супольнасцю, у дабрачыннай і выхаваўчай дзейнасці, у лучнасці са сваім біскупам і ў еднасці з іншымі святарамі. Са словамі заахвочвання мы звяртаемся да кансэкраваных асобаў. Гэта вы, ідучы за голасам паклікання, велікадушна ўзялі на сябе заданне наследаваць Хрыста цнатлівага, убогага і паслухмянага Айцу. Ян Павел ІІ у адгартацыі Vita conseсrata падкрэслівае, што кансэкраванае жыццё, як дар Айца, «знаходзіцца ў самым сэрцы Касцёла як элемент, які мае вырашальнае значэнне для яго місіі, таму што выражае найглыбейшую сутнасць хрысціянскага паклікання» (VC 3). Фундаментам вашага жыцця з’яўляецца кансэкрацыя, якая азначае поўнае і выключнае адданне сябе Богу на векі. Ваш вобраз жыцця з’яўляецца радыкальным супрацьпастаўленнем часовым каштоўнасцям гэтага свету, якія зводзяцца да цялеснай пажадлівасці, пажадлівасці вачэй і жыццёвай пыхі. Вы з’яўляецеся для свету знакам таго, што існуе звышнатуральнае вымярэнне, рэальнасць неба, да якой чалавек, як Божае стварэнне, пакліканы. Вашае асабістае асвячэнне мае грамадскае вымярэнне; яно прыносіць карысць усяму Касцёлу, узмацняючы яго і паказваючы частку будучай хвалы. Заахвочваем, каб вы як духоўная святыня ўсё больш асвячалі сваё жыццё па прыкладзе Таго, Хто вас паклікаў. Нашае пастырскае слова мы скіроўваем да свецкіх асобаў. Без вас, свецкіх вернікаў, Касцёл не быў бы Касцёлам. Калі б у Касцёле не было свецкіх, то духоўныя і кансэкраваныя асобы страцілі б сваю ўласную тоеснасць. Святы Айцец Ян Павел ІІ у Апостальскай адгартацыі Christifideles laici заклікае ўсіх свецкіх, каб усё глыбей усведамлялі, што яны «не толькі належаць да Касцёла, але самі з’яўляюцца Касцёлам» (ChL 9), а ў сваю чаргу, усё жыццё касцёльнай супольнасці павінна імкнуцца да святасці. На жаль, многія з ахрышчаных сцвярджаюць, што дастаткова быць «добрым хрысціянінам», гэта значыць, такім чалавекам, які ўпэўнены, што не чыніць цяжкіх грахоў, але таксама і не імкнецца да дасканаласці, задавольваючыся «адгаворваннем» штодзённых пацераў, «слуханнем» нядзельнай святой Імшы і спавядаючыся адзін раз на год, і пры гэтым лічыць, што амаль не мае грахоў. Прывілею духоўнага жыцця, імкненне да святасці такі хрысціянін пакідае святарам, кансэкраваным асобам, і ў першую чаргу законнікам і законніцам. Для такой пазіцыі духоўнага жыцця характэрна павярхоўнасць, таму што ў гэтым жыцці не адведзена першае месца Хрысту як Асобе, — жывому і праўдзіваму, — хоць сама назва «хрысціянін» адназначна ўказвае на вучня Хрыста. Існуе яшчэ іншая катэгорыя — умоўныя хрысціяне, гэтак званыя «яшчэ веруючыя, але ўжо не практыкуючыя». Такі падыход указвае на жахлівае скажэнне праўды пра Бога і пра чалавека, а значыць, на адсутнасць веры як фундамента духоўнага жыцця. У хрысціянскай веры Бог — гэта не ідэалогія, створаная людзьмі для іх часовага карыстання. Ён з’яўляецца жывой, хоць і нябачнай Асобай, Якую пазнаваць, прызнаваць і для Якой чыніць усё — значыць любіць Яе ўсім сэрцам, усім розумам і ўсёй душой. Добры хрысціянін, такім чынам, гэта сталы ў веры чалавек, для якога духоўнае жыццё з’яўляецца найглыбейшай і найважнейшай патрэбай самарэалізацыі ў пакліканні быць чалавекам «па вобразе Божым» і хрысціянінам, — гэта значыць Божым Дзіцём, — свядомым, што ён таксама быў адкуплены Крывёй Хрыста. Нагадваючы пра ўсеагульнае пакліканне да святасці, нельга абмінуць праблему небяспекаў, якія існуюць у сучасным свеце. Секулярызм, маральны рэлятывізм і іншыя тэндэнцыі сучаснага свету моцна пагражаюць духоўнаму жыццю хрысціянаў. На жаль, многія сучасныя хрысціяне слухаюць зманлівы голас свету, які намагаецца любым коштам пераканаць, што сёння святасць немагчымая. Свет імкнецца пераканаць чалавека, што ўчынкі, за якія яго дакарае сумленне, робяць усе. Абмовы, злосць, нянавісць, распуста, алкаголь, наркотыкі, кантрацэпцыя і гэтак далей — усё гэта, на жаль, папулярна ва ўсім свеце і закранае сотні мільёнаў людзей. Гэта сапраўды так. Аднак Касцёл з плошчы святога Пятра вуснамі Папы няспынна аб’яўляе ўсяму свету імёны тых, хто на ўзор Хрыста праведна прайшоў шляхам зямнога жыцця. Гэта тыя, хто жыў, кіруючыся хрысціянскімі каштоўнасцямі, часта аддаючы за іх сваё жыццё. Яны не былі вольнымі ад людскіх слабасцяў, але заўсёды падымаліся і вярталіся, безупынна і глыбока верачы ў Божую Міласэрнасць. Усё яшчэ гучыць у нашай памяці вокліч Божага народа пасля адыходу Яна Паўла ІІ: «Santo subito!» — «Ужо святы!». Гэта ён здзейсніў 1338 беатыфікацый і 482 кананізацыі, каб заахвоціць нас наследаваць святых. Ён заклікаў дарослых і моладзь, духоўных і свецкіх: «Не бойцеся імкнуцца да святасці». Ідучы ў кірунку святасці, гэта значыць да збаўлення, неабходна ўспрымаць сваё зямное жыццё як экзамен на здольнасць кіравацца вераю і як час для назапашвання добрых справаў. Змаганне за святасць з’яўляецца для чалавека адказам на Божы заклік, нялёгкай і ахвярнай рэалізацыяй прынятага хросту. Зразумела, што святасць перавышае прыродныя сілы чалавека, але, заклікаючы да яе, Бог даў нам вялікую дапамогу: Ён даў нам Евангелле, якое з’яўляецца праўдай пра Бога, пра людзей, пра свет; даў сакрамэнт паяднання, Эўхарыстыю, даў нам свайго Духа. А таму давайце нанава ўсвядомім тую праўду, што мы пакліканыя да святасці, паверым, што можам яе дасягнуць, і будзем святымі, наследуючы нашага Настаўніка з Назарэта! Ад усяго сэрца благаслаўляем. |
Адноўлена 13.07.2009 15:30 |