Увечары 8 чэрвеня ў Ватыканскіх садах прайшла вячэрняя малітва за мір у Святой Зямлі і ў свеце з удзелам Папы Францішка, Патрыярха Канстанцінопальскага Барталамея, прэзідэнтаў Ізраіля і Палестыны Шымона Перэса і Махмуда Абаса. Сустрэча пачалася словамі: “Няхай Пан дасць вам спакой! Мы сабраліся ў гэтым месцы, ізраільцяне і палестынцы, юдэі, хрысціяне і мусульмане, каб узняць нашы малітвы за мір для Святой Зямлі і ўсіх яе жыхароў”.
Малітва мела тры часткі, кожная з якіх была аддадзена адной з трох рэлігійных супольнасцяў: юдэйскай, хрысціянскай і ісламскай.
На заканчэнне перад знакам супакою і пасадкай аліўкавага дрэва слова ўзялі Папа Францішак, Шымон Перэс і Махмуд Абас.
Святы Айцец падзякаваў прэзідэнтам і Патрыярху Барталамею за прыняцце запрашэння. Пантыфік адзначыў, што ахвяры канфліктаў і будучыя пакаленні патрабуюць ад адказных за сучасны свет “мужнасці міру”, падкрэсліў, што значна больш мужнасці патрэбна, каб заключыць мір, чым весці вайну. Па словах Папы, чалавечай сілы ў гэтай справе не дастаткова і трэба прасіць дапамогі ў Бога. Пантыфік завяршыў прамову малітвай, каб Бог праз заступніцтва Панны Марыі навучыў людзей міру і даў смеласць прыняцця канкрэтных мер па яго дасягненні: “Зрабі нас здольнымі пачуць крык нашых грамадзян, якія просяць нас, каб мы замянілі зброю на прылады міру, нашы страхі на давер і напружанасць на наша прабачэнне. Падтрымлівай у нас полымя надзеі, каб з цярплівай настойлівасцю прымалі рашэнні для дыялогу і прымірэння, каб у канчатковым выніку перамог мір. Каб з сэрца кожнага чалавека былі выгнаны такія словы, як падзел, нянавісць, вайна! Пане, учыні раззбраенне языка і рук, абнаві розумы і сэрцы, каб словам нашай сустрэчы заўсёды было “брат”, а стылем нашага жыцця стала: шалом, мір, салам!”
Прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс падкрэсліў, што мір не прыходзіць лёгка, і трэба прыкласці ўсе сілы для яго дасягнення, і хутка, нават калі гэта патрабуе ахвяраў ці кампрамісаў; дадаў, што ізраільцяне і палестынцы вельмі хочуць міру. “Мы павінны пакласці канец крыкам, насіллю, канфліктам. Мы ўсе патрабуем міру, міру сярод роўных”, - сказаў ізраільскі лідар.
Палестынскі прэзідэнт Махмуд Абас, спасылаючыся на Каран, адзначыў, што Іерусалім лічыцца варотамі ў рай, і прывёў словы св. Яна Паўла II, які казаў, што “калі мір прыйдзе ў Іерусалім, то яго спазнае ўвесь свет”.
У малітве прынялі ўдзел супрацоўнікі Святога Айца: Дзяржсакратар кардынал Пьетро Паралін, дэкан Калегіі кардыналаў кардынал Анджэло Садана, старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax” кардынал Пітэр Тарксан, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|