Падчас надзвычайнага кансісторыя ў Ватыкане на тэму сям’і Папа Францішак і Калегія кардыналаў асаблівым чынам маліліся за шматлікіх хрысціян, якія ўсё часцей становяцца ахвярамі актаў нецярпімасці і пераследу ў розных частках свету. Як паведаміў у спецыяльнай заяве старшыня Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі, тым, хто пакутуе дзеля Евангелля, Святы Айцец і кардыналы паабяцалі пастаянную малітву і заклікалі цвёрда стаяць у веры і дараваць сваім ганіцелям.
На кансісторыі была таксама выказана салідарнасць з народамі, якіх раздзіраюць унутраныя канфлікты або сур’ёзная напружанасць: гаворка ідзе пра Паўднёвы Судан і Нігерыю, дзе працягваюцца напады, якія забіраюць шмат нявінных жыццяў, і дзе, у той жа час, пашыраецца клімат абыякавасці.
Была выказана “асаблівая заклапочанасць” “драматычнай эвалюцыяй сітуацыі ва Украіне”, прагучаў заклік “аператыўна спыніць насілле і аднавіць гармонію і мір”.
Занепакоенасць Папы і кардыналаў звязана таксама з сітуацыяй у Сірыі і ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, дзе ўсё больш і больш актуальнай становіцца ініцыятыва міжнароднай супольнасці па забеспячэнні спакою і прымірэння ўнутры гэтых краін, аднаўлення бяспекі і вяршэнства закона.
Многія канфлікты падаюцца памылкова як рэлігійныя, але ў першую чаргу іх карані маюць этнічнае, палітычнае ці эканамічнае паходжанне, як гаворыцца ў заяве. Дадаецца, што Каталіцкі Касцёл асуджае ўсе віды насілля ў імя рэлігійнай прыналежнасці і будзе працягваць падтрымліваць імкненне да міру і паяднання праз міжрэлігійны дыялог і шматлікія дабрачынныя ініцыятывы ў любым пункце свету. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|