Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Паведамленне з 57-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі |
17 чэрвеня 2014 г. у Душпастырскім цэнтры ККББ у Мінску адбылося 57-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, на якім прысутнічалі ўсе члены і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. У пасяджэнні прыняў удзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які прыбыў разам з арцыбіскупам на пенсіі з Вероны Флавіо Робэрто Караро OFMCap.
Італьянскі іерарх прывітаў прысутных і выказаў сваю ўдзячнасць за магчымасць сустрэцца з епіскапатам Беларусі, а таксама запэўніў у сваёй малітоўнай падтрымцы. Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч распавялі прысутным пра Каталіцка-Праваслаўны Форум «Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскіх Цэрквам у Еўропе», які адбыўся 2-6 чэрвеня 2014 г. у Мінску. Сабраныя прынялі рашэнне аб увядзенні ў ІІ, ІІІ і ІV-ай Эўхарыстычных малітвах, зацверджаных Кангрэгацыяй Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, дадатку «…і Св. Юзафам, яе абраннікам…». На падставе галасавання быў абраны віцэ-старшыня ККББ. Ім стаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Адносна ўказання Кангрэгацыі па справах Духавенства біскупы пастанавілі, каб у літургічных календарах усіх дыяцэзій было пазначана, што Дзень святасці святароў адзначаецца ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якая ў гэтым годзе прыпадае на 27 чэрвеня. Сабраныя падтрымалі правядзенне фестывалю хрысціянскіх фільмаў «Магніфікат». Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў пастанавіла ў нядзелю 3 жніўня ва ўсіх святынях краіны прызначыць аднаразовыя ахвяры на падтрымку фестывалю. Таксама былі абмеркаваны арганізацыйныя пытанні адносна пілігрымак у Святую Зямлю і ў санктуарыі Беларусі ў летні перыяд. Біскупы падзякавалі дырэктару пастаральнага цэнтра кс. Эдмунду Друзу TChr за яго ахвярную і плённую 3-гадовую працу на гэтай адказнай пасадзе і пажадалі Божага благаслаўлення ў выкананні абавязкаў правінцыяла Нямецка-Галандска-Італьянска-Венгерскай правінцыі таварыства хрыстусоўцаў. Сабраныя абмеркавалі шлях перэгрынацыі крыжа і абраза Маці Божай Сусветнага дня моладзі. Наступнае пленарнае пасяджэнне ККББ запланавана на 20 лістапада 2014 года. |
Адноўлена 03.02.2016 17:00 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.