Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кананізацыя благаслаўлёных Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ — 27 красавіка 2014 г.
Дзяржава Ватыкан
30.09.2013 13:09

Кананізацыя благаслаўлёных Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ адбудзецца 27 красавіка 2014 г., у Нядзелю Божай Міласэрнасці. Аб гэтым паведаміла Прэс-служба Апостальскай Сталіцы па выніках кардынальскага кансісторыя, які правёў 30 верасня Святы Айцец.

Спалучэнне кананізацыі двух Пантыфікаў было асабістым жаданнем Папы Францішка. Кардынал Анджэло Амата, прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, каментуючы гэты факт, адзначыў нядаўна, што Ян XXIII быў вялікім прарокам і ініцыятарам Другога Ватыканскага Сабору, а Ян Павел II рэалізаваў яго на практыцы і развіў ва ўсіх кампанентах і ўсім патэнцыяле. Паводле іерарха, гэтыя дзве асобы з’яўляюцца стаўпамі не толькі хрысціянскай культуры, але і хрысціянскай святасці.

Святы Айцец ужо раней гаварыў пра Нядзелю Божай Міласэрнасці як верагодны тэрмін кананізацыі. Падчас прэс-канферэнцыі ў самалёце на зваротным шляху з Бразіліі, дзе праходзіў Сусветны дзень моладзі, Папа падзяліўся з журналістамі, што гэта, на яго думку, быў бы адпаведны час. Спачатку ўрачыстасці планаваліся на познюю восень гэтага года, але, на думку Папы, у гэты час падарожжа для многіх пілігрымаў з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы стала б небяспечным з-за складаных умоваў надвор’я: гаворка ішла пра «не вельмі заможных» пілігрымаў, якія адправяцца ў Рым на аўтобусах, а такіх будзе большасць.

5 ліпеня 2013 г. са згоды Папы Францішка Кангрэгацыя па справах Кананізацыі выдала дэкрэт аб прызнанні цуду праз заступніцтва бл. Яна Паўла II. У выпадку Яна XXIII Пантыфік зрабіў выключэнне і пагадзіўся з кананізацыяй, прыняўшы пад увагу цуд, які быў зацверджаны для яго беатыфікацыі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.