Паведамленне з 44-га Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі |
44-ае Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адбылося 16 верасня 2010 г. у памяшканні Сакратарыята ККББ. На пасяджэнні прысутнічалі таксама Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек МІС. 1. Сабраныя абмеркавалі пытанні, звязаныя з удасканаленнем дзейнасці ККББ у Беларусі, а таксама камісій і радаў, якія ўваходзяць у яе структуру. 2. Старшыня ККББ прадставіў інфармацыю аб падрыхтоўцы да XXVI Сусветнага дня моладзі, які запланаваны на 16–21 жніўня 2011 г. і адбудзецца ў Мадрыдзе (Іспанія). Вызначаны міждыяцэзіяльны каардынатар кс. Антоні Грэмза. У кожнай дыяцэзіі таксама будзе прызначаны прадстаўнік для супрацоўніцтва з каардынатарам. Узгоднена, што адначасова — з 19 па 21 жніўня 2011 г. — у Івянцы будзе праводзіцца міждыяцэзіяльная сустрэча моладзі Беларусі, арыентаваная на тых, хто не меў магчымасці паехаць на Міжнародную сустрэчу ў Мадрыд. 3. Сабраныя абмеркавалі справу катэхетычнага навучання пры парафіях. Разважалі аб магчымасці арганізацыі катэхізацыі дзяцей і моладзі ў іншых месцах. Была звернута ўвага на неабходнасць адпаведнай падрыхтоўкі катэхетаў. 4. Прыняўшы заклік Святога Айца Бэнэдыкта XVI пра «клопат аб кожным зачатым чалавечым жыцці», біскупы вырашылі, што для кожнай парафіі ў Беларусі днём асаблівай малітвы ў гэтай інтэнцыі будзе нядзеля 28 лістапада 2010 г. 5. Сабраныя паслухалі інфармацыю аб увядзенні новых правіл арфаграфіі ў беларускай мове і аб змене назваў некаторых слоў. 6. Сабраныя прынялі рашэнне, што праграма наступнага пастырскага года будзе мець тэму «Міласэрнасць Божая — адзіная надзея свету». |
Адноўлена 16.09.2010 16:04 |