Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Заключнае камюніке CCEE
CONSILIUM CONFERENTIARUM EPISCOPORUM EUROPAE (CCEE)
Sekretariat: CH-9000 St. Gallen, Gallusstr. 24,
Tel.: ++41-71-227 60 40; Fax ++41-71-227 60 41; Email: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript

Сакратары Каферэнцый біскупаў Еўропы ў Беларусі
Мінск, 14–18 чэрвеня 2007 г.

ЗАКЛЮЧНАЕ КАМЮНІКЕ
 
14–18 чэрвеня 2007 г. у сталіцы Беларусі г. Мінску сабраліся Генеральныя сакратары Канферэнцый біскупаў Албаніі, Беларусі, Босніі і Герцэгавіны, Чэхіі, Харватыі, Германіі, Англіі і Уэльса, Ірландыі, Італіі, Літвы, Мальты, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Расіі, Скандынавіі, святых Кірыла і Мятода (Македонія, Чарнагорыя і Сербія), Шатландыі, Славеніі, Іспаніі, Швейцарыі, Турцыі, Венгрыі, Украіны візантыйскага і лацінскага абрадаў. Удзельнікі вельмі ўдзячныя за запрашэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, а асабліва яе Генеральнаму сакратару Я. Э. біскупу Антонію Дзям’янку, Апостальскаму Адміністратару Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Упершыню ў гісторыі ў Беларусі сабралася такая прадстаўнічая дэлегацыя еўрапейскіх епіскапатаў.
 
Сустрэча распачалася ўрачыстай цэлебрацыяй Эўхарыстыі ў чацвер 14 чэрвеня ў мінскім катэдральным касцёле з удзелам біскупаў з Беларусі, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у гэтай краіне Я. Э. арцыбіскуп Марцін Відавіч. Прыемнай нечаканасцю стала прамоўленае на шасці розных мовах (нямецкай, іспанскай, польскай, італьянскай, англійскай, беларускай) цёплае прывітальнае слова ў «цэнтры Еўропы»: сапраўды, Беларусь уваходзіць у склад цэнтральнай часткі Старога Свету і вялікай сям’і еўрапейскіх краінаў. Насамрэч, Касцёл заўсёды бачыць «вялікую Еўропу»: ад Атлантыкі да Урала, з двума лёгкімі. Рада канферэнцый біскупаў Еўропы (РКБЕ), якая арганізавала сустрэчу, — гэта касцёльная структура, якая ўжо ў 1971 г., калі была створана, прароча прадстаўляла Еўропу без муроў, калі ніхто не мог нават уявіць сабе такога развіцця падзеяў.
 
Генеральныя сакратары былі ўражаныя сардэчным прыёмам, аказаным ім у краіне і мясцовым Касцёлам. Цэлебрацыя Эўхарыстыі ў некаторых з 32-х парафій горада Мінска ўвечары ў пятніцу 15 чэрвеня, Імша ў касцёле святых Сымона і Алены ўвечары ў суботу 16 чэрвеня і наведанне некалькіх парафіяльных супольнасцяў у нядзелю 17 чэрвеня падчас падарожжа ў Нясвіж, дзе цэлебравалася Эўхарыстыя, дазволілі пазнаёміцца з жыццём і трывалаю вераю гэтага народа. Гэта вера, якая прайшла праз выпрабаванні гісторыі. На дарогах былі відаць крыжы ў памяць пра ахвяры апошняй вайны і пераследу камуністычнага рэжыму. Вядома шмат гісторый жыцця мучанікаў за веру. Пасля падзення камунізму, дзяржаўная атэістычная палітыка саступіла месца адраджэнню і аднаўленню Касцёла. Яшчэ цяжка прывесці дакладныя статыстычныя дадзеныя, але Каталіцкі Касцёл мае вельмі значную прысутнасць, якая перавышае розныя падлікі. Пажаданне Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі атрымаць неабходнае супрацоўніцтва як ад братніх Касцёлаў Еўропы, так і ў краіне, каб мець магчымасць развіваць арганізацыю душпастырства і будаваць парафіяльныя цэнтры і касцёлы, неабходныя для служэння свайму народу.
 
У пятніцу 15 чэрвеня адбылася важная сустрэча прадстаўнікоў Канферэнцый біскупаў Еўропы з Яго Высокапраасвяшчэнствам Філарэтам, праваслаўным Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, на якой прысутнічаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч. Сустрэча, якая прайшла ў сардэчнай братняй атмасферы, стала сведчаннем няспыннага канструктыўнага дыялогу і ўзаемапавагі паміж каталікамі і праваслаўнымі ў краіне.
 
Цэнтральнаю тэмаю працы Генеральных сакратароў стала міграцыя. Гэта з’ява, з якой востра сутыкаецца кожная краіна, сапраўдны «знак часу». Мы назіраем за насамрэч глабальным перамяшчэннем народаў. Пасля зменаў, якія адбыліся ў Румыніі ў 1989 г., з краіны выехала каля 15% насельніцтва, пераважна моладзь. Пры камуністычным рэжыме эміграваць было немагчыма. У Албаніі за гэта пагражаў расстрэл. У мінулым Іспанія была краінаю эміграцыі, а сёння — іміграцыі. Дзесяць гадоў таму ў ёй было паўмільёна імігрантаў, а сёння іх больш за 4 мільёны.
 
