Кіраўнік новастворанага Сакратарыяту па эканамічных пытаннях кардынал Джордж Пэл паведаміў 9 ліпеня 2014 г. аб зменах, якія закрануць ватыканскія ўстановы. Іх мэтай з’яўляецца “ліквідацыя выяўленых недахопаў і рызык” і “стварэнне новай платформы для паляпшэння эканамічнага кіравання ў будучыні”.
Па-першае, змены закрануць Адміністрацыю маёмасці Апостальскай Сталіцы. Яе Звычайная секцыя ўвойдзе ў склад Сакратарыяту па эканамічных пытаннях, што дазволіць ажыццяўляць эканамічны кантроль у дачыненні да ўстаноў Святога Пасаду, у тым ліку працэдур закупак і адпаведнага размеркавання чалавечых рэсурсаў. Іншыя структуры Адміністрацыі маёмасці засяродзяцца выключна на забеспячэнні ролі гэтай структуры як казначэйства Святога Пасаду і Ватыкана і задачах па цесных адносінах з усімі асноўнымі цэнтральнымі банкамі, у адпаведнасці з рэкамендацыямі “MONEYVAL”.
Кардынал Пэл паведаміў, што Сакратарыят па эканамічных пытаннях прызначыў тэхнічны камітэт для вывучэння становішча Пенсійнага фонду Святога Пасаду і Ватыкана. Да канца года ім будуць унесены прапановы адносна магчымых змен. Сродкаў для выплат сёння дастаткова, але Фонд павінен забяспечыць іх наяўнасць для будучых пакаленняў у зменлівых умовах. Мяркуецца, што новы статут будзе падрыхтаваны да канца 2014 г., каб адаптаваць арганізацыю Пенсійнага фонду да новай эканамічна-адміністрацыйнай структуры Апостальскай Сталіцы.
Змены закрануць таксама ватыканскія СМІ. На працягу бліжэйшых 12 месяцаў будзе апублікавана справаздача амерыканскіх экспертаў, якія праводзілі маніторынг у Ватыкане, і план рэформы медыя. Яе мэтай, заявіў ватыканскі кардынал, з’яўляецца адаптацыя да сучасных умоў, павышэнне ўзроўню каардынацыі і скарачэнне выдаткаў. Базай стануць паспяховыя інтэрнэт-ініцыятывы апошніх гадоў. Планаваннем рэформ зоймецца спецыяльны камітэт, які будзе складацца з міжнародных экспертаў і прадстаўнікоў ватыканскіх СМІ.
Кардынал Пэл паведаміў аб прызначэнні новага старшыні Назіральнай рады Інстытута рэлігійных спраў (Ватыканскага банка). Ім стаў французскі фінансіст Жан-Батыст дэ Франсю. 9 ліпеня ён змяніў на гэтай пасадзе Эрнста фон Фрэйберга. На працягу наступных трох гадоў будзе перагледжаны статут банка і яго дзейнасць. Падставай стануць тры стратэгічныя прыярытэты: умацаванне бізнес-асновы Інстытута, паступовы пераход фінансаў пад кіраванне новаствораным Упраўленнем па кіраванні ватыканскімі актывамі (Vatican Asset Management), факусіраванне Ватыканскага банка на фінансавых кансультацыях і паслугах для духавенства, парафій, дыяцэзій і супрацоўнікаў Ватыкана.
Кардынал Пэл паведаміў, што Святы Айцец ухваліў гэтыя важныя ініцыятывы. “Існуе шмат праблем, і нас чакае шмат працы наперадзе”, - заявіў іерарх падчас спецыяльнай прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў Ватыкане 9 ліпеня.
Кардынал-прэфект праінфармаваў таксама аб стварэнні невялікага бюро па кіраванні праектамі (Project Management Office), якое ўзначаліць Дэні Кейсі, які да нядаўняга часу быў бізнес-менеджэрам Сіднэйскай архідыяцэзіі. Гэта дапаможа ў рэалізацыі некаторых з прапанаваных змен. Бюро будзе падпарадкавана непасрэдна кардыналу-прэфекту.
Сакратарыят па эканамічных пытаннях у верасні 2014 г. пачне падрыхтоўку бюджэту на 2015 г. Да гэтага часу кожнае з ватыканскіх ведамстваў і структур павінна прапанаваць свой унутраны бюджэт, якога ў далейшым абавязана будзе строга прытрымлівацца.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|