Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каталіцкія Біскупы Беларусі звярнуліся з лістом да Святога Айца Бэнэдыкта XVI |
Яго Святасць Папа Бэнэдыкт XVI Ватыкан Ваша Святасць, Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, занепакоены жорсткімі беспадстаўнымі нападкамі, якія апошнім часам назіраюцца ў многіх краінах на Вашу Паважаную і Шаноўную Асобу, Пятра нашага часу і Яго навучанне. Мы не згаджаемся з іх зместам і метадамі. Мы кіруем да Вашай Святасці сардэчныя выразы салідарнасці, падтрымку для Вашых адказных, адважных і годных пашаны рашэнняў, якія перадаюць з любоўю і мудрасцю чыстую і непарушную дактрыну Касцёла, нічога не лагодзячы, не змяняючы ці замоўчваючы. Мы, біскупы Беларусі разам з святарамі, кансэкраванымі асобамі і тымі, якія рыхтуюцца да законнага жыцця, алюмнамі абедзвюх Вышэйшых духоўных семінарый (у Гродне і Пінску) і народам, нам давераным, – усе – салідарныя з Вашай Святасцю і прагнем хаця б крыху злагодзіць нясенне крыжа, ускладзенага на плечы Вашай Святасці. Мы хочам абяцаць трывалую і арганізаваную малітоўную падтрымку і сістэматычнае вывучэнне папскага навучання. З дапамогай Марыі — Маці Касцёла — ад першай нядзелі месяца прысвечанага Ёй (31.05.2009), кожная дыяцэзія будзе прысвячаць асаблівыя малітвы і абвяшчэнні навучання Найвышэйшага Пастыра вызначаны тыдзень у цыклічным парадку: - І тыдзень месяца: Мінска-Магілёўская архідыяцэзія - ІІ тыдзень месяца: Гродзенская дыяцэзія - ІІІ тыдзень месяца: Пінская дыяцэзія - IV тыдзень месяца: Віцебская дыяцэзія «Папскае дзяжурства чування» будзе пачынацца ў нядзелю і заканчвацца ў суботу. У нядзелю, у дыяцэзіяльным марыйным санктуарыі будзе адпраўлена святая Імша ў інтэнцыі Святога Айца з «папскім навучаннем», ва ўсіх святынях на кожнай святой Імшы будзе ўзнесена малітва ў інтэнцыі Святога Айца і азнаямленне з «папскім навучаннем». У адмысловыя дні ва ўсіх святынях, катэхетычных залах «дыяцэзіі, якая чувае» адбудуцца малітоўныя сустрэчы і набажэнствы, а таксама абвешчана «папскае навучанне». Па меры магчымасцяў будуць паказаны фільмы з апостальскіх падарожжаў ці ўрачыстасцяў з удзелам Вашай Святасці. У першую нядзелю месяца святая Імша, якая транслюецца беларускім радыё на тэрыторыю ўсёй Беларусі, будзе адпраўлена ў інтэнцыі Святога Айца з абвяшчэннем «папскага навучання». У душпастырскіх аб’явах кожнай нядзельнай трансляцыі святой Імшы, будзе падавацца інфармацыя, якая дыяцэзія на даным тыдні рэалізуе «Папскае дзяжурства чування». Каталіцкія часопісы і газеты на сваіх старонках будуць прысвячаць больш месца на навучанне Папы. Святы Ойча, спадзяёмся, што наш сыноўні і душпастырскі выраз адзінства і салідарнасці на стэрэатыпы і варожасць, скіраваную да Вашай Асобы і Касцёла, стане суцехай і падтрымкай, а для нас далейшай падрыхтоўкай да спаткання з Пятром нашага часу на змучанай беларускай зямлі. Sursum corda, Святы Ойча! Няма нічога злога, што б не выйшла на добрае, бо «Ласка і міласэрнасць над Яго абранымі і над святымі Яго Провід» (Мдр 4, 15). Пакорная любоў у Праўдзе, якую Ты абвяшчаеш, гэта моц, з якой ніякая сіла не можа змерыцца. Святы Ойча, сардэчна просім, благаславі біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў, тых, хто рыхтуецца да законнага жыцця, семінарыстаў, увесь народ, давераны нашай душпастырскай апецы, а таксама творчую рэалізацыю плана «Салідарныя з Папам». За гэтую ласку сардэчна дзякуем. Адданыя ў Хрысце |
Адноўлена 13.07.2009 16:09 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.