«Стаўшы бацькамі, сужэнцы атрымліваюць ад Бога дар новай адказнасці. Іх бацькоўская любоў павінна стаць для дзяцей бачным знакам той самай любові Бога, „ад якой бярэ назву ўсялякае бацькоўства на небе і на зямлі”». (Familiaris consortio 15)
Да духавенства, кансэкраваных асоб, вернікаў Касцёла i людзей добрай волі
Трываючы ў радасці свята Нараджэння Пана, яшчэ раз лучымся з вамі, запэўніваючы ў нашай айцоўскай любові да вас. Прыйсце на свет Езуса Хрыста ў постаці чалавека з’яўляецца радаснай падзеяй, якая дае пачатак новай гісторыі чалавецтва. Нараджэнне Езуса суправаджае шмат акалічнасцяў, якія маюць небяспечны характар. Калі паглядзім на ўмовы, у якіх Марыі прыходзіцца нараджаць Збаўцу свету, то трэба было б назваць іх крайне ўбогімі і небяспечнымі для здароўя немаўляці. Затым бачым, як Святая Сям’я ўцякае ў Егіпет, абараняючы такім чынам жыццё Езуса. Сёння ў Евангеллі чытаем пра падзеі, якія для Марыі і Юзафа, бацькоў Езуса, былі звязаны з вялікім перажываннем, з чым сустракаюцца многія бацькі, якія губляюць сваіх дзяцей. Бачым таксама, як вельмі сур’ёзна браты і сёстры падыходзяць да адказнасці за новае жыццё Марыі і Юзафа. Яны ведаюць, што з’яўляюцца бачным знакам любові Бога да чалавека.
Згадваючы сёння Святую Сям’ю, шукаючы ў ёй прыклад для сучасных бацькоў, немагчыма прамаўчаць пра адказнасць за жыццё Езуса, якую мелі Марыя і Юзаф з самага пачатку, з моманту зачацця.
Сённяшняе свята з’яўляецца магчымасцю прыгадаць усіх тых, хто праз штодзённую малітву на працягу дзевяці месяцаў прысвячае свой час дзіцяці, якое знаходзіцца пад сэрцам маці і якому пагражае забойства. Ужо на працягу многіх гадоў у нашай краіне мы заахвочваем да ўдзелу ў «Духоўным усынаўленні», якое з аднаго боку з’яўляецца формай асвячэння чалавека, які распачынае гэтую справу, а з другога боку — удзелам у абароне жыцця ва ўлонні маці. Гэта таксама асаблівая адказнасць перад Стварыцелем за выкарыстанне або марнаванне гэтага дару, дадзенага нам Богам, дару чалавечай любові.
За малітву на працягу дзевяці месяцаў у гэтых інтэнцыях i шматлікія ахвяры многіх тысяч хрысціянаў у Беларусі, якія ахвотна далучыліся да гэтай справы, хочам выказаць нашую шчырую ўдзячнасць. Многія з вас, нягледзячы на перашкоды i іншыя абавязкі, без ваганняў сталі ў абарону жыцця. Верым, што малітвы за яшчэ не народжаных дзяцей, якім пагражае забойства, прыносяць канкрэтны плён. Верым, што справа «Духоўнага ўсынаўлення» ў форме малітвы дадае адвагі i надзеі маці, якія чакаюць патомства, і асабліва тым бацькам, якія па розных прычынах вагаюцца дазволіць іх дзіцяці прыйсці на свет.
Стаючы на парозе Новага 2013 года, заахвочваем вас словамі св. апостала Паўла: «Па-над усё апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці. A сэрцамі вашымі няхай кіруе Хрыстовы спакой…» Няхай Новы год прынясе вам новыя сілы i новы запал у прыняцці адказнасці за цывілізацыю жыцця, баронячы яго з самых першых хвілінаў аж да натуральнай смерці. Вера ў нараджэнне Езуса Хрыста няхай учыніць вас здольнымі прыняць на сябе важнае служэнне на карысць жыцця чалавечай асобы.
Няхай ва ўсіх гэтых намаганнях, ініцыятывах спадарожнічае вам нашае пастырскае благаслаўленне, якое вам ад усяго сэрца ўдзяляем.
Каталіцкія Біскупы Беларусі
Біскуп Аляксандр Кашкевіч Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Біскуп Антоні Дзям’янка Генеральны Сакратар ККББ Старшыня Рады па справах сям’і пры ККББ
Паведамленне трэба прачытаць ва ўсіх касцёлах Беларусі ў свята Святой Сям’і, 30 снежня 2012 г.
|