Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святкаванне 300-годдзя кансэкрацыі мінскай архікатэдры
Анонсы
08.10.2010 12:51

У суботу 9 кастрычніка 2010 г. у Мінску адбудзецца святкаванне 300-годдзя кансэкрацыі сённяшняга Архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (пл. Свабоды, 9). Дэвіз святкавання — «Gaudium et spes» («Радасць і надзея»). Святочныя мерапрыемствы распачнуцца ў 12.00.

Святкаванню папярэднічала правядзенне спецыяльнай 9-дзённай навэнны ва ўсіх парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У мінскай архікатэдры яна ўключала ружанцовую малітву, святыя Імшы і штодзённае агучванне рэфератаў на эклезіялагічную, іерархічную, літургічную або гістарычную тэматыку.

У святкаванні, акрамя душпастыраў і вернікаў Беларусі, прымуць удзел шматлікія госці з-за мяжы. У сувязі з гэтым урачыстая літургія 9 кастрычніка будзе цэлебравацца на лацінскай мове.

На вуліцы каля святыні будзе ўстаноўлены святлодыёдны экран.


Даведка

Касцёл быў заснаваны айцамi езуiтамi 31 лiпеня 1700 г. Яго кансэкрацыю здзейснiў бiскуп Вiленскi Канстанты Казiмiр Бжастоўскi 16 сакавiка 1710 г.

28 красавiка 1798 г. святыні была нададзена годнасць катэдральнага касцёла. З красавiка 1905 г. пэўны час пробашчам катэдры быў ксёндз Зыгмунт Лазiнскi.

У пасляваенны часы касцёл быў адабраны ў вернікаў i перададзены пад «Дом фiзкультуры». У 1951 г. святыня была цалкам спустошана i перабудавана.

9 снежня 1993 г. паводле пастановы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь будынак мiнскай катэдры быў вернуты католiкам. Рэстаўрацыя святыні была здзейснена шмат у чым дзякуючы намаганням кардынала Казіміра Свёнтка.

21 кастрычніка 1997 г. адбылася ўрачыстая рэкансэкрацыя святыні, у якой прынялі ўдзел 4 кардыналы (у тым ліку — папскі легат кардынал Эдмунд Шока), 7 біскупаў, каля 100 святароў, а таксама шматлікія вернікі.

Мінская архікатэдра з’яўляецца адной з найстарэйшых святынь, што захаваліся ў беларускай сталіцы на сённяшні дзень.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.