“Чалавекам міру” назваў забітага ў Сірыі святара кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі. Айцец Франс ван дэр Люгт, які належаў да Ордэну езуітаў, быў вядомай асобай у блакаваным горадзе, які паўстанцы ўтрымліваюць ужо амаль два гады. Па словах сведкаў, 7 красавіка ў кляштар езуітаў у Хомсе зайшоў чалавек, вывеў яго на вуліцу і двойчы стрэліў яму ў галаву перад домам.
“Памёр чалавек міру, які паказаў велізарную смеласць, застаючыся верным сірыйцам, нягледзячы на небяспечную і нялёгкую сітуацыю, - заявіў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы. - Там, дзе гінуць людзі, з імі гінуць і іх верныя пастыры”.
Айцец ван дэр Люгт застаўся ў Хомсе нават тады, калі сёлета 1400 чалавек былі эвакуяваныя з горада пад наглядам ААН. Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый асудзіў забойства галандскага езуіта, які працаваў у Сірыі амаль 50 гадоў. Пан Гі Мун заявіў, што святар “гераічна стаяў побач з сірыйскім народам”.
Таксама Кангрэгацыя па справах Усходніх Касцёлаў заклікала лідараў супрацьлеглых бакоў і міжнародную супольнасць прыкласці ўсе намаганні для спынення канфлікту, вынікам якога стала велізарная колькасць нявінных ахвяр і пастаянны паток бежанцаў.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|