Касцёл заклапочаны сацыяльнымі праблемамі, звязанымі са з’яваю міграцыі: нелегальнасць, беспрацоўе, старэнне насельніцтва краінаў выезду, гандаль людзьмі, разбіццё сем’яў, дзеці, якія растуць без бацькоў… Салідарная дабрачынная дзейнасць хрысціянаў — неабходны і неадкладны адказ на гэты выклік. Але рашаючую ролю будуць мець палітычныя дзеянні на сусветным узроўні, скіраваныя на пераадоленне першапрычынаў, якія змушаюць людзей да міграцыі: беднасць, насілле, несправядлівасць, эканамічная адсталасць, беспрацоўе. Акрамя таго, вельмі важнаю з’яўляецца праца ў галіне культуры: выхаванне павагі да чалавечай асобы, асуджэнне ксенафобіі, якую часта прапагандуюць СМІ, спрыянне сапраўднай інтэграцыі, якая дапаможа захаваць асабістую ідэнтычнасць. Генеральныя сакратары з краінаў Заходняй Еўропы у духу рэалізму адзначылі, што іміграцыя — гэта таксама праява «дэмаграфічнай хваробы», якая паразіла іх краіны. У прыватнасці Канферэнцыі біскупаў вырашаюць душпастырскія пытанні, якія ставіць перад імі міграцыя: душпастырская апека над рознымі этнічнымі групамі, якія жывуць у краіне, павага да ўнёску групаў з іншых краінаў у жыццё мясцовага Касцёла, абмен персаналам для правядзення душпастырства. Міграцыя таксама прынесла з сабою экуменічную рэчаіснасць і сустрэчу розных рэлігій, што стала новым для некаторых краінаў.
 
У гэтай справе Касцёл дзякуючы сваёй паўсюднасці (каталіцкасці) мае незвычайны шанц: ён можа падтрымліваць унікальную сець салідарнасці і душпастырскага супрацоўніцтва паміж краінамі выезду і краінамі прыбыцця мігрантаў. Варта сур’ёзна падысці да гэтай магчымасці.
 
Паглыбленне каталіцкасці — гэта адзін з лейтматываў дзейнасці, што стаіць на павестцы РКБЕ. Удзел дэлегацыі еўрапейскіх біскупаў у Генеральнай канферэнцыі біскупаў Лацінскай Амерыкі, якая праходзіла ў Апарэсідзе ў Бразіліі 15–31 мая гэтага года і была адкрытая Папам, таксама стала сведчаннем жадання шукаць новыя шляхі супрацоўніцтва паміж Касцёламі на двух кантынентах. Паміж біскупамі з Еўропы і з Афрыкі праводзіцца шэраг семінараў на тэмы, што ўяўляюць узаемны інтарэс. У лістападзе 2007 г. у Гане адбудзецца сустрэча на тэму рабства і новых відаў рабства.
 
Неабходнасць культурнай дзейнасці і душпастырства ў галіне культуры будзе абмеркавана на сустрэчы выкладчыкаў і рэктараў універсітэтаў Еўропы, якая пройдзе ў Рыме 21–24 чэрвеня 2007 г. і збярэ каля 2000 удзельнікаў.
 
Яшчэ адною важнаю тэмаю сустрэчы ў Мінску стала тэма экуменізму і падрыхтоўкі да ўжо недалёкай ІІІ еўрапейскай экуменічнай асамблеі, якая пройдзе ў Сібіу 4–9 верасня 2007 г. Асамблея ў Сібіу з’яўляецца кульмінацыяй «паломніцтва» хрысціянаў Еўропы, распачатага ў Рыме ў студзені 2006 г., працягнутага ў Вітэнбергу ў лютым 2007 г. і перажытага перадусім на ўзроўні паасобных краінаў дзякуючы сотням сустрэчаў. Дэлегацыі Канферэнцый Біскупаў і іншых структураў і рухаў на асамблею ў Сібіу маюць асаблівую кваліфікацыю. Перад 2500 афіцыйнымі ўдзельнікамі будзе стаяць заданне стаць «пашыральнікамі» еўрапейскага вопыту паяднання. У некаторых краінах экуменічны працэс зайшоў у «тупік», але ў іншых адбываюцца сустрэчы і падзеі, дагэтуль нябачаныя. Зрухі ў гэтым кірунку магчымыя. Нешта новае на гэтым этапе экуменізма можа стаць толькі вынікам сур’ёзнага супольнага навяртання да «Хрыста — святла, якое асвятляе ўсіх» (тэма асамблеі). Поспех асамблеі будзе ў вялікай ступені залежаць ад здольнасці па-новаму паглядзець на праблемы Еўропы і свету ў святле, якое сыходзіць з хрысціянскага аб’яўлення.
 
