Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Віншавальны ліст біскупаў Беларусі Святому Айцу Бэнэдыкту XVI |
Мінск, 24 чэрвеня, 2011 г. Яго Святасць Святы Айцец Бэнэдыкт XVI Ватыкан Умілаваны Святы Айцец, з нагоды юбілею 60-годдзя святарскага пасвячэння Вашай Святасці просім прыняць нашыя сардэчныя віншаванні, а таксама выражэнне сыноўняй адданасці і ўдзячнасці. Каталіцкі Касцёл у Беарусі далучаецца да ўрачыстага падзячнага «Тe Deum» за 60 год вернага святарскага служэння Пятра нашага часу. Гэтая паслуга была напоўнена мужным абвяшчэннем Божага слова і навучаннем «у спрыяльны і неспрыяльны час» (пар. 2Цім 4, 2), распаўсюджваннем і абаронай хрысціянскіх каштоўнасцяў, шматлікімі навуковымі трактатамі, асвячэннем Божага люду праз цэлебрацыю сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі, а таксама мудрым кіраваннем Касцёлам у духу любові. 60 гадзін адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў парафіях і манаскіх супольнасцях Беларусі, а таксама пілігрымка да Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай на галоўныя ўрачыстасці 1–2 ліпеня пройдуць у інтэнцыі Вашай Святасці. Адаруючы Эўхарыстычнага Хрыста і молячыся ля стопаў Марыі, дзякуем Богу за дар святарства Вашай Святасці і святарскае служэнне. Няхай праз заступніцтва Марыі — Маці святароў — Найвышэйшы Святар Езус Хрыстус адорвае Вашу Святасць патрэбнымі дарамі і благаславіць Вашаму вернаму служэнню паўсюднаму Касцёлу ў час небяспечных выклікаў, якія ставіць сучасны свет. Ad multos annos! З малітвай, выражэннем павагі і просьбай аб благаслаўленні біскупы Беларусі. |
Адноўлена 24.06.2011 18:03 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.