Пачалася другая сустрэча Рады кардыналаў для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам |
Дзяржава Ватыкан
|
04.12.2013 11:33 |
3 снежня ў Ватыкане пачалася другая сустрэча Рады кардыналаў для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і вывучэнні праекту рэфармавання Рымскай Курыі. У ёй прынялі удзел Папа, 8 кардыналаў, а таксама сакратар гэтай нядаўна створанай структуры біскуп Марчэло Сэмерара.
Раніцай гэтaга дня яны ўдзельнічалі ў Эўхарыстыі, якую ўзначаліў Пантыфік.
Пасяджэнні Рады кардыналаў будуць праходзіць да 5 снежня з 9.00 да 12.30 у першай палове дня і з 16.00 да 19.00 па рымскім часе ў другой.
Пасля першага пасяджэння, 1-3 кастрычніка, кардыналы працавалі над дакументамі, аналізавалі заўвагі і прапановы, у першую чаргу атрыманыя падчас кантактаў з епіскапатамі з розных куткоў планеты. Новае пасяджэнне пачалося з разгляду прапаноў рэфармавання Рымскай Курыі, якія паступалі падчас агульных кангрэгацый кардыналаў напярэдадні канклаву.
Як паведаміў старшыня Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі, гаворка ідзе не проста пра папраўкі ў дакумент “Pastor bonus”, які тычыцца працы і місіі Рымскай Курыі, але пра стварэнне цалкам новай канстытуцыі на гэту тэму.
Удзельнікі Рады кардыналаў размеркавалі паміж сабой розныя тэмы для вывучэння, паводле кампетэнцыі і досведу кожнага. Метад працы, выбраны кардыналамі, заключаецца ў пачарговым разглядзе дзейнасці кожнага з ватыканскіх ведамстваў. Першай была абмеркавана сітуацыя Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.
У бліжэйшыя дні члены Рады кардыналаў плануюць сустрэцца з новым Дзяржсакратаром, арцыбіскупам Пьетро Паралінам, каб прывітаць яго і павіншаваць з прызначэннем. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|