Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Святая ў Пану святыня». Мінская архікатэдра адзначыла 300-гадовы юбілей кансэкрацыі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.10.2010 18:14

Мінская архікатэдра адзначыць 300-годдзе кансэкрацыі — яшчэ не так даўно анансіравалі сродкі масавых камунікацый. Неўзабаве надышоў час 9-дзённай навэнны, якая стала малітоўнай падрыхтоўкай да ўрачыстасці. А сёння, 9 кастрычніка 2010 г., прыгажуня катэдра, нібы маладая сужонка, уся светлая і ўрачыстая сабрала шматлікае духавенства і каля 2 тысяч вернікаў. Святыня не магла змясціць усіх вернікаў, таму большая іх частка назірала за набажэнствам на вялікім экране побач з архікатэдрай.

Вялікую радасць беларускай каталіцкай супольнасці прынесла малітоўная лучнасць Святога Айца Бэнэдыкта XVI, які накіраваў на гэтую ўрачыстасць свайго пасланца кардынала Юзафа Томко.

У гэты дзень у архікатэдры, гісторыя якой сімвалізуе гісторыю ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, сабраліся душпастыры з Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі. Святую Імшу, якую ўзначаліў кардынал Юзаф Томко, канцэлебравалі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек, ардынарый дыяцэзіі Святога Юзафа ў Іркуцку біскуп Кірыл Клімовіч, арцыбіскуп Каўнаскі Сігітас Тамкявічус, біскуп Вільнюскі Арунас Понішкайціс, біскуп Луцкі Маркіян Трафімяк, біскуп Блажэй Марыян Крушыловіч з Польшчы, а таксама святары з Беларусі і Літвы.    

На ўрачыстасці таксама прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўнай улады на чале з намеснікам Главы Адміністрацыі Прэзідэнта РБ Наталляй Пяткевіч, прадстаўнікі дыпмісій, свету навукі і культуры.

Перад цэлебрацыяй урачыстай літургіі каля брамы святыні папскага легата прывіталі прысутныя іерархі, пасля чаго пад гукі аргана, спеў і апладысменты духавенства ў працэсіі ўвайшло ў архікатэдру.

На пачатку літургіі кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі зачытаў Паведамленне аб прызначэнні папскага пасланца на святкаванне 300-годдзя кансэкрацыі мінскай архікатэдры. У гэтым дакуменце папа Бэнэдыкт XVI даручае свайму легату заахвоціць усіх удзельнікаў урачыстасці «старанна наследаваць жыццё Хрыста, бо належыць, каб кожны з адноўленай руплівасцю выяўляў асаблівую любоў да Хрыстовага Касцёла і Евангелля, а таксама штодзённа палымнеў цнотаю веры».

 Адкрыць у новым акне Download (2Мб)
 

Сапраўдным знакам пашаны з боку Пантыфіка і яго легата да беларускага народа і яго культуры, як адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч, стала тое, што ватыканскі іерарх прамовіў гамілію на беларускай мове.

Напачатку кардынал Томко нагадаў хвалюючую гісторыю святыні — сэрца Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Іерарх падкрэсліў, што сённяшняе свята — гэта не толькі даніна памяці архітэктурнаму помніку, але і падзяка Богу за свабоду веравызнання і адраджэнне Касцёла ў Беларусі.

«У сваім доме Бог чакае нас у самыя важныя моманты нашага жыцця, падчас хросту — нашага і нашых блізкіх, у святой Камуніі, у сакрамэнце канфірмацыі, сужэнства, падчас пахавання. Аднак таксама і ў споведзі, у адданай малітве, у кароткіх і працяглых сустрэчах з Богам. Гэта — дом Божы, і ў той жа час месца, якое належыць вернікам. Тут зямля спалучаецца з небам, тут чалавеку лягчэй знайсці Бога, асабліва ў часы цяжкасцяў ці прыгнёту», — адзначыў папскі легат і заклікаў праслаўляць Пана не толькі ў старажытных святынях, але і ў сваіх сэрцах, якія з’яўляюцца святынямі Духа Святога.

На заканчэнне гаміліі кардынал Томка перадаў прысутным вернікам заклік Бэнэдыкта XVI узрастаць у камуніі і адзінстве вакол сваіх пастыраў і арцыбіскупа Мітрапаліта.

Поўны тэкст гаміліі >>>

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)
 

Эўхарыстычнай літургіі папярэднічала працэсія з дарамі. «Прыносім да алтара ўсю нашу гісторыю, — гучала ў каментарыях да працэсіі. — Спадчына, якую атрымалі, дапамагае цаніць яе і дзякаваць Богу за тое, што мы маем сёння».

Да алтара была прынесена таксама дошка з імёнамі святароў, якія працавалі ў гэтай святыні з часу яе заснавання і да 1945 г. Прыносячы ў працэсіі з дарамі Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, альбом і падручнік, вернікі дзякавалі Найвышэйшаму за свабоду веравызнання. Сярод дароў былі таксама арнаты на ўсе перыяды літургічнага года, якія сімвалізавалі тое, што падчас літургіі чалавек пазнае таямніцу веры.

Перад заканчэннем літургіі намеснік Главы Адміністрацыі Прэзідэнта РБ Наталля Пяткевіч зачытала словы віншавання Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, скіраваныя да вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. «Няхай і надалей архікатэдральны касцёл дапамагае людзям усведамляць сваю існасць, выхоўваць пачуцці міласэрнасці і любові, заахвочвае іх самааддана служыць нашай Радзіме», — адзначаецца ў віншаванні.

 Адкрыць у новым акне Download (1Мб)
 

Словы прывітання і віншавання перадаў каталіцкай супольнасці, сабранай на ўрачыстасці, і Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт. У звароце праваслаўнага іерарха, які зачытаў протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, прагучалі пажаданні міру, дабрабыту і жывой веры. Ад імя Мітрапаліта Філарэта а. Шымбалёў уручыў кардыналу Томко абраз Усіх Беларускіх Святых і кнігу аб Беларускай Праваслаўнай Царкве.

 Адкрыць у новым акне Download (2Мб)
 

Напрыканцы ўрачыстай Эўхарыстыі, якая стала кульмінацыйным пунктам святкавання юбілею катэдры, Мітрапаліт Кандрусевіч падзякаваў Богу і апякунцы гэтай святыні — Найсвяцейшай Панне Марыі. Арцыпастыр выказаў таксама падзяку Святому Айцу Бэнэдыкту XVI за тое, што накіраваў свайго легата кардынала Юзафа Томко, што, як адзначыў, «з’яўляецца бачным знакам клопату Пантыфіка пра Касцёл у Беларусі».

 Адкрыць у новым акне Download (3Мб)
 

Да кардынала Томко звярнуліся і прадстаўнікі парафіі, якія падзякавалі іерарху за цэлебрацыю святой Імшы. Як было адзначана, прысутнасць папскага легата на гэтай урачыстасці з’яўляецца знакам паўсюднасці Касцёла. Прадстаўнікі парафіі таксама папрасілі кардынала Томко перадаць Святому Айцу запрашэнне наведаць Беларусь: «Мы вельмі моцна чакаем яго ў гэтай катэдры». Гэтыя словы выклікалі працяглыя апладысменты прысутных.

 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)
 

Вельмі роднымі і блізкімі для многіх з тых, хто сабраўся ў архікатэдры, сталі словы кардынала Казіміра Свёнтка, які ў гэты час знаходзіцца ў шпіталі, але перадаў сваё прывітанне ў пісьмовай форме. Кардынал узгадаў гісторыю мінскай архікатэдры, якую бачыў сваімі вачамі і да гэтага часу захоўвае ў памяці і ў сваім сэрцы. Аднак сёння найстарэйшы беларускі іерарх заклікае радавацца, праслаўляць Божы Провід і спяваць «Цябе, Бога, праслаўляем...».

Слова кардынала Казіміра Свёнтка >>>

 Адкрыць у новым акне Download (2Мб)
 

На заканчэнне літургіі кардынал Юзаф Томко перадаў арнат — падарунак Бэнэдыкта XVI, які, як адзначыў, «прысутны сярод нас са сваім апостальскім благаслаўленнем».

 Адкрыць у новым акне Download (2Мб)
 

Валянціна Крутая


www.tvr.by


www.ont.by

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.