Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на свята Святой Сям’і |
Умілаваныя ў Хрысце Пану! Святам Святой Сям’і заканчваецца чарговы год малітвы ў інтэнцыі зачатых, але яшчэ ненароджаных дзяцей. Ад усяго сэрца мы хочам падзякаваць усім тым, хто распачаў акцыю духоўнага ўсынаўлення. Вы рашыліся на працу штодзённай малітвы і выконвалі добрыя ўчынкі, каб ратаваць найменшыя і найслабейшыя чалавечыя істоты. Вы сталі на абарону тых, хто не можа сам сябе абараніць. Малітваю і ахвяраю вы ахоўвалі іх ад смяротнага прысуду, які вынеслі ім бацькі, блізкія або ўрачы. Дзякуючы вашай дзевяцімесячнай малітве шмат маці прынялі рашэнне нараджаць і выхоўваць сваіх дзяцей. Імёны і прозвішчы людзей, якія распачалі акцыю духоўнага ўсынаўлення, былі запісаныя ў спецыяльныя парафіяльныя кнігі. Памяць пра іх будзе жыць. Яны застануцца ў гісторыі як сучасныя героі, якія не паддаліся модзе, але заўсёды стаялі на варце праўды і жыцця, г. зн. на баку Бога і Евангелля Жыцця. Сучасны свет прапануе іншы стыль жыцця. Ён высмейвае ўсялякія каштоўнасці, заахвочвае пакланяцца сабе і свайму целу, забывае пра ахвяранасць, пасвячэнне. У ім расце эгаізм і адсутнасць адказнасці. Гэта вядзе да крызісу сужэнства і сям’і, што ў сваю чаргу з’яўляецца небяспекаю для зачатых дзяцей. Гэта яны, як першыя, становяцца ахвярамі моды выгоднага жыцця. Гэта для іх не хапае месца ў сэрцы бацькоў і ў секулярызаваным грамадстве, і ў выніку — аборт або смерць зачатага дзіцяці на розных этапах яго жыцця. На жаль, у наш час нават хрысціяне часта ідуць за духам гэтага свету. Умілаваныя, мы не павінны паддавацца гэтай фальшывай «мудрасці» сучаснага свету. Як веруючыя людзі, мы маем сілы, каб жыць інакш. Падмацоўваючыся Евангеллем і Целам Хрыста, узмацняючы Божую ласку ў святых сакрамэнтах, мы ў стане крочыць Божымі сцежкамі незалежна ад моды, якая пануе ў свеце. Не будзем жа забываць пра вялікую годнасць, якою мы адораныя. Мы — дзеці Божыя. Давайце будзем шанаваць і развіваць гэтую годнасць як у сабе, так і ў іншых. Будзем жа сцерагчы яе так, як Марыя са святым Юзафам сцераглі Дзіцятка Езуса. Усіх людзей, якія абвяшчаюць Евангелле Жыцця словам, малітваю і прыкладам ад усяго сэрца благаслаўляем. Каталіцкія Біскупы Беларусі |
Адноўлена 21.07.2009 15:32 |