Апостальская Сталіца заклікала вызваліць нігерыйскіх школьніц |
Дзяржава Ватыкан
|
09.05.2014 12:52 |
Святы Пасад далучыўся да закліку аб вызваленні мусульманскіх школьніц, выкрадзеных у Нігерыі, асудзіўшы гэты “чарговы акт страшнага насілля”, якое пашыраюць у афрыканскай краіне тэрарысты ісламскай групоўкі “Бока Харам”. Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі падкрэсліў, што выкраданне нявінных дзяўчынак выклікае велізарнае спачуванне, таму што не вядома, наколькі вялікаму прыніжэнню, насіллю, фізічнаму і духоўнаму, яны падвергліся з боку выкрадальнікаў.
“Мы далучаемся да заклікаў да іх вызвалення і як мага хутчэйшага вяртання да нармальнага жыцця”, - сказаў святар і запэўніў таксама ў малітве за Нігерыю, каб неадкладна пакласці канец канфлікту і тэрарызму, які з’яўляецца крыніцай столькіх пакут.
На працягу апошніх двух нападаў ісламісты выкралі больш за 200 школьніц. Падобныя інцыдэнты адбыліся таксама ў мінулым годзе, многія з ахвяраў да гэтага часу не вярнуліся дадому.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|