Пастырскі ліст ККББ на ўрачыстасць Звеставання Пана |
«Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае, а хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне. Бо, хто меншы сярод усіх вас, той будзе вялікі» (пар. Лк 9, 48).
Урачыстасць Звеставання Пана з’яўляецца адначасова ўспамінам Уцелаўлення Божага Сына ва ўлонні Панны Марыі i пачаткам нашага збаўлення. Сёння мы асабліва ўсведамляем бясконцую любоў Бога, які першым выйшаў да грэшнага чалавека са сваім дарам міласэрнасці i «так палюбіў свет, што аддаў Сына [свайго] Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (пар. Ян 3, 16). З вялікай пакораю і ўдзячнасцю мы вызнаём нашую веру, паўтараючы: «Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення зышоў з неба. І ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі, і стаўся чалавекам» (Апостальскі Сімвал веры). Супрацьстаянне гэтым сучасным тэндэнцыям і падкрэсліванне святасці жыцця — гэта наш хрысціянскі абавязак. Таму таксама Дзень святасці жыцця, які адзначаецца ва ўрачыстасць Звеставання Пана, на стала замацаваўся ў літургічным календары Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Сужэнцы, прымаючы рашэнне наконт колькасці дзяцей, не могуць кіравацца эгаізмам, любоўю да выгодаў, кантрацэпцыяй, але павінны кіравацца ахвярнай любоўю. Паколькі сям’я з’яўляецца асяродкам жыцця, то самым цяжкім грахом у гэтай сферы з’яўляецца забойства зачатага жыцця, г. зн. аборт. Часта спрабуюць зменшыць i апраўдаць гэтае злачынства, называючы яго рэгуляцыяй, аперацыяй, перарываннем цяжарнасці або іншымі ўкрытымі назвамі. Заклапочаны шчасцем сем’яў Слуга Божы Ян Павел ІІ падкрэслівае, што «Бог, Даўца і Валадар жыцця, чакае ад сужэнцаў, каб у служэнні жыццю яны ніколі не адважваліся яго забіваць. Забойства ненароджаных дзяцей — гэта вялікая знявага годнасці i справядлівасці, трэба яго бязлітасна асуджаць i рашуча адкідваць… Народ, які забівае ўласных дзяцей — гэта народ без будучыні» (пар. FC 30). Ніводная акалічнасць не можа апраўдваць такога дзеяння. Пра забойства зачатага дзіцяці не мае права вырашаць ні айцец, ні маці. Асмельваемся тут таксама нагадаць, што згодна з кананічным правам кожны, хто дапускае грэх аборту, пасля яго здзяйснення падлягае экскамуніцы моцаю самога права (пар. кан. 1398), не толькі маці, але таксама муж, урач і іншыя саўдзельнікі гэтага граху. Таму трэба прыняць кожнае зачатае дзіця, як Божы дар, бо з самага пачатку гэта чалавек, які развіваецца і створаны паводле Божага вобраза і падабенства. Гэта азначае, што, калі мы служым жыццю, мы служым таксама Стварыцелю. Жыццё кожнага чалавека, без выключэння, ад пачатку ажно да натуральнай смерці, павінна аберагацца не толькі Божым законам, але таксама законам чалавечым. Каб абараніць наш народ ад злачынства забойства дзяцей, мы распачынаем сёння — у Дзень святасці жыцця — справу духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці. Яна заключаецца ў прыняцці пад малітоўную апеку аднаго дзіцяці, якому пагражае смерць ва ўлонні маці. Імя гэтага дзіцяці вядома толькі Богу. Малітвай ахопліваем не толькі зачатае дзіцё, але таксама яго бацькоў, каб яны прынялі яго з любоўю i добра выхавалі. Абавязацельства да такой малітвы прымае канкрэтная асоба на дзевяць месяцаў, г. зн. на час прабывання дзіцяці ва ўлонні маці, а менавіта з хвіліны зачацця да нараджэння. Штодзённая малітва ў інтэнцыі духоўна ўсыноўленага дзіцяці складаецца з адной таямніцы Ружанца, спецыяльнай малітвы, якую атрымаеце ад сваіх душпастыраў, a таксама дабравольна распачатых дадатковых рэлігійных практык (напр., пост, св. Камунія, дапамога патрабуючым, барацьба з дрэннымі звычкамі і г. д.). Гэта вельмі важна, бо перыяд прабывання ва ўлонні маці найважнейшы для далейшага развіцця чалавека. Выпрошванне ў малітве бацькам любові да зачатага дзіцяці, перамены сэрца самых блізкіх, якія супраціўляюцца прыйсцю на свет маленькага чалавека, топіць лёд эгаізму ў свеце. Сем’і, якія любяць зачатае i народжанае дзіця, здольныя прыняць міласэрнасць Бога. Усё часцей здараецца, што сужэнствы, якія не могуць мець уласных дзяцей, пасля распачацця гэтай малітвы, згаджаюцца на духоўнае ўсынаўленне аднаго, a нават некалькіх дзяцей. Яны становяцца аазісамі цяпла любові ў эгаістычным свеце. Ратуючы зачатых дзяцей, мы прымаем удзел у перамяненні свету, запальваем для свету надзею. Гэта адпаведнае заданне для кожнага хрысціяніна, які павінен быць «святлом для свету». На гэтую тэму выказвалася Маці Тэрэза Калькуцкая: «Жыццё — гэта найпрыгажэйшы дар Бога. Ён стварыў нас для вялікіх справаў — любіць і быць любімымі… Вучыце сваіх маладых любіць Бога. Вучыце іх маліцца. Калі палюбяць Бога, зробяць усё, што Ён хоча. Будуць любіць і шанаваць прыгожы дар жыцця. Будуць любіць i шанаваць цудоўны дар магчымасці перадаваць новае жыццё» (Маці Тэрэза Калькуцкая. Лісты). Духоўнае ўсынаўленне дазваляе таксама чалавеку па-іншаму паглядзець на сябе, ацаніць пачуццё ўласнай годнасці i велічы як Божага дзіцяці, як дару ад Найвышэйшага, як падзяку за тое, што я існую, што жыву i што Бог мяне бязмежна любіць; што я сам, распачынаючы справу духоўнага ўсынаўлення, магу быць таксама дарам для іншых. Гэта будзе выяўляцца ў павазе да кожнай жанчыны, якая чакае патомства, a таксама да бацькоў шматдзетных сем’яў. Справа духоўнага ўсынаўлення распачынаецца таксама як справа пакаяння за грахі забойства дзяцей. Тады нашая малітва з’яўляецца выпрошваннем у Бога міласэрнасці для свету i такім чынам рыхтуе свет да паўторнага прыйсця Хрыста. Гэтыя словы з’яўляюцца гарантыяй узнагароды i Божай прысутнасці ў нашым жыцці, калі мы будзем адкрытымі на тых «найменшых», якія патрабуюць дапамогі. Молячыся да Бога за духоўна ўсыноўленае дзіця, мы дапамагаем самому Хрысту, які жыве ў сваім Касцёле. + Каталіцкія Біскупы Беларусі
|
Адноўлена 13.07.2009 16:05 |