Касцёл у Еўропе ўважліва сочыць за працэсам еўрапейскай інтэграцыі, які 25 сакавіка 2007 г. адзначыў пяцідзесятую гадавіну падпісання Рымскай дамовы, якою быў заснаваны Еўрапейскі Саюз. Пяцьсот упаўнаважаных дэлегатаў з палітычных і касцёльных колаў прынялі ўдзел у Кангрэсе, арганізаваным Камісіяй епіскапатаў краін Еўрасаюза (Comece), прысвечаным тэме «Каштоўнасці і перспектывы для Еўропы», які прайшоў у Рыме 25–27 сакавіка. Касцёл паслядоўна падтрымлівае працэс інтэграцыі, які нясе з сабою развіццё і мір, аднак мае сур’ёзныя пытанні, што датычацца так званых «каштоўнасцяў», якія некаторыя члены Еўрасаюза імкнуцца распаўсюдзіць у асобных краінах, асабліва ў галіне адукацыі, адносна ролі рэлігіі, жыцця і сям’і, якія з’яўляюцца небяспечнымі для самога бачання чалавечай асобы.
 
Іншыя пытанні, узнятыя Генральнымі сакратарамі, былі наступныя: якая будучыня ў Канстытуцыйнага акта? Якія вынікі сустрэчы адказных за еўрапейскія ўстановы з рэлігійнымі лідэрамі, што адбылася 15 мая ў Бруселі? Якія наступствы «Балонскага працэсу» для тэалагічных факультэтаў? Якая роля Касцёла ў далейшым працэсе інтэграцыі?
 
Была дасягнута агульная згода адносна тэрміновай неабходнасці наяўнасці еўрапейскай сеці кампетэнтных свецкіх хрысціянаў, якія змогуць дзейнічаць у сферы праблематыкі Еўрасаюза: па праблемах біяэтыкі, па сацыяльных і юрыдычных праблемах. Канферэнцыя біскупаў Англіі паспяхова развівае падрыхтоўку моладзі, якая мае намер заняцца палітычнай дзейнасцю.
 
Канферэнцыі біскупаў Еўропы адчуваюць неабходнасць вынесці на павестку разважанне пра сувязь Касцёла з грамадскім жыццём адносна правоў чалавека і «канфліктаў» паміж правамі, якія часта з’яўляюцца. Гэтае патрабаванне вынікае з назірання ўскладнення сітуацыі вакол каталіцкіх агенцтваў, якія займаюцца ўсынаўленнем, з-за брытанскага заканадаўства, якое забараняе дыскрымінацыю па сексуальнай арыентацыі.
 
Былі разгледжаны таксама і іншыя актуальныя пытанні: душпастырства моладзі і Сусветныя дні моладзі 2007 г. ў Сіднэі, дзейнасць Канферэнцый біскупаў па абароне стварэння.
 
У 2008 г. сустрэча Генеральных сакратароў Канферэнцый біскупаў Еўропы пройдзе ў Іспаніі 26–30 чэрвеня.
 
Мінск, 18 чэрвеня 2007 г.
 
Альдо Джардано, Генеральны сакратар РКБЕ


Рада Канферэнцый біскупаў Еўропы (РКБЕ) збірае Старшыняў існуючых 34-х Канферэнцый біскупаў Еўропы. Яе ўзначальвае кардынал Петэр Эрдо, арцыбіскуп Эстэргомска-Будапешцкі, Прымас Венгрыі; намеснікі Старшыні — кардынал Ёсіп Бозаніч, арцыбіскуп Заграбскі, і кардынал Жан-П’ер Рыкар, арцыбіскуп Бардоскі. Генеральны сакратар РКБЕ — монсіньёр Альдо Джардано. Сядзіба сакратарыяту знаходзіцца ў Сен-Галлене (Швейцарыя).

 

Арыгінальны тэкст гэтага камюніке на італьянскай мове ў асобным файле можна спампаваць тут >>>

 

Адноўлена 13.07.2009 15:41
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Дакументы Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

04.05 16:28Паведамленне з 65-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
02.03 16:36Паведамленне з 64-га пленарнага (пазачарговага) пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
12.10 17:58Паведамленне з 63-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
05.07 18:11Паведамленне Старшыні ККББ наконт правядзення Брацтвам св. Пія Х рэкалекцый па метадзе св. Ігнацыя Лаёлы
24.05 15:07Зварот Каталіцкіх Біскупаў Беларусі аб правядзенні Дня перапрашэння (+Набажэнства перапрашэння)
04.02 22:01Паведамленне з 61-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
30.11 14:26Паведамленне ККББ аб правядзенні Дня малітвы за тых, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе
21.11 15:49Паведамленне Старшынi Канферэнцыi Каталiцкiх Бiскупаў у Беларусi аб Імшы развітання з арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці
28.10 16:38Паведамленне з 60-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
03.06 17:02Паведамленне з 59-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі