Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Зярнятка» — новы праект на Catholic.by

На Catholic.by  з’явіўся праект  «Зярнятка» — штотыднёвае выданне Евангелля разам з  дадаткам — заданнямі да яго. Мэта «Зярнятак» — дапамога ў евангелізацыі дзяцей. Гэта дапаможны матэрыял, якім могуць карыстацца катэхеты і катэхеткі.

Выпускі «Зярнятка» знаходзяцца ў раздзеле Разважанні над Божым словам, разам з папярэднімі маецца выпуск на надыходзячую нядзелю, які ўжо можна спампаваць і карыстацца.

Ідэя і ажыццяўленне праекта належыць с. Крыспіне Янэцкай MSF.

Гісторыяй з’яўлення і развіцця «Зярнятка» з чытачамі жадае падзяліцца Аня Шакель з парафіі Св. Казіміра ў Маладзечне, якая разам з сяброўкамі  бярэ ўдзел у стварэнні своеасаблівага выдання з тэкстам Евангелля на кожную нядзельную Імшу:

«Аднойчы на Імшы я сядзела і перабірала маленечкія паперачкі з малітвамі і спевамі, якія знайшла на лаве. Побач са мной сядзела дзяўчынка год сямі. Калі яна заўважыла гэта, радасна прамовіла: «О! Я такую зярнятку маме вазьму!»

З’явіўся гэты цуд — штотыднёвая газетка для дзяцей — у Польшчы. Там убачыла яго падчас хатніх вакацый с. Крыспіна Янэцкая MSF і адразу прывезла ідэю на сваё месца працы, у Маскву. Першы выпуск «Зёрнышка» (пад такой назвай «Зярнятка» выходзіла ў Расіі) нарадзіўся ў 1997 годзе. І, як гэта не дзіўна, традыцыя «Зёрнышка» ў Маскве працягваецца па сённяшні дзень.

«Зярнятка» вандравала разам з с. Крыспінай Янэцкай па ўсёй Усходняй Еўропе. Яна прывозіла яго з сабой на кожнае месца працы. У Беларусь «Зярнятка» прыехала ў 2001 годзе. Зыходным пунктам стаў горад Ашмяны. Напачатку «Зярнятка» перакладалася з польскай мовы, каб Божае слова даходзіла да дзіцячых сэрцаў на зразумелай мове. Перакладчыцай была дзяўчынка Оля Рудніцкая. Калі с. Крыспіна Янэцкая пераехала ў Параф’янава (Докшыцкі раён), Оля працягвала перакладаць тэксты і заданні. А малюнкі рабіла мясцовая дзяўчынка Аксана Ючкавіч.

Цікава, што ў Параф’янаве «Зярнятка» пачало шырэй распаўсюджвацца. Яго чакалі ў розных кутках Беларусі, куды яно трапляла па электроннай пошце. Адной з такіх мясцін стаў горад Маладзечна — наступны пункт працы с. Крыспіны Янэцкай і выдання «Зярнятка». Калі дагэтуль сястра рабіла «Зярнятка» цалкам сама, то ў Маладзечне сваю працу  падзяліла з іншымі сёстрамі.

А ў гэтым годзе  заданне перайшло ў рукі моладзі парафіі. Рэдакцыя — Света Сарока, Света Станкевіч, Каця Крыжэўская і Аня Шакель — збіраюцца дома ў сясцёр кожны тыдзень, каб абмеркаваць новы нумар «Зярнятка».

Гэта даволі цяжкая праца, але, калі бачыш яе плён, усё атрымліваецца з ахвотай і радасцю. «Зярнятка» дзеці парафіі Св. Казіміра ў Маладзечне атрымліваюць на нядзельнай святой Імшы. Неверагодна прыемна чуць, раздаючы гэтыя паперачкі: «А можна мне яшчэ адно, браціку?», «А ў вас застануцца яшчэ некалькі? Бо ў мяне сяброўка папрасіла!», «А мы дома ўсёй сям’ёй заданні выконваем! Хутчэй за ўсё вы здзівіцеся, калі даведаецеся, што не толькі дзеці просяць «Зярнятка». Пасля Імшы нярэдка можна пачуць і  дарослых: «Ой, слухайце, а можна і я вазьму? Мне так падабаецца! Хоць у мяне дзяцей няма, але па магчымасці заўсёды стараюся атрымаць!»

У маладзечанскай парафіі дзеткі прызвычаіліся называць усе малыя паперачкі, што нагадваюць ім знаёмую газету, зярняткамі.

Цяпер ёсць добрая магчымасць для вас і вашых дзетак чытаць і выконваць заданні «Зярнятка» на Сatholic.by! Няхай Божае слова будзе ў кожных руках!»

